За першы год працы ў службу дэмакратычных сілаў «Адно вакно» зьвярнуліся па дапамогу беларускія грамадзяне з 28 краінаў, паведамляе служба ў сваім прэс-рэлізе.
40% зваротаў паступіла зь Беларусі, пры гэтым за першае паўгодзьдзе доля такіх кантактаў склала 20%. Сярод іншых краінаў больш за ўсё зваротаў у службу паступіла ад беларусаў Польшчы і Літвы.
Служба «Адно вакно» пачала працу ў канцы кастрычніка 2023 году як арганізацыя, што дапамагае беларусам, якія сутыкнуліся з рэпрэсіямі ў Беларусі праз сваю грамадзянскую пазыцыю, а таксама іх блізкім. За год існаваньня служба істотна пашырыла сфэры інфармацыйнай дапамогі. Цяпер зьвярнуцца на лінію могуць і людзі, якія апынуліся ў цяжкай фінансавай сытуацыі, якія маюць патрэбу ў юрыдычнай дапамозе, якія жадаюць аформіць льготы і надбаўкі, скласьці скаргу, адстаяць свае правы і інш., гаворыцца ў рэлізе.
Самымі папулярнымі запытамі ў службу «Адно вакно» за гэты год былі:
- юрыдычныя кансультацыі і прававая падтрымка;
- продаж нерухомасьці, пытаньні спадчыны, афармленьне даверанасьцяў;
- пытаньні перасячэньня мяжы, легалізацыі, атрыманьня і падаўжэньня тэрміну дзеяньня дакумэнтаў за мяжой;
- пошук працы, працоўныя правы, спрэчкі з працадаўцамі;
- фінансавая дапамога (праблемы з працай, выплата крэдытаў);
- мэдычныя пытаньні і псыхалягічная дапамога (пошук спэцыялістаў, афармленьне інваліднасьці і інш.);
- пытаньні, зьвязаныя зь дзецьмі (дапамога дзецям з інваліднасьцю, адукацыя, афармленьне дакумэнтаў, псыхалягічная дапамога і інш.);
- пытаньні, зьвязаныя з разводамі (падзел маёмасьці, алімэнты, апека);
- камунальныя і побытавыя праблемы.
«У запытах на нашу лінію шмат трывогі, часам адчаю і самых розных эмоцыяў. Таму нашы апэратаркі надаюць ня толькі інфармацыйную, але і эмацыйную падтрымку. Вядома, ня ў кожнай сытуацыі ёсьць простае рашэньне, наша задача ў тым, каб знайсьці, сабраць разам і даць усю неабходную інфармацыю для вырашэньня пытаньня», — адзначыла кіраўніца службы Вольга Гарбунова.
Зьвярнуцца ў службу «Адно вакно» можна з дапамогай онлайн-званка ці чата з апэратарам. Юрыдычную дапамогу можна атрымаць на гарачай лініі «Аднаго вакна». Доступ зь Беларусі (без VPN) — па спасылцы, доступ зь іншых краін — тут.
Тэкставыя запыты прымаюць у асабістыя паведамленьні ў Інстаграме, у Фэйсбуку, у тэлеграм-боце або па электроннай пошце help@by.social.
Службу «Адно вакно» запусьціла ў кастрычніку 2023 году прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага пераходнага кабінэту Беларусі.
Стваральнікі службы называюць адной зь яе галоўных перавагаў тое, што беларусам больш ня трэба самастойна шукаць інфармацыю ці карыстацца чат-ботамі — ім адказваюць жывыя людзі. «Адно вакно» абяцае ня толькі даваць кансультацыю, але і прапаноўваць варыянты канкрэтных дзеяньняў у кожнай асобнай сытуацыі, застаючыся на сувязі, пакуль праблема ня будзе вырашаная.
Форум