Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МКС абвінаваціў Манголію ў невыкананьні абавязаньняў, бо не арыштавала Пуціна


Уладзімір Пуцін зь візытам у Манголіі. Архіўнае фота
Уладзімір Пуцін зь візытам у Манголіі. Архіўнае фота

Міжнародны крымінальны суд (МКС) абвінаваціў Манголію ў невыкананьні абавязаньняў за адмову арыштаваць прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна ў пачатку верасьня 2024 году.

Манголія, не арыштаваўшы Пуціна і ня выдаўшы яго суду, ня выканала просьбу суду аб супрацоўніцтве ў гэтым пытаньні, што супярэчыць палажэньням Рымскага статуту і перашкодзіла суду ажыцьцяўляць свае функцыі і паўнамоцтвы, гаворыцца ў заяве Палаты папярэдняга вядзеньня суду.

У МУС указваюць, што чыйсьці дыпляматычны імунітэт, у тым ліку імунітэт прэзыдэнта, не зьяўляецца перашкодай на шляху выкананьня ордэра міжнароднага суду.

«Улічваючы сур’ёзнасць адмовы Манголіі супрацоўнічаць з судом, палата палічыла неабходным перадаць гэтае пытаньне на разгляд Асамблеі дзяржаў-удзельніц», — дадалі ў судзе.

Візыт у Манголію быў першай паездкай Пуціна ў краіну, якая ратыфікавала Рымскі статут Міжнароднага крымінальнага суду, з сакавіка 2023 году, моманту выдачы ордэру на ягоны арышт.

Манголія стала ўдзельніцай МКС у 2003 годзе. У сьнежні 2023 году Эрдэнэбалсурэн Дамдын стаў першым судзьдзём з Манголіі ў МКС. Прэзыдэнт Манголіі тады заявіў, што гэта «прыкмета росту і ўмацаваньня рэпутацыі краіны на міжнароднай арэне і даверу міжнародных арганізацый да Манголіі».

Фармальна краіны – чальцы МКС абавязаны выканаць ордэр і затрымаць Пуціна. Аднак на практыцы гэтыя абавязаньні не заўсёды працуюць. Bloomberg з спасылкай на крыніцы пісаў, што ўлады Манголіі запэўнілі Пуціна, што ня будуць яго арыштоўваць.

Прадстаўнік ураду Манголіі патлумачыў рашэньне ўладаў не арыштоўваць Пуціна тым, што краіна знаходзіцца ў стане энэргэтычнай залежнасьці ад суседніх краін, а таксама прытрымліваецца палітыкі нэўтралітэту.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG