Дакумэнт зьмяшчае 134 пункты, паведамляе ТАСС.
Адзін зь іх тычыцца Ўкраіны. У ім гаворыцца:
«Мы нагадваем пра нацыянальныя пазыцыі ў дачыненьні да сытуацыі ва Ўкраіне і вакол яе, абазначаныя на адпаведных форумах, уключаючы Раду Бясьпекі ААН і Генэральную Асамблею ААН. Мы падкрэсьліваем, што ўсе дзяржавы павінны дзейнічаць у адпаведнасьці са Статутам ААН ва ўсёй паўнаце і ўзаемазьвязанасьці. Мы з задавальненьнем вітаем усе прапановы аб пасярэдніцтве і добрых паслугах, закліканых забясьпечыць мірнае ўрэгуляваньне канфлікту шляхам дыялёгу і дыпляматыі».
Пра супольную пазыцыю ў гэтым пункце дэклярацыі не гаворыцца.
Акрамя гэтага пункту, у выніковай супольнай дэклярацыі гаворыцца, што краіны BRICS:
- асудзілі атаку Ізраілю на амбасаду Ірану і падрыў пэйджараў у Лібане;
- глыбока занепакоеныя нэгатыўным узьдзеяньнем аднабаковых санкцыяў на сусьветную эканоміку і іншыя сфэры;
- асудзілі ізраільскія атакі супраць гуманітарных пунктаў і аб’ектаў інфраструктуры ў Палестыне;
- падтрымалі прыняцьце ў ААН Дзяржавы Палестыны ў межах 1967 году;
- падтрымалі выкарыстаньне альтэрнатыўных валют у рамках пулу валютных рэзэрваў аб’яднаньня;
- падтрымалі ўсёабдымную рэформу ААН для павышэньня яе дэмакратычнасьці, прадстаўнічасьці і эфэктыўнасьці.
Саміт BRICS адкрыўся ў Казані 22 кастрычніка. BRICS — міждзяржаўнае аб’яднаньне, у якое ўваходзяць дзевяць буйных краін сьвету, якія не адносяцца да краін Захаду.
Расея сёлета чацьвёрты раз у 20-гадовай гісторыі арганізацыі старшынюе ў BRICS. Расейскія дзяржаўныя СМІ актыўна асьвятляюць саміт BRICS, пракрамлёўскія камэнтатары робяць упор на тым, што візыт у краіну шэрагу лідэраў буйных дзяржаў сьведчыць пра тое, што Расея не знаходзіцца ў міжнароднай ізаляцыі ў сувязі з уварваньнем ва Ўкраіну.
Форум