Як адзначаецца на афіцыйным сайце Аляксандра Лукашэнкі, праграма ягонага знаходжаньня ў Казані, дзе адбываецца саміт BRICS, пачалася з інтэрвію журналісту BBC Стывэну Розэнбэргу.
«У часе інтэрвію абмяркоўвалі розныя тэмы, у тым ліку інтарэсы Беларусі ў BRICS, СВА (спэцыяльнай ваеннай апэрацыяй называюць вайну Расеі ва Ўкраіне. — РС) і пэрспэктыва мірных перамоў Расеі і Ўкраіны, тэмы ядзернай зброі, [...] нармалізацыі дачыненьняў з Захадам», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні.
Анансуючы тэму вызваленьня асуджаных з палітычных матываў, прэсавая служба Лукашэнкі назвала іх «так званымі палітвязьнямі».
Аляксандар Лукашэнка таксама сустрэўся на палях саміту зь Нікалясам Мадурам, якога заходнія краіны не прызналі прэзыдэнтам Вэнэсуэлы пасьля выбараў у ліпені, а таксама з прэзыдэнтам Лаосу Тханглунам Сісулітам і прэм'ер-міністрам Этыёпіі Абіем Ахмэдам Алі. Што праўда, ніякіх дэталяў пра гэтыя сустрэчы прэсавая служба пакуль не падае.
Як можна меркаваць па гэтых паведамленьнях, сустрэчы адбываліся ў той час, калі ўжо пачаўся саміт і на ім выступаў прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін.
Перад візытам Аляксандра Лукашэнкі на саміт BRICS дзяржаўныя выданьні паведамлялі, што Беларусь зацікаўленая атрымаць на гэтай сустрэчы статус краіны-партнэра аб’яднаньня.
Форум