Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яшчэ адна краіна падтрымала зварот Літвы ў Міжнародны крымінальны суд за злачынствы Лукашэнкі


Сядзіба Міжнароднага крымінальнага суду ў Гаазе
Сядзіба Міжнароднага крымінальнага суду ў Гаазе

Міністэрства замежных спраў Латвіі адказала на пытаньне «Белсата» адносна стаўленьня да звароту Літвы ў Міжнародны крымінальны суд (МКС) для расьсьледаваньня злачынстваў супраць чалавечнасьці, учыненых у Беларусі.

«Міністэрства хацела б паведаміць вам аб сваёй падтрымцы звароту Літоўскай Рэспублікі ў МКС. Акрамя таго, міністэрства шчыльна супрацоўнічае зь іншымі дзяржаўнымі ўстановамі пры ацэнцы зьместу звароту і аргумэнтаў, прадстаўленых Літоўскай Рэспублікай», — адзначыла прэсавая сакратарка МЗС Латвіі Дыяна Эгліце.

Яна таксама запэўніла «ў нязьменнай прыхільнасьці Латвійскай Рэспублікі падтрымцы працы МКС у яго адстойваньні сусьветнай справядлівасьці і эфэктыўнай сыстэмы міжнароднага крымінальнага правасудзьдзя».

30 верасьня ўрад Літвы пры падтрымцы беларускіх дэмакратычных сілаў перадаў у офіс пракурора МКС матэрыялы аб «трансгранічных злачынствах супраць чалавечнасьці, учыненых Лукашэнкам і ягонымі саўдзельнікамі ў дачыненьні да беларусаў». Вільня патлумачыла свой крок тым, што больш ня можа бязьдзейнічаць. Беларускія дэмакратычныя сілы заклікалі краіны, якія ратыфікавалі Рымскі статут, падтрымаць намаганьні Літвы па прыцягненьні Аляксандра Лукашэнкі да адказнасьці ў МКС.

Міністэрства замежных спраў Польшчы ўжо падтрымала зварот Літвы ў МКС. Там заявілі, што «ёсьць абгрунтаваныя падставы меркаваць, што рэжым Лукашэнкі мог учыніць злачынствы, вызначаныя ў статуце Міжнароднага крымінальнага суду». А міністар замежных справаў Беларусі Максім Рыжанкоў назваў зварот Літвы ў Гаагу «беспэрспэктыўным».

Сьпікер МКС Фадзі эль-Абдала заявіў: нягледзячы на тое, што Беларусь не зьяўляецца чальцом Міжнароднага крымінальнага суду, той можа прыцягнуць краіну да адказнасьці за ўдзел у дэпартацыі Расеяй украінскіх дзяцей, калі будуць доказы гэтага. Ён нагадаў, што зімой 2024 году ўлады Беларусі паказалі групу ўкраінскіх дзяцей з акупаванага Расеяй гораду Антрацыт. Іх адправілі ў Магілёў, дзе разьмясьцілі ў санаторыі, а беларускія вайскоўцы ладзілі для іх трэнінгі. Пасьля гэтага намесьнік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінэту Павал Латушка прадставіў МКС доказы імавернага дачыненьня Лукашэнкі да незаконнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей.

Дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што для прыцягненьня Лукашэнкі да адказнасьці за ўчыненыя злачынствы дэмакратычныя сілы зьбіраюцца выкарыстоўваць таксама мэханізм Міжнароднага суду ААН.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG