Група расейскіх караблёў ВМС прыбыла ў М’янму, каб далучыцца да марскіх вучэньняў з вайскова-марскім флётам краіны, паведамілі ў панядзелак дзяржаўныя СМІ М’янмы.
Чатыры карвэты і судна матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня зь Ціхаакіянскага флёту Расеі прыбылі ў порт Тылава ў Янгоне ў нядзелю, каб «далучыцца да другіх сумесных вучэньняў М’янма — Расея ў марской бясьпецы», паведамляе Global New Light of Myanmar.
Расейскія караблі правядуць вучэньні ў «фазе гавані», піша выданьне, не паведамляючы падрабязнасьцяў.
У нядзелю хунта, якая трымае ўладу ў краіне, абвясьціла, што з 20 па 24 кастрычніка правядзе вучэньні ў марской бясьпецы з баявой стральбой у водах паўночнай часткі Андаманскага мора. Рыбацкія лодкі і самалёты папрасілі не падарожнічаць па гэтым раёне. Але на першапачатковым этапе пасьля абвесткі ўлады не сказалі пра ўдзел у гэтых вучэньнях расейскіх караблёў або пэрсаналу.
Абодва ВМС правялі першыя сумесныя вучэньні ў Андаманскім моры ў лістападзе мінулага году.
Разам з Кітаем Масква зьяўляецца хаўрусьнікам м’янманскай хунты, забясьпечвае яе зброяй і дыпляматычнай падтрымкай, калі ўзброеныя сілы хунты змагаюцца за разгром узброенай апазыцыі, піша AFP.
Аналітыкі кажуць, што пад ціскам сухапутных войскаў хунта ўсё больш разьлічвае на свае вайскова-паветраныя сілы, якія ўключаюць расейскія Су-30, МіГ-29 і Як.
Кіраўнік хунты Мін Аўнг Глаінг некалькі разоў езьдзіў у Расею пасьля таго, як узначаліў пераварот у 2021 годзе, у тым ліку для сустрэчы з прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным у 2022 годзе.
Расея заявіла, што падтрымлівае плян генэралаў аб правядзеньні новых выбараў, а хунта, у сваю чаргу, падтрымала ўварваньне Расеі ва Ўкраіну, назваўшы яго «апраўданым».
Злучаныя Штаты заявілі, што любыя выбары пры хунце будуць «фальшыўкай», у той час як аналітыкі кажуць, што выбары будуць мішэньню праціўнікаў вайскоўцаў і выклічуць далейшае кровапраліцьцё. У жніўні іншы буйны хаўрусьнік хунты Кітай заявіў, што падтрымлівае пляны вайскоўцаў па выбарах.
Раней у гэтым месяцы крыніцы, блізкія да вайскоўцаў, паведамілі агенцтву AFP, што Мін Аўнг Глаінг адправіцца ў Кітай у лістападзе, што стане ягонай першай вядомай паездкай туды пасьля вайсковага перавароту.
У выніку перавароту ў Мʼянме 1 лютага 2021 году ўладу ў краіне захапілі вайскоўцы. Яны ўзялі пад варту Аўн Сан Су Чы — лідэрку «Нацыянальнай лігі за дэмакратыю», якая перамагла на парлямэнцкіх выбарах у лістападзе. Вайскоўцы абвінавацілі яе партыю ў маштабных фальсыфікацыях. Яны распусьцілі ранейшы склад выбарчай камісіі. У краіне пачаліся маштабныя акцыі супраць вайскоўцаў. Ад пачатку перавароту ў пратэстах загінулі сотні чалавек. Дакладная лічба невядомая.
Форум