Пра гэта ў тэлеграм-канале Фонду салідарнасьці BySol напісаў сузаснавальнік фонду Андрэй Стрыжак.
Раней BySol абнародаваў зварот Памідорава, у якім гаварылася:
«Ад сьнежня 2021 году, як і шмат хто, я вымушана знаходжуся па-за межамі краіны. Зараз я зьвяртаюся да вас па дапамогу, што мне дужа няёмка рабіць, але сытуацыя не пакідае выбару. Як было сказана ў адным дзіцячым мультфільме: "Спадарства! Лепей прасіць, чым рабаваць ды забіваць".
Справа ў тым, што я сур’ёзна захварэў — у мяне двухбаковы сярэдні атыт, праз што я ня чую нармальна. А тое, што чую, ня мае нічога агульнага з тым, як яно мусіць гучаць. Апроч таго, зьявіліся праблемы з суставамі ног, і зараз я не магу выконваць фізычную працу, якой зарабляў на жыцьцё апошнія чатыры гады — як у Беларусі, так і за мяжой. А праз праблемы з вушамі я не змагу выступаць з канцэртамі бліжэйшым часам. Мне трэба аплаціць арэнду жыльля, набыць лекі і хаця б базавы набор прадуктаў, каб падтрымліваць сілы».
Пра вынікі хуткага збору сродкаў для музыкі кіраўнік BySol Стрыжак напісаў: «Моц нашай салідарнасьці чарговы раз зачароўвае мяне. Дзякуй усім, хто далучыўся!».
- Аляксандар Памідораў: Беларускі радыёвядоўца, журналіст, музыка, шоўмэн, лідэр гурту Pomidor/OFF. Са сьнежня 2021 году жыве ў Польшчы. Выступае з сольнымі канцэртамі, але на жыцьцё зарабляе, працуючы на будоўлі, пагрузцы-разгрузцы і мантуючы сцэны для канцэртаў сусьветных рок-зорак.
Форум