Нобэлеўскую прэмію ў эканоміцы 14 кастрычніка далі Дарону Аджэмоглу, Сыману Джонсану і Джэймзу А. Робінсану за дасьледаваньне адрозьненьняў у дабрабыце паміж краінамі.
Аджэмоглу і Джонсан працуюць у Масачусэцкім тэхналягічным інстытуце, а Робінсан праводзіць свае дасьледаваньні ў Чыкаскім унівэрсытэце.
Рашэньне агучыла Швэдзкая каралеўская акадэмія навук, завяршаючы шэсьць дзён абвяшчэньня ўзнагарод, піша агенцтва AP.
Ляўрэаты прэміі ў сваіх дасьледаваньнях паказалі, што адной з прычын рознага ўзроўню росквіту краін сталі грамадзкія інстытуты, створаныя падчас калянізацыі. У краінах, якія на момант калянізацыі былі беднымі, часта ўкараняліся інклюзіўныя інстытуты (інстытуты, якія абараняюць маёмасныя правы шырокіх пластоў грамадзтва і дазваляюць усім грамадзянам удзельнічаць у эканамічных адносінах з мэтай атрыманьня прыбытку).
У іншых краінах ствараліся экстрактыўныя эканамічныя інстытуты, якія выключаюць шырокія пласты насельніцтва з размеркаваньня прыбыткаў. У выніку ўкараненьне інклюзіўных інстытутаў прынесла доўгатэрміновыя выгады ўсім, аднак экстрактыўныя інстытуты забясьпечылі кароткатэрміновую выгаду для людзей, якія знаходзяцца ва ўладзе. Гэта тлумачыць, чаму некаторыя былыя калёніі, якія некалі былі багатымі, цяпер сталі беднымі, а іншыя, наадварот, сталі багатымі, гаворыцца ў прэс-рэлізе Нобэлеўскага камітэту.
Афіцыйна ўзнагарода называецца Прэміяй Банка Швэцыі па эканамічных навуках памяці Альфрэда Нобэля. Цэнтральны банк Швэцыі заснаваў яе у памяць Альфрэда Нобэля, швэдзкага бізнэсмэна і хіміка XIX стагодзьдзя, які вынайшаў дынаміт і заснаваў пяць Нобэлеўскіх прэмій. Першымі пераможцамі эканамічнай прэміі сталі ў 1969 годзе Рагнар Фрыш і Ян Тынбэрген.
Летась прафэсарку Гарвардзкага ўнівэрсытэту Кляўдыю Гольдзін узнагародзілі за даследаваньне, якое дапамагае растлумачыць, чаму жанчыны ва ўсім сьвеце працуюць радзей, чым мужчыны, і чаму яны зарабляюць меней. Яна стала толькі трэцяй жанчынай сярод 93 ляўрэатаў па эканоміцы.
Хоць, строга кажучы, прэмія па эканоміцы — ня Нобэлеўская, яе заўсёды ўручаюць разам з Нобэлеўскімі прэміямі 10 сьнежня, у гадавіну сьмерці Нобэля ў 1896 годзе.
На мінулым тыдні былі абвешчаныя Нобэлеўскія ўзнагароды ў галінах мэдыцыны, фізікі, хіміі, літаратуры і міру.
Каму дасталіся іншыя прэміі
Нарвэскі Нобэлеўскі камітэт вырашыў прысудзіць Нобэлеўскую прэмію міру 2024 году японскай арганізацыі «Ніхон Хіданкё».
«Ніхон Хіданкё» — гэта масавы рух тых, хто перажыў атамнае бамбаваньне Хіросімы і Нагасакі, таксама вядомых як хібакуся.
Арганізацыя атрымала Нобэлеўскую прэмію міру за намаганьні дзеля стварэньня сьвету, свабоднага ад ядзернай зброі, і за дэманстрацыю праз паказаньні сьведак таго, што ядзерная зброя ніколі не павінна быць выкарыстаная зноў.
Прэмію ў галіне мэдыцыны ў панядзелак атрымалі Віктар Амброс і Гэры Раўкун, іх узнагародзілі за адкрыцьцё драбнюткіх кавалачкаў генэтычнага матэрыялу, якія служаць спалучальнікамі ўнутры клетак і дапамагаюць кантраляваць працэсы ў клетках арганізму. Калі навукоўцы змогуць лепш зразумець, як яны працуюць і як імі маніпуляваць, гэта можа прывесьці да стварэньня магутных мэтадаў лячэньня такіх захворваньняў, як рак.
У аўторак прэмію ў галіне фізыкі прысудзілі Джону Гопфілду з Прынстанскага ўнівэрсытэту (ЗША) і Джэфры Гінтану з Унівэрсытэту Таронта (Канада). «За асноватворныя дасьледаваньні і вынаходкі, якія ўключалі машыннае навучаньне з дапамогай штучных нэўронавых сетак». Гопфілд стварыў асацыятыўную памяць, якая можа захоўваць і аднаўляць выявы і іншыя тыпы дадзеных. А Гінтан вынайшаў мэтад, які можа аўтаномна знаходзіць уласьцівасьці ў дадзеных і выконваць такія задачы, як ідэнтыфікацыя канкрэтных элемэнтаў на фатаграфіях.
У сераду ўручылі прэмію ў галіне хіміі. Яе атрымалі Дэйвід Бэйкер (Вашынгтонскі ўнівэрсытэт у Сіетле, ЗША) і супрацоўнікі Google Deepmind Дэміс Хасабіс і Джон Джампэр. У 2003 годзе Бэйкер распрацаваў новы бялок, і з таго часу ягоная дасьледчая група стварала адно за адным бялковыя ўтварэньні, у тым ліку бялкі, якія можна выкарыстоўваць у фармацэўтычных прэпаратах, вакцынах, нанаматэрыялах і малюсенькіх датчыках, паведаміў Нобэлеўскі камітэт. А Хасабіс і Джампэр стварылі мадэль штучнага інтэлекту, якая змагла прадказаць структуру практычна ўсіх 200 мільёнаў бялкоў, якія ідэнтыфікавалі дасьледнікі.
10 кастрычніка ў Швэцыі назвалі ўладальніка Нобэлеўскай прэміі ў галіне літаратуры 2024 году. Узнагароду атрымала карэйская пісьменьніца Хан Ган за раман «Вэгетарыянка», у якім рашэньне жанчыны перастаць есьці мяса мела разбуральныя наступствы.
Хан Ган — першая прадстаўніца Карэі, якая стала набэлянткай.
- Ляўрэатаў запрашаюць атрымаць узнагароды на цырымоніі 10 сьнежня, у гадавіну сьмерці Нобэля. Прэстыжная прэмія міру ўручаецца ў Осла, згодна зь ягоным жаданьнем, а іншыя цырымоніі ўзнагароджаньня праходзяць у Стакгольме.
- Прэмія прадугледжвае грашовую ўзнагароду ў памеры 11 мільёнаў швэдзкіх кронаў (1 мільён даляраў) са спадчыны стваральніка прэміі, швэдзкага вынаходніка Альфрэда Нобэля. Яна прысуджалася 117 разоў. Ляўрэатаў запрашаюць атрымаць узнагароды на цырымоніі 10 сьнежня, у гадавіну сьмерці Нобэля.
- Сярод грамадзян Беларусі — двое нобэлеўскіх ляўрэатаў: Сьвятлана Алексіевіч (прэмія ў галіне літаратуры 2015 году) і Алесь Бяляцкі (прэмія міру 2022 году).