Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ядзерных вучэньнях NATO задзейнічаныя 2 тысячы вайскоўцаў і больш за 60 самалётаў


Вучэньні NATO з удзелам румынскіх і амэрыканскіх войскаў у траўні 2024 году. Фота AFP, ілюстрацыйнае
Вучэньні NATO з удзелам румынскіх і амэрыканскіх войскаў у траўні 2024 году. Фота AFP, ілюстрацыйнае

Вучэньні праводзяць без сапраўднай ядзернай зброі.

У Паўночна-атлянтычным альянсе паведамілі аб дэталях ядзерных вучэньняў Steadfast Noon («Устойлівы поўдзень»), якія пачаліся 14 кастрычніка ў паветранай прасторы Вялікай Брытаніі, Бэльгіі і Нідэрляндаў.

Як адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні, сёлета ў вучэньнях задзейнічаныя 2000 вайскоўцаў з васьмі авіябаз і розныя тыпы самалётаў, у тым ліку рэактыўныя самалёты, здольныя несьці ядзерную зброю, бамбавікі, зьнішчальнікі суправаджэньня, самалёты-танкеры і самалёты, здольныя весьці выведку і радыёэлектронную барацьбу.

Свае самалёты на вучэньні накіруюць 13 краін-сябраў альянсу.

«Ядзернае стрымліваньне зьяўляецца краевугольным каменем бясьпекі хаўрусьнікаў. [...]Steadfast Noon зьяўляюцца важным выпрабаваньнем ядзернага стрымліваньня альянсу і пасылае выразнае паведамленьне любому праціўніку, што NATO будзе абараняцца і абараняць усіх хаўрусьнікаў», — сказаў генэральны сакратар арганізацыі Марк Рутэ.

Вучэньні праводзяць без сапраўднай ядзернай зброі

Вайсковыя экспэрты адзначаюць, што ў часе гэтых штогадовых вучэньняў адпрацоўваюць бясьпечную дастаўку ядзернай зброі зь месцаў захоўваньня да самалётаў і ўсталяваньня для прымяненьня. Аднак навучальныя палёты праводзяцца без выкарыстаньня сапраўднай зброі, паведаміла агенцтва DPA.

Праграма NATO ў супольным выкарыстаньні ядзернай зброі прадугледжвае, што амэрыканскай ядзернай зброяй, разьмешчанай у Эўропе, у надзвычайных сытуацыях могуць атакаваць аб’екты праціўніка з самалётаў краін-партнэраў. Мяркуецца, што сама зброя захоўваецца на поўначы Італіі, у Турэччыне, Бэльгіі, Нідэрляндах, а таксама на базе Бюхель у Нямеччыне.

Ядзерныя пагрозы

Сёлетнія вучэньні пачнуцца празь некалькі тыдняў пасьля таго, як Уладзімір Пуцін абвясьціў аб зьменах у ядзернай дактрыне Расеі, што назіральнікі ў значнай ступені расцанілі як яшчэ адну спробу падарваць падтрымку Ўкраіны заходнімі саюзьнікамі, у тым ліку дазвол на нанясенне ўдараў у глыб Расеі.

Сярод іншага, у канцы верасьня Пуцін заявіў, што напад на Расею з боку любой бязьядзернай дзяржавы пры падтрымцы ядзернай дзяржавы будзе разглядацца як іх сумесная атака і можа выклікаць ядзерны адказ Масквы.

Верагодна, гэтая пагроза «істотна зьнізіла парог магчымага выкарыстаньня ядзернага арсэналу Расеі», адзначае агенцтва Associated Press. Аднак ніякіх рэальных зьменаў у ядзернай пазыцыі Масквы NATO пакуль не назірае, дадае агенцтва.

У прыватнасьці, пры ўступленьні на пасаду 1 кастрычніка Рутэ адзначыў, што няма доказаў якой-небудзь непасрэднай пагрозы выкарыстаньня ядзернай зброі, нягледзячы на «неабдуманую і безадказную» ядзерную рыторыку Пуціна.

Гаворачы аб сваім ядзерным арсенале, Рутэ адзначыў, што Пуцін «хоча, каб мы абмяркоўвалі і яго ядзерны арсэнал, і я думаю, што мы не павінны гэтага рабіць», цытуе АР.

Раней Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка заяўлялі, што перавялі ў Беларусь расейскую тактычную зброю.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG