Сьцісла:
- Беларуская афіцыйная прапаганда ўсьлед за расейскай укараняе ў грамадзкую сьвядомасьць думку пра вайну і прэвэнтыўны ядзерны ўдар як пра норму, верагодны і магчымы сцэнар.
- Агрэсіўную прапаганду, якая ўзрасла на руінах зьнішчанай пасьля 2020 году беларускай інфармацыйнай прасторы, сёньняшнія беларускія прапагандысты какетліва называюць «дзёрзкай журналістыкай».
- Лёгіка прыхільнікаў прэвэнтыўнага ядзернага ўдару: не марнаваць сілы на даўгую і бясплённую вайну звычайнымі ўзбраеньнямі, падвысіць стаўкі да такой ступені, каб Захад быў шакаваны, напалоханы настолькі, што пагадзіўся на статус-кво: на ўсе захопы Расеі ва Ўкраіне і яе прэтэнзіі на дамінаваньне на прасторы былога СССР.
- Уцягваючы Лукашэнку ў ядзерную авантуру, Пуцін можа ставіць за мэту праверыць рэакцыю Захаду, прамацаць, наколькі сур’ёзны можа быць адказ на тактычны ядзерны ўдар.
- У ваенных пакаленьняў выпрацаваўся магутны імунітэт супраць вайны і яе падпальшчыкаў: іхны асабісты досьвед быў надзейным засьцерагальнікам ад любых мілітарысцкіх памкненьняў. У новых генэрацый такой прышчэпкі няма.
На працягу апошняга часу афіцыйная прапаганда пасьлядоўна і мэтанакіравана прывучае сваю аўдыторыю да думкі пра вайну і прэвэнтыўны ядзерны ўдар па ворагу як да нечага звыклага, будзённага, верагоднага і магчымага. Грамадзтва, у якім прынцып «абы не было вайны» заўсёды быў ледзь не падмуркам сьветаўспрыманьня, улады пачалі пераналаджваць, зьніжаць узровень страху перад удзелам у вайне, рыхтаваць да нейкай новай рэчаіснасьці, у якой ядзерныя ракеты на беларускай тэрыторыі — гэта не крыніца небясьпекі, а прадмет гонару і сьведчаньне магутнасьці. І ракеты гэтыя, маўляў, могуць быць запушчаныя па суседу — нават калі сусед супраць Беларусі аналягічнай зброі не ўжываў. Да чаго рэжым Лукашэнкі рыхтуе беларусаў?
«Мярзотнікі павінны разумець, што мы ні перад чым ня спынімся»
Загаловак у адным з апошніх нумароў галоўнага рупара афіцыйнай прапаганды, газэты «СБ. Беларусь сегодня»:
«Танкі на Польшчу ня пойдуць — паляцяць ядзерныя ракеты». Гэта цытата з інтэрвію Алега Гайдукевіча, дэпутата Палаты прадстаўнікоў і лідэра пралукашэнкаўскай Лібэральна-дэмакратычнай партыі, актыўнага прапагандыста рэжыму.Камэнтуючы расейска-беларускія ядзерныя манэўры, Гайдукевіч пагражае Польшчы:
«Мы вас папярэджваем, ня трэба жартаваць з агнём. Ніхто ўмацаваньні штурмаваць ня будзе. Ракета паляціць туды. І ўмацаваньне не дапаможа...»
Яшчэ адна знакавая асоба афіцыйнай прапаганды, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Вадзім Гігін, камэнтуючы ў той жа «СБ. Беларусь сегодня» намер некаторых краін Захаду накіраваць свае вайсковыя кантынгенты ва Ўкраіну, падказвае ўладзе такі адказ:
«Што рабіць Расеі? Наносіць ядзерны ўдар. І наш прэзыдэнт дакладна кажа, што мы не зьбіраемся гуляць зь імі ў ракетны пінг-понг. Мы ведаем, што яны плянуюць зрабіць правакацыю з польскага, літоўскага боку. Чаму там канцэнтруюцца войскі, наступальныя ўзбраеньні, літоўская армія праводзіць бясконцыя вучэньні?.. Яшчэ раз кажу: мы ня будзем гуляць у пінг-понг. Удар з нашага боку будзе адзін, можа два. І прэзыдэнт выразна сказаў, што гэта нанясе непапраўныя страты тым, хто хоча арганізаваць правакацыю... Ці вераць на Захадзе, што мы пойдзем на такія меры дзеля абароны? Вераць. Бо бачылі нашага прэзыдэнта ў 2020 годзе... Яны ведаюць, хто такі Аляксандар Лукашэнка, і ўсьведамляюць, што ў яго хопіць сілы волі прыняць такое рашэньне».
І Гайдукевіч, і Гігін, і дзясяткі іншых прапагандыстаў і агітатараў, якія на розны лад паўтараюць адну і тую ж думку, выконваюць заказ рэжыму: укараняюць у грамадзкую сьвядомасьць думку пра вайну, пра прэвэнтыўны ядзерны ўдар як пра норму, новую рэальнасьць. Усё гэта — пераказ і камплімэнтарная інтэрпрэтацыя пазыцыі Лукашэнкі, упершыню агучанай яшчэ 31 сакавіка 2023 году. Тады, абгрунтоўваючы вяртаньне ў Беларусь расейскіх тактычных ядзерных ракет і палохаючы замежныя варожыя сілы тым, што можа дайсьці чарга і да стратэгічнай ядзернай зброі, Лукашэнка прыгразіў:
«Яны гэта павінны разумець, мярзотнікі там, за мяжой, якія спрабуюць нас сёньня ўзарваць знутры і звонку. Мы ні перад чым ня спынімся, абараняючы свае краіны, свае дзяржавы і свае народы».
Тую прапаганду, якая ўзрасла на руінах зьнішчанай пасьля 2020 году беларускай інфармацыйнай прасторы, сёньняшнія беларускія прапагандысты какетліва называюць «дзёрзкай журналістыкай». Іхныя куміры, узоры і арыенціры — у Маскве: Салаўёў, Кісялёў, Сіманьян і Скабеева. Насамрэч жа гэта ашалелая прапаганда, без усялякіх маральных абмежавальнікаў і тармазоў. Для якой мае значэньне не дакладнасьць факту, а кусьлівасьць інтэрпрэтацый; не карэктнасьць і дакладнасьць, а дэманстратыўная эмацыйнасьць і ігнараваньне нормаў прыстойнасьці і маралі. А дапушчальна, прыстойна і маральна для іх усё тое, што спрыяе аднаасобнай пажыцьцёвай уладзе іхнага гаспадара.
Рэцэпт ад Караганава
Палохаючы Захад сваёй гатовасьцю нанесьці прэвэнтыўны ядзерны ўдар, Лукашэнка агучвае наратывы і сцэнары, выпрацаваныя ў Маскве. Адзін з найбольш вядомых прыхільнікаў прэвэнтыўнага тактычнага ядзернага ўдару па Захадзе — Сяргей Караганаў, набліжаны да Пуціна палітоляг, гісторык і эканаміст. У чэрвені 2023 году ў сваім нашумелым артыкуле «Цяжкае, але неабходнае рашэньне» ён падказаў крамлёўскаму кіраўніцтву радыкальны сродак дзеля таго, каб Захад «адваліў» ад Расеі і не замінаў ёй займацца пераўладкаваньнем сьвету.
Сродак гэты — «папераджальны ядзерны ўдар адплаты» па стратэгічных аб’ектах у краінах, якія «аказваюць непасрэдную падтрымку кіеўскаму рэжыму». Лёгіка такая: не марнаваць сілы на даўгую і бясплённую вайну звычайнымі ўзбраеньнямі, падвысіць стаўкі да такой ступені, каб Захад быў шакаваны, напалоханы настолькі, што пагодзіцца на статус-кво: на ўсе захопы Расеі ва Ўкраіне і прэтэнзіі на дамінаваньне на прасторы былога СССР.
Злучаныя Штаты, паводле Караганава, спалохаюцца, не адважацца на ядзерны ўдар у адказ, не ахвяруюць «умоўным Бостанам дзеля ўмоўнай Познані». А каб прадэманстраваць сьвету свой гуманізм, можна, паводле Караганава, загадзя «папярэдзіць суайчыньнікаў і ўсіх людзей добрай волі», каб тыя своечасова паўцякалі зь мясьцін паблізу аб’ектаў, па якіх Масква рыхтуе атаку ядзернымі ракетамі.
Пуцін яўна сымпатызуе Караганаву: узнагародзіў яго некалькімі ордэнамі. Менавіта Караганаў быў выбраны сярод мноства іншых прэтэндэнтаў у якасьці мадэратара для пленарнай сэсіі з удзелам Пуціна на нядаўнім Пецярбурскім міжнародным эканамічным форуме.
Праверыць на прыкладзе Беларусі
Лукашэнка, па сутнасьці, пераказвае і падтрымлівае гэтую караганаўскую формулу. А ўсьлед за ім і ўся прапагандысцкая машына настроеная на тое, каб усяляк услаўляць «моцнага лідэра, які ні перад чым ня спыніцца», «зь якім ніякая вайна ня страшная», «у якога хопіць волі і рашучасьці прыняць любое рашэньне», які пойдзе «на адзін ці два ядзерныя ўдары зь беларускага боку, каб папярэдзіць агрэсію Захаду».
Пры гэтым увесь разьлік — на тое, што Захад спасуе, спалохаецца, што заходнія эліты, расьпешчаныя камфортным і заможным жыцьцём, не адважацца на жорсткі адказ. І пры гэтым чамусьці ня ставіцца пытаньне: а што, калі не спалохаюцца і адважацца?
Цяжка ўявіць, што ў выпадку, калі тактычны ядзерны ўдар будзе нанесены па тэрыторыі Польшчы (з вуснаў Лукашэнкі ня раз гучала назва прыкарпацкага горада Жэшава, перавалачнай базы на шляху заходніх узбраеньняў ва Ўкраіну), палякі ў адказ здранцьвеюць ад страху і бездапаможнасьці. Нават у выпадку, калі саюзьнікі Польшчы па NATO зь нейкіх прычынаў ня будуць сьпяшацца з сымэтрычным адказам.
Найбольш відавочная рэакцыя Варшавы ў гэтым выпадку (пра што сьведчыць увесь гістарычны досьвед гэтай краіны) — кансалідацыя нацыі, вялізны патрыятычны ўздым, мабілізацыя і неадкладнае ўступленьне ў вайну на баку Ўкраіны без усялякіх абмежаваньняў. І ў выпадку, калі ракета прыляціць зь Беларусі, гэта амаль стоадсоткава будзе азначаць удар у адказ менавіта па Беларусі.
Які лёс можа чакаць рэжым Лукашэнкі, калі праз Буг пераправіцца 300-тысячная польская армія з сучаснымі авіяцыяй, артылерыяй і танкамі? Чым яму здолее дапамагчы Пуцін, уся баяздольная армія якога загрузла пад Харкавам, Данецкам і Херсонам? А галоўнае, ці не плянуе Пуцін, уцягваючы Лукашэнку ў гэтую ядзерную авантуру, якраз і праверыць рэакцыю Захаду, прамацаць, наколькі сур’ёзны можа быць адказ на тактычны ядзерны ўдар? Ці спрацуе схема Караганава? Праверыць, натуральна, зручней не на сваіх, а на чужых, у нашым выпадку — на прыкладзе Лукашэнкі, Беларусі і беларусаў.
«Чтоб от Японии до Англии сияла Родина моя...»
Мілітарысцкая прапаганда здольная ўплываць на чалавечую псыхіку фатальным чынам. Мне даводзілася размаўляць з многімі людзьмі, чыя маладосьць прыпала на перадваенныя гады. Амаль усе згадвалі пра тое, што ў тагачасным савецкім грамадзтве панавала хоць і трывожнае, але адначасова і бадзёрае, узьнёслае, часам нават нецярплівае чаканьне вайны, якая абавязкова павінна быць пераможнай, хуткай і лёгкай. Менавіта да такой вайны штодня рыхтавалі людзей — газэты, радыё, партыйныя агітатары, настаўнікі ў школах, выкладчыкі ў вучэльнях і ўнівэрсытэтах. Дзяцей змалку вучылі вершыкам кшталту такога:
Раз, два, три, пионеры мы.
Мы фашистов не боимся, пойдём на штыки...
Альбо:
Возьмем винтовки новые, возьмем флажки
И с песнею в стрелковые пойдем кружки.
Песьня, якая штодня па некалькі разоў гучала з усіх рэпрадуктараў Савецкага Саюзу пачынаючы з 1938 году — з прапагандысцкага фільму «Если завтра война...». Зь яе савецкі чалавек дакладна ведаў, якой будзе тая хуткая вайна:
Если завтра война, — всколыхнется страна
От Кронштадта до Владивостока.
Всколыхнется страна, велика и сильна,
И врага разобьём мы жестоко.
Мы войны не хотим, но себя защитим, —
Оборону крепим мы недаром, —
И на вражьей земле мы врага разгромим
Малой кровью, могучим ударом!
В целом мире нигде нету силы такой,
Чтобы нашу страну сокрушила, —
С нами Сталин родной, и железной рукой
Нас к победе ведёт Ворошилов!
Пры гэтым будучым пераможцам абяцалі нечуваныя імпэрскія заваёвы. У папулярным вершы савецкага паэта Паўла Когана, апублікаваным у 1940 годзе, акрэсьліваліся зусім пэўныя гіганцкія геаграфічныя абрысы будучай савецкай радзімы:
Но мы еще дойдём до Ганга,
Но мы ещё умрем в боях,
Чтоб от Японии до Англии
Сияла Родина моя.
Сам Павел Коган, як і напрарочыў, памёр «у баях» — загінуў у 24-гадовым узросьце ў верасьні 1942-га, але не на беразе Ганга і не ў Ангельшчыне, а ў глыбіні поўдня Расеі, пад Новарасійскам, куды «непераможная Чырвоная армія» адкацілася пад ударамі вэрмахту. Для тых перадваенных пакаленьняў катастрофа першых месяцаў і гадоў вайны стала вельмі траўматычным пераходам — ад эўфарыі і асьлепленасьці мілітарысцкай прапагандай да балючага працьверазеньня і асэнсаваньня таго, што такое насамрэч ёсьць вайна і каму яна патрэбная.
Вельмі яркі прыклад — лёс таленавітага паэта і барда, знакавай асобы для інтэлігенцыі позьняга СССР Булата Акуджавы. У 1941-м ён, 17-гадовы падлетак, як і тысячы ягоных равесьнікаў, абіваў парогі ваенкамату і патрабаваў неадкладна адправіць на фронт, баючыся, што пераможная вайна скончыцца безь яго. Праз год дамогся свайго. Быў цяжка паранены ў адным зь першых баёў і цудам застаўся жывы. На фронт ужо не вярнуўся. Пазьней ён напіша:
«Ваяваў ня я. Ваяваў юнак з маімі імем і прозьвішчам. Ён быў сынам „ворагаў народу“, і гэта яго раніла і заахвочвала ісьці на фронт, каб даказаць усім, каб усе бачылі, што азначае для яго ягоная цудоўная, адзіная, непаўторная айчына».
І яшчэ адно ягонае выказваньне — пра тое, як потым зьмянілася стаўленьне да вайны:
«Я дагэтуль яшчэ часта бачу ў сьне палеглых таварышаў, папялішчы дамоў, разварочаную ўзрывінамі зямлю... Я ненавіджу вайну».
Гэтая выпакутаваная перакананасьць у бессэнсоўнасьці і абсурдзе ўзаемнага зьнішчэньня чалавека чалавекам потым адлюструецца ў дзясятках славутых вершаў і песень Акуджавы: «До свидания, мальчики...», «Не верьте пехоте, когда она бравые песни поет...» і многіх іншых.
Падпальшчыкі вайны
Што адметна: тое адчуваньне страху перад вайной, цьвярозае асэнсаваньне небясьпекі, якую нясе разьдзіманьне мілітарысцкага чаду, было ўласьцівае ня толькі шараговым салдатам мінулай вайны, але і тым колішнім палкоўнікам і генэралам Вялікай Айчыннай, якім у пасьляваенныя гады выпала ўзначальваць краіну. Хрушчоў, Брэжнеў, Панамарэнка, Машэраў — генэрацыя палітыкаў-франтавікоў, якія на ўласнай скуры адчулі, што такое вайна. І ў пасьляваенныя дзесяцігодзьдзі, стаўшы высокімі дзяржаўнымі кіраўнікамі, імкнуліся ўсімі сіламі не дапусьціць глябальнага збройнага канфлікту. Савецкая прапаганда 60–80-х гадоў — прапаганда антываенная. «Сьвету — мір», «Не — вайне!», «Далоў гонку ядзерных узбраеньняў» — звыклыя лёзунгі, якія можна было ўбачыць на вуліцах і плошчах любога савецкага гораду ў той час. З усіх савецкіх тэлевізараў і прымачоў штодня гучалі песьні кшталту «Ядерному взрыву — нет, нет, нет! Солнечному миру — да, да, да!».
Брэжнеў і Машэраў на тле Пуціна і Лукашэнкі — пацыфісты. У сёньняшняй Беларусі ці Расеі яны мелі б усе шанцы трапіць пад крымінальны перасьлед — «за дыскрэдытацыю ўзброеных сіл» ці «за экстрэмізм».
Дарэчы, менавіта пры Брэжневу, у апошні год ягонага жыцьця, 15 чэрвеня 1982 году Савецкі Саюз узяў на сябе абавязак ніколі не ўжываць ядзерную зброю першым. Пазьней, калі стваралі СНД, былыя савецкія рэспублікі (у тым ліку Беларусь) пацьвердзілі гэты абавязак (у падпісаным у Алма-Аце 21 сьнежня 1991 году пагадненьні). Беларусь ратыфікавала пагадненьне 10 чэрвеня 1993 году. Зрэшты, пазьней і пуцінская Расея, і лукашэнкаўская Беларусь пра тое абавязаньне нібы забылі ці ніколі ня ведалі.
У ваенных пакаленьняў выпрацаваўся магутны імунітэт супраць вайны і яе падпальшчыкаў: іхны асабісты досьвед быў надзейным засьцерагальнікам ад любых мілітарысцкіх прапагандыстаў. Той прышчэпкі ім хапіла на ўсё жыцьцё. Выглядае, што ў цяперашніх расейскага і беларускага грамадзтва гэтага імунітэту больш няма. Відаць, чалавек сам павінен перажыць бессэнсоўную гібель блізкіх людзей, убачыць папялішча роднай хаты, выжыць на хлебе зь лебяды і мёрзлай бульбы, каб па-сапраўднаму ўзьненавідзець вайну і супрацьстаяць тым, хто яе прапагандуе і распальвае. Па-іншаму чамусьці не атрымліваецца.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
Форум