Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёлета ўжо 2,9 тысячы беларусаў папрасілі міжнароднай абароны ў Польшчы


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Акцыя салідарнасьці беларусаў Польшчы ў трэцюю гадавіну прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Варшава, 9 жніўня 2023
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Акцыя салідарнасьці беларусаў Польшчы ў трэцюю гадавіну прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Варшава, 9 жніўня 2023

За першыя тры кварталы 2024 году (да канца верасьня) 12,3 тысячы іншаземцаў зьвярнуліся па міжнародную абарону ў Польшчы, зь іх 2,9 тысячы заяваў падалі беларусы, расказаў прэс-сакратар Упраўленьня справамі іншаземцаў Польшчы Якуб Дудзяк, піша Rzeczpospolita.

Для параўнаньня: з часу апошніх прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі 9 жніўня 2020 году па 29 лютага 2024 году па міжнародную абарону ў Польшчы зьвярнуўся 10 161 грамадзянін Беларусі. У першым квартале 2024 году Польшча дала міжнародную абарону 670 беларусам.

Больш за ўсё заяваў на атрыманьне міжнароднай абароны ў Польшчы сёлета падалі грамадзяне Ўкраіны — 4,5 тысячы. На другім месцы — грамадзяне Беларусі (2,9 тысячы заяваў), за імі — грамадзяне Расеі (0,8 тыс.), Самалі і Эрытрэі (па 0,5 тысячы).

За 9 месяцаў гэтага году Польшча прыняла на 29% больш заяваў на атрыманьне міжнароднай абароны ад іншаземцаў, чым за ўвесь 2023 год (тады падалі 9,5 тысячы заяваў). У 2022 годзе такіх заяваў было 9,9 тысячы, у 2021 годзе — 7,7 тысячы.

Усплёск зваротаў прывёў да таго, што грошы на сацыяльную дапамогу іншаземцам, якія зьвяртаюцца па міжнародную абарону, скончыліся раней, чым плянавалася. Урад Польшчы выдзеліць дадаткова 19,6 млн злотых са спэцыяльнай рэзэрвы Ўпраўленьня справамі іншаземцаў, якіх хопіць прыкладна на тры месяцы 2024 году — для мэдыцынскага абслугоўваньня іншаземцаў і іншыя сацыяльныя мэты.

Колькасьць іншаземцаў, якія атрымліваюць сацыяльную дапамогу ад Ўпраўленьня справамі іншаземцаў Польшчы, у канцы верасьня перавысіла 6 тысяч чалавек, пры гэтым выдаткі на сацыяльную дапамогу іншаземцам, якія шукаюць міжнароднай абароны, у польскім бюджэце сёлета заплянавалі з разьліку ў сярэднім 3900 чалавек за год.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG