Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэмію імя Паліткоўскай 2024 году прысудзілі палестынскім жанчынам-журналісткам


У сэктары Газа разьбіраюць завалы ў пошуках загінулых у выніку ізраільскага ўдару. Ілюстрацыйнае фота
У сэктары Газа разьбіраюць завалы ў пошуках загінулых у выніку ізраільскага ўдару. Ілюстрацыйнае фота

У 2018 годзе ляўрэаткай прэміі была Сьвятлана Алексіевіч.

Арганізацыя RAW in WAR (Reach All Women in WAR — «Дапамагчы кожнай жанчыне ў полымі вайны») прысудзіла прэмію імя Ганны Паліткоўскай палестынскім журналісткам.

Як адзначаецца ў паведамленьні арганізацыі, у камітэце намінацыяў заявілі, што «глыбока ўзрушаныя самаадданай і рашучай упартасьцю», зь якой журналісткі з Газы «асьвятляюць пакуты мірных жыхароў і выступаюць у абарону чалавечнасьці падчас грубых парушэньняў правоў чалавека і ваенных злачынстваў».

«Пакуль вайскоўцы і палітыкі размаўляюць на мове вайны, жанчыны-журналісткі абараняюць жыцьцё, ахвяруючы сваім уласным жыцьцём пад абстрэламі. Ратуюць само жыцьцё. Яны нам апавядаюць праўду аб пакутах свайго народу. Жанчыны заўсёды абараняюць жыцьцё, бо жыцьцё прыходзіць у гэты сьвет праз жанчыну», — сказала беларуская пісьменьніца, сябра Камітэту намінацыяў Сьвятлана Алексіевіч, якая ў 2018 годзе стала ляўрэаткаю гэтай прэміі.

Арганізатары прэміі падкрэсьлілі, што палестынскія журналісты, сярод якіх шмат жанчын, сталі «практычна адзіным голасам і адзінай крыніцай навінаў» з сэктару Газа. Агульны лік загінулых там рэпартэраў за год перавысіў 150 чалавек, яшчэ дзясяткі атрымалі раненьні рознай цяжкасьці.

У якасьці доказаў небясьпекі для журналістаў у Газе арганізатары расказалі гісторыю Сальмы аль-Кадумі, якая супрацоўнічала з шэрагам СМІ як нчяштатны карэспандэнт. У жніўні 2024 году яна разам з калегам Ібрагімам Мухарэбам трапіла пад ізраільскі танкавы абстрэл на паўночным захадзе Хан-Юнісу на поўдні сэктару Газа.

«Па нас вялі агонь з танкаў снарадамі і кулямі, і Ібрагіма паранілі проста ў грудзі. Ён прасіў мяне выцягнуць яго адтуль, і разам з адным зь перасяленцаў мы накіраваліся яму на дапамогу, але ў гэты момант танкі зноў адкрылі агонь, і мяне паранілі ў сьпіну двума аскепкамі шрапнэлі — ці то ад снараду, ці то ад кулі. Я страціла прытомнасьць і толькі ў лякарні апрытомнела», — расказала Сальма аль-Кадумі.

Гінд аль-Худары, яшчэ адна журналістка з Газы, якая рабіла рэпартажы для многіх СМІ, страціла дом і сяброў. Яна таксама апынулася асобна ад сям’і.

«Рабіць рэпартажы — і перажываць падзеі, пра якія ў іх расказваеш, — надзвычай цяжка. Мы намагаемся рабіць усё. Надзяем прэс-камізэлькі, носім абаронныя каскі, намагаемся не хадзіць туды, дзе небясьпечна. [...] Але мы становімся мішэньню ў самых звычайных месцах, дзе знаходзяцца звычайныя людзі. [...] І ўсё роўна мы хочам асьвятляць падзеі, хочам апавядаць сьвету пра тое, што адбываецца», — сказала яна.

Цырымонія ўзнагароджаньня палестынскіх журналістак адбудзецца ў сакавіку 2025 году падчас падзеі RAW in WAR «Адмаўляючыся маўчаць» у межах фэсту «Жанчыны сьвету» (WOW) 2025 году.

Прэмію імя Ганны Паліткоўскай заснавалі ў 2007 годзе. Яе назвалі ў гонар журналісткі расейскай «Новой газеты», якую забілі 7 кастрычніка 2006 году. Прэміяй узнагароджваюць жанчын, якія працуюць у зонах ваенных канфліктаў.

У розныя часы ляўрэатамі прэміі былі журналістка і супрацоўніца праваабарончага цэнтру «Мемориал» у Чачэніі Натальля Эстэмірава, Сьвятлана Алексевіч, праваабаронца зь Емэну Радгія аль-Мутавакель і іншыя жанчыны.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG