Беларуская дабрачынная арганізацыя «Razam — фонд дапамогі беларусам у Літве» 8 кастрычніка паведаміла пра спыненьне збору адзеньня для гуманітарнай дапамогі. Прычынай сталі сумневы, што гэтую дапамогу выкарыстоўваець па прызначэньні.
«Мы ня думалі, што будзем пісаць пост, у якім афіцыйна заявім: мы больш не прымаем гуманітарную дапамогу, зьвязаную з адзеньнем», — гаворыцца ў паведамленьні арганізацыі ў сацсетках.
У Razam патлумачылі, што гэтаму ёсьць некалькі прычынаў. Па-першае, арганізацыя даведалася, што адзеньне і абутак, якія фонд перадаваў людзям бясплатна ў рамках гуманітарнай дапамогі, нехта пачаў прадаваць на рынку Гарунай у Вільні.
«Мы былі засмучаныя, калі адзін беларус напісаў у Instagram, што мы нібыта патрабавалі зь яго грошы. Мы памятаем, як гэты чалавек з жонкай набраў шмат адзеньня і ім спатрэбілася таксі, каб усё гэта перавезьці. Мы папрасілі зрабіць ахвяраваньне ў фонд у памеры 10 эўра — ён перавёў 7 эўра», — гаворыцца ў паведамленьні фонду.
Таксама увечары 7 кастрычніка валянтэры фонду «ўбачылі дзіцячыя цацкі, якія людзі забралі ў іх літаральна 10 хвілін таму, выкінутымі на вуліцы».
«На працягу чатырох гадоў мы раздавалі якасную, часта новую гуманітарную дапамогу беларусам, і ведаем, што для многіх яна была важнай падтрымкай», — адзначылі ў фондзе.
Там патлумачылі, што працягваць дапамагаць і дзяліцца рэчамі з тымі, хто мае ў гэтым патрэбу, па-ранейшаму можна праз Тэлеграм-чат «Виртуальный склад»:
«Проста сфатаграфуйце тое, што хочаце аддаць, і выкладзіце ў чат. Мы шчыра верым у тое, што гэтая дапамога важная для людзей, якія сапраўды ў ёй маюць патрэбу», — адзначылі ў фондзе.
«Razam — фонд дапамогі беларусам у Літве» падтрымлівае эмігрантаў зь Беларусі, якія зазналі палітычны перасьлед на радзіме. Тут можна знайсьці інфармацыю пра легалізацыю ў Літве, пошук працы, арэнду жытла, псыхалягічную дапамогу, курсы літоўскай і ангельскай мовы і інш.
Форум