«Хэзбала» — гэта і ваенізаваная групоўка, і палітычная партыя, якая кантралюе значную частку паўднёвага Лібану.
У паведамленьні ізраільскіх вайскоўцаў гаворыцца, што авіяцыя зьдзейсьніла ўдары па выведвальным штабе групоўкі. Атакаваны аб’ект — ключавы элемэнт «Хэзбалы», празь які вёўся збор зьвестак пра Ізраіль і ЦАХАЛ.
Ізраільскае войска раніцай 3 кастрычніка паведаміла пра ўдар па Бэйруце, але падрабязнасьцяў не прывяла. Крыніцы агенцтва Reuters паведамлялі, што быў атакаваны будынак побач зь лібанскім парлямэнтам. Паводле Міністэрства аховы здароўя Лібану, загінулі шэсьць чалавек, сем атрымалі раненьні.
«Хэзбала» прызнаная тэрарыстычнай арганізацыяй у Злучаных Штатах, у той час як Эўразьвяз уключыў у чорны сьпіс толькі яе ўзброенае крыло, але не палітычную партыю. Палітычная партыя «Хэзбалы» прадстаўлена ў парламенце Лібану. Падчас аднаго з ізраільскіх нападаў быў забіты лідэр групоўкі Хасан Насрала.
Ізраіль пачаў апэрацыю «Стрэлы поўначы» супраць лібанскай групоўкі «Хэзбала» 23 верасьня. Мэтай назвалі зьнішчэньне вайсковай інфраструктуры групоўкі і забесьпячэньне ўмоваў для вяртаньня эвакуаваных ізраільцян у свае дамы на поўначы краіны.
Краіны Захаду выказалі заклапочанасьць сытуацыяй на Блізкім Усходзе, адзначыўшы, што канфлікт не адпавядае нічыім інтарэсам і яго дыпляматычнае вырашэньне ўсё яшчэ магчымае. Ізраіль раней заяўляў, што пакуль «Хэзбала» працягвае абстрэлы Ізраілю, у яго няма іншага выбару, акрамя ўзброенай барацьбы з групоўкай.
«Хэзбала» выпусьціла ракеты па Ізраілі на наступны дзень пасьля нападу на яго палестынскай групоўкі ХАМАС, прызнанай тэрарыстычнай у ЗША і ЭЗ, у кастрычніку 2023 году. З таго часу абстрэлы на мяжы адбываюцца амаль штодня. Дзясяткі тысяч жыхароў эвакуавалі з прымежных раёнаў з абодвух бакоў.
Форум