Грамадзянка Беларусі Ганна (прозьвішча не называецца) спрабавала ў судзе аспрэчыць рашэньне міграцыйнай службы Літвы аб дэпартацыі з прычыны прызнаньня яе «пагрозай нацыянальнай бясьпецы Літвы».
Як паведаміла выданьне mostmedia.io, Ганна пераехала ў Літву да сваёй сяброўкі і папрасіла там працоўны дазвол на жыхарства ў Літве. Ёй адмовілі, бо ў анкеце дзяўчына пазначыла, што ў 2014 годзе яна працавала апэратарам у кол-цэнтры «Альфа-Банку», а значыць, яна «ёсьць пагрозаю нацыянальнай бясьпецы Літвы». Адначасова з гэтым Ганьне забаранілі ўезд у Літву на 5 гадоў.
У судзе адвакат Ганны апэляваў да таго, што яго кліентка займала ў банку нязначную пасаду, ня мела доступу да стратэгічнай інфраструктуры банку і наагул гэта было задоўга да санкцыяў. Аднак ні гэта, ні дадатковая інфармацыя пра тое, што Ганна зьяўляецца ЛГБТ-асобай і зьбіралася пабрацца шлюбам з сваёй літоўскай сяброўкай, не паўплывала на вынік. Рашэньне аб дэпартацыі засталося дзейным.
У выніку дзяўчына пераехала ў Польшчу (у яе была дзейная віза) і падала там заяву на міжнародную абарону.
Паводле Эўрастату, у 2023 годзе беларусы атрымалі 281 279 першых дазволаў на жыхарства ў краінах Эўразьвязу — гэта 7,5% ад усіх выдадзеных летась дазволаў.
Грамадзяне Беларусі апынуліся ў топ-5 грамадзян краін, якім летась выдалі найбольш першых ДНЖ Польшча, Літва і Латвія:
- Польшча — 255 595 (гэта 39,8% ад агульнай колькасьці ДНЖ),
- Літва — 16 174 (28,8% ад агульнай колькасьці ДНЖ, выдадзеных у Літве),
- Латвія — 568 (5,6% ад агульнай колькасьці ДНЖ).
Форум