У ноч на 2 траўня Расея атакавала Ўкраіну 150 ударнымі бесьпілётнікамі і дронамі-імітатарамі іншых тыпаў, паведамілі Паветраныя сілы Ўзброеных сіл Украіны.
Украінскія вайскоўцы зьбілі 64 ударныя дроны, якімі Расея ўначы атакавала Ўкраіну. Яшчэ 62 расейскія бесьпілётнікі-імітатары былі лякацыйна страчаныя, без нэгатыўных наступстваў.
Позна ўвечары 1 траўня расейскія войскі дронамі пачалі атакаваць Запарожжа, у абласной вайсковай адміністрацыі паведамілі пры прынамсі 10 удараў. У выніку атакі параненыя 31 чалавек, сярод іх — двое дзяцей, паведаміў кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі Іван Фёдараў. Ранейшая інфармацыя пра гібель аднаго чалавека не пацьвердзілася, паведамілі ў ДСНС Украіны.
Уначы расейскія войскі атакавалі лякаматыварамонтны завод у Запарожжы, паведаміла ў тэлеграме прэс-служба ўкраінскай чыгункі.
«Чыста грамадзянскае прадпрыемства, якое спэцыялізуецца на рамонце пасажырскіх электравозаў. Толькі раніцай ДСНС патушыла пажар, цяпер працуюць выбухатэхнікі», — гаворыцца ў паведамленьні.
Ва ўкраінскай чыгунцы адзначаюць, што дзяжурны пэрсанал прадпрыемства знаходзіўся ў хованцы, таму на заводзе няма параненых ці загінулых.
У выніку начнога нападу на Запарожжа, паводле мясцовых уладаў, акрамя заводу, пашкоджаныя 27 шматпавярховых будынкаў, больш за 10 прыватных дамоў, нежылыя будынкі і навучальныя ўстановы.
У Днепрапятроўскай вобласьці ў ноч на 2 траўня пад атакай расейскіх войскаў апынулася Славянская абшчына. У выніку атакі адбыліся пажары на двух прадпрыемствах, пацярпелі двое мужчын, паведаміў кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі Сяргей Лысак.
Таксама войскі Расеі ўдарылі FPV-дронам і артылерыяй па Нікапольшчыне — людзі не пацярпелі.
На фронце за мінулыя содні зафіксавана 199 баявых сутыкненьняў, паведамляе Генштаб УСУ. Больш за ўсё расейскіх атак за мінулыя содні было на Пакроўскім напрамку — тут украінскія абаронцы спынілі 64 расейскія атакі. Таксама расейскія войскі працягвалі атакі на Ліманскім, Харкаўскім, Купянскім, Северскім, Краматорскім, Тарэцкім, Арэхаўскім, Навапаўлаўскім і Прыдняпроўскім напрамках. На Курскім напрамку за суткі адбыліся 33 баявыя сутыкненьні, сьцьвярджаюць у Генштабе УСУ.
«Учора супернік нанёс па пазыцыях украінскіх падразьдзяленьняў і населеных пунктах тры ракетныя і 96 авіяцыйных удараў, ужыў пяць ракет і 172 кіраваныя бомбы. Акрамя гэтага, зьдзейсьніў 5898 абстрэлаў, зь іх 61 — з рэактыўных сыстэм залпавага агню і прыцягнуў для паражэньня 2991 дрон-камікадзэ», — гаворыцца ў паведамленьні.
Расейскія вайскоўцы рэгулярна з розных відаў узбраеньня атакуюць украінскія рэгіёны.
Кіраўніцтва Расеі адмаўляе, што расейскае войска падчас поўнамаштабнай вайны наносіць мэтанакіраваныя ўдары па цывільнай інфраструктуры гарадоў і вёсак Украіны, забіваючы мірных жыхароў і разбураючы лякарні, школы, дзіцячыя сады, аб’екты энэргетыкі і водазабесьпячэньня.
Украінскія ўлады і міжнародныя арганізацыі кваліфікуюць гэтыя ўдары як ваенныя злачынствы Расеі і падкрэсьліваюць, што яны маюць мэтанакіраваны характар.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Форум