Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На мяжы з Польшчай увялі новыя правілы чаканьня ў чарзе для легкавых аўтамабіляў


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Чарга на беларуска-польскай мяжы
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Чарга на беларуска-польскай мяжы

30 верасьня ў пункце пропуску «Берасьце» на мяжы з Польшчай пачаўся экспэрымэнт, накіраваны на спрашчэньне перасячэньня мяжы на легкавым аўтамабілі. Новаўвядзеньне тычыцца правілаў рэгістрацыі аўтамабіляў у зоне чаканьня.

Паводле інфармацыі «Белмытсэрвісу», цяпер уладальнікі аўтамабіляў змогуць зарэгістравацца ў электроннай чарзе на праходжаньне мяжы, а пасьля яны могуць ці заставацца ў агульнай чарзе, ці пакінуць зону чаканьня і зьехаць у любое зручнае месца.

Сачыць за чаргой можна будзе ў сыстэме на сайце «Белмытсэрвісу». Калі падыдзе час, кіроўца павінен вярнуцца ў зону чаканьня і там чакаць уезду ў пункт пропуску.

Новаўвядзеньне распаўсюджваецца толькі на легкавыя аўтабамілі.

Паведамляецца, што гэты сумесны экспэрымэнт «Белмытсэрвіса», вайсковай часткі 2187 і Берасьцейскай мытні «нацэлены на зручнасьць грамадзян і дасьць магчымасьць ім рацыянальна выкарыстоўваць час чаканьня чаргі для наступнага перасячэньня дзяржаўнай мяжы».

У эфіры дзяржаўнага тэлеканалу СТВ 30 верасьня распавялі, што 3 верасьня ў зоне чаканьня перад пунктам пропуску «Берасьце» непадалёк ад польскай мяжы адкрылі пост хуткай дапамогі і пункты харчаваньня. У сюжэце гаворыцца, што хоць пост мэдыкаў працуе менш за месяц, да іх ужо паступіла больш за паўсотні зваротаў. Найчасьцей беларусы, якія стаяць у чэргах, скардзяцца на скачкі ціску і галаўны боль.

Паводле зьвестак Дзяржаўнага памежнага камітэту, па стане 22.00 30 верасьня, выезду ў Польшчу празь Берасьце чакалі каля 300 легкавых аўтамабіляў. Таксама ў чарзе на выезд у Польшчу на гэты час было 45 аўтобусаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG