Зьвесткі апошняга апытаньня Chatham House у праграме «ПіК Свабоды» камэнтуе паліталягіня, дырэктарка Цэнтру новых ідэяў Леся Руднік.
— Напрыканцы чэрвеня — на пачатку ліпеня праект «Беларуская ініцыятыва» брытанскага Chatham House правёў чарговае онлайн-апытаньне сярод гараджанаў Беларусі. У ліку іншых задавалася некалькі гендэрных пытаньняў. Першае: ці могуць беларусы абраць жанчыну ў якасьці лідэра? Адказаў «не, ня выберуць» — 14%. Гэта шмат ці мала?
— Гэта даволі добры паказчык. 50% адназначна гатовыя галасаваць за жанчыну-лідэра. У 2020 годзе па выніках падобнага апытаньня 17% казалі, што за жанчыну-лідэра не прагаласуюць. За 4 гады доля тых, хто за жанчыну-лідэрку галасаваць не гатовы, крыху скарацілася. У Расеі, паводле апытаньняў, дзьве траціны рэспандэнтаў не гатовыя галасаваць за жанчыну-лідэрку. А ў ЗША гэты паказьнік прыкладна на тым жа ўзроўні, што і ў Беларусі.
У беларускім апытаньні варта прыгледзецца да адсотка тых, хто сказаў, што ім складана адказаць, ці адмовіўся адказваць. Такіх 36%. У 2020 годзе так адказалі 9%. Тут складана сказаць — гэта вынік фактару страху ці расчараваньня ў жаночым лідэрстве ў дэмакратычных сілах. Цікавыя дадзеныя ва ўзроставым разрэзе. Найбольш схільная галасаваць за жанчыну-лідэрку ўзроставая група 45–54 гады. Зусім ня самыя маладыя. Але гэтая ўзроставая група пераважала і сярод удзельнікаў выбарчай кампаніі і пратэстаў 2020 году.
— Лукашэнка ў 2020 годзе заяўляў, што ў Беларусі Канстытуцыя напісаная «не пад жанчыну-прэзыдэнтку». Але ў 2022 годзе фактычна перапісаў Канстытуцыю, вызначыўшы пераемніцай старшыню Савету Рэспублікі Натальлю Качанаву. Чаму?
— Мяркую, што Лукашэнка насамрэч не глядзіць на гэтае пытаньне праз гендэрную прызму. Ён пра жанчын у палітыцы гаворыць, калі ёсьць канкрэтная нагода, скажам, калі жанчына балятуецца супраць яго. Але па сутнасьці тэма гендэрнай роўнасьці яму проста нецікавая.
Для Лукашэнкі Качанава мае тыя якасьці, якія патрэбныя пераемніку. У тым ліку і ў сэнсе рыторыкі. Качанава сама часта гаворыць пра традыцыйныя жаночыя ролі ў грамадзтве. Яна ўпісаная ў традыцыйную карціну сьвету: жанчына-лідэрка як гаспадыня, якая наводзіць парадак у хаце. Да таго ж Лукашэнка сыходзіць не зьбіраецца. І таму яе статус спадкаемцы паводле закону — гэта пакуль статус памочніцы Лукашэнкі, але не рэальнай пераемніцы.
Пра тое, як беларусы ацэньваюць гендэрную няроўнасьць у аплаце працы і як ставяцца да права на аборт, глядзіце відэа гутаркі зь Лесяй Руднік.
«ПіК Свабоды»
«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
• Наш сайт
• Apple Podcasts
• Spotify
• Soundcloud
• Podcast Republic
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.
Форум