Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэм’ер Індыі ў Кіеве ўшанаваў памяць дзяцей, якія загінулі ў выніку агрэсіі Расеі


Уладзімір Зяленскі і Нарэндра Модзі. Кіеў, 23 жніўня 2024
Уладзімір Зяленскі і Нарэндра Модзі. Кіеў, 23 жніўня 2024

Кіеў упершыню наведвае прэм’ер-міністар Індыі Нарэндра Модзі.

Падчас візыту ў Кіеў прэм’ер-міністар Індыі Нарэндра Модзі заявіў, што Індыя гатовая ўнесьці актыўны ўнёсак у намаганьні па дасягненьні міру, і што Дэлі выступае за дасягненьне міру ва Ўкраіне дыпляматычнымі сродкамі.

«Індыя гатова актыўна ўнесьці свой унёсак ва ўсе тыя намаганьні, якія робяцца для дасягненьня міру, і я асабіста як сябар, калі я магу адыграць якую-небудзь ролю, я вельмі хацеў бы адыграць гэтую ролю ў мірным урэгуляваньні», — сказаў ён падчас сустрэчы з прэзідэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім.

Паводле слоў Модзі, Індыя выступае за дасягненне міру ва Ўкраіне дыпляматычнымі сродкамі, паважаючы сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць дзяржавы.

«Мы трымаліся ў баку ад вайны, але гэта ня значыць, што мы былі проста абыякавымі назіральнікамі. Мы ніколі не былі нэйтральнымі, і зь першага дня сталі на бок міру… Таму, калі я прыйшоў на зямлю Ўкраіны, я прыйшоў з пасланьнем міру», — сказаў ён.

Прэм'ер-міністар Індыі Нарэндра Модзі і прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ўшаноўваюць памяць дзяцей, забітых падчас нападу Расеі на Украіну. Кіеў, 23 жніўня 2024
Прэм'ер-міністар Індыі Нарэндра Модзі і прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ўшаноўваюць памяць дзяцей, забітых падчас нападу Расеі на Украіну. Кіеў, 23 жніўня 2024

Раней разам з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім Модзі ушанаваў памяць дзяцей, якія загінулі ў выніку збройнай агрэсіі Расейскай Фэдэрацыі, паведамляе ўкраінская служба Радыё Свабода.

Як паведамляе прэс-служба Офісу ўкраінскага прэзыдэнта, яны ўсклалі цацкі на месцы мультымэдыйнага мартыралёгу «Дзеці» ў Кіеве і ўшанавалі памяць малых украінцаў, якія загінулі, хвілінай маўчаньня.

Генпракурор Украіны Андрэй Косьцін расказаў Уладзіміру Зяленскаму і Нарэндра Модзі пра гісторыю стварэньня гэтай экспазыцыі і расейскія абстрэлы месцаў, дзе ёсьць дзеці, у прыватнасьці пра ракетны абстрэл найбуйнейшай дзіцячай бальніцы «Охматдит», які адбыўся 8 ліпеня — у дзень візыту Модзі ў Расею.

Паводле афіцыйных дадзеных, з пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня загінулі 570 украінскіх дзяцей. Аднак гэтая лічба не канчатковая — няма ўсяе інфармацыі з часова акупаваных тэрыторый. З прычыны пастаянных расейскіх нападаў колькасьць ахвяр расьце.

Модзі сказаў, што абмяркуе з прэзыдэнтам Уладзімірам Зяленскім «пэрспэктывы мірнага ўрэгуляваньня канфлікту ва Ўкраіне», а таксама «паглыбленьне індыйска-ўкраінскага сяброўства».

Перад паездкай, 21 жніўня, Модзі выказаў надзею на «як найхутчэйшае аднаўленьне міру і стабільнасьці ў рэгіёне».

8 і 9 ліпеня прэм’ер-міністар Індыі Модзі быў зь візытам у Расеі. Паводле інфармацыі індыйскіх СМІ, ён дамовіўся з расейскім лідэрам Уладзімірам Пуціным аб звальненьні з расейскай арміі грамадзян Індыі, якіх падманам адправілі на вайну з Украінай.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі скрытыкаваў візыт Модзі ў Маскву. Раніцай 9 ліпеня ўкраінскі лідэр заявіў, што «гэта вялікае расчараваньне і разбуральны ўдар па мірных намаганьнях — бачыць, як лідэр найбуйнейшай дэмакратыі сьвету абдымаецца з самым крывавым злачынцам у сьвеце ў Маскве ў такі дзень» (меўся на ўвазе камбінаваны ракетны ўдар 8 ліпеня, цэльлю якога, у прыватнасьці, стала дзіцячая бальніца «Охматдит».

Індыя не падпісала дэклярацыю па выніках саміту міру ў Швайцарыі, арганізаванага Украінай.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG