Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэм’ер-міністар Індыі ў Маскве дамаўляўся пра вяртаньне індыйскіх кантрактнікаў на радзіму


Нарэндра Модзі і Ўладзімір Пуцін на ранейшай сустрэчы ў Самаркадзе, Узбэкістан. Архіўнае фота
Нарэндра Модзі і Ўладзімір Пуцін на ранейшай сустрэчы ў Самаркадзе, Узбэкістан. Архіўнае фота

8 ліпеня прэм’ер-міністар Індыі Нарэндра Модзі адправіўся ў Расею з двухдзённым візытам. Ён адбываецца на фоне паглыбленьня сувязяў паміж Масквой і Пэкінам.

На думку аналітыкаў зь Нью-Дэлі, прызначаная на 9 ліпеня сустрэча Нарэндры Модзі з Уладзімірам Пуціным дапаможа ўмацаваць адносіны паміж даўнімі саюзьнікамі, якія крыху астудзіліся апошнім часам, бо Індыя будуе больш шчыльнае партнэрства з ЗША.

Мэта Індыі — падкрэсьліць важнасьць індыйска-расейскіх стасункаў і пераканацца, што адносіны Пуціна з Кітаем, якія растуць, не паўплываюць на сувязі зь Нью-Дэлі, сказаў «Голасу Амэрыкі» заснавальнік Інстытуту інда-ціхаакіянскіх дасьледаваньняў Калінга Чынтамані Махапатра.

Сустрэча стала першай пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, у пытаньні якога Нью-Дэлі захоўвае нэўтральную пазыцыю. Індыя не асудзіла вайну і не далучылася да заходніх санкцый, накладзеных на Маскву.

Грамадзяне Індыі, якія падпісалі кантракт зь Міністэрствам абароны Расеі і ваююць ва Ўкраіне, будуць звольненыя і вернутыя дадому. Аб гэтым паведамляе індыйскі тэлеканал NDTV са спасылкай на свае крыніцы. Гэта было адной з дэталяў перамоваў у Маскве.

NDTV паведамляе, што амаль два дзясяткі грамадзян Індыі трапілі ў зону баявых дзеяньняў, завэрбаваныя агентамі, якія абяцалі ім высокааплатную працу. Але замест разбору завалаў індыйцам выдалі зброю. Сакратар у замежных справах Індыі Вінай Кватра гаварыў, што ў расейскіх войсках могуць служыць ад 30 да 40 індыйцаў, дзесяць ужо вярнуліся дадому.

Раней індыйскія крыніцы называлі лічбу прыкладна ў 100 грамадзян Індыі, якія падпісалі кантракты з расейскім вайсковым ведамствам. Паводле інфармацыі Reuters, на вайне ва Ўкраіне ўжо загінулі двое з завэрбаваных індыйцаў, іхныя целы засталіся на полі бою.

У лютым 2024 году ўлады Індыі паведамілі, што спрабуюць вярнуць дадому каля 20 грамадзян краіны, якія ваююць у расейскім войску. У сакавіку сямёра індыйцаў запісалі відэазварот, у якім паведамілі, што расейцы зацягнулі іх на вайну падманам.

Расейска-індыйскія дачыненьні

Нягледзячы на дывэрсыфікацыю закупак вайсковай тэхнікі ў апошнія гады, Індыя па-ранейшаму залежыць ад расейскай зброі — каля траціны індыйскага абароннага імпарту паступае з Расеі, у параўнаньні зь дзьвюма трацінамі пяць гадоў таму. Аднак пасьля пачатку ўварваньня ва Ўкраіну расьце занепакоенасьць наконт здольнасьці Расеі пастаўляць запасныя часткі і боепрыпасы.

Тым часам двухбаковы гандаль энэрганосьбітамі вырас, бо Індыя павялічыла закупкі таннай расейскай нафты. Аднак калі агульны аб’ём экспарту Расеі ў Індыю складае 65 мільярдаў даляраў, то індыйскі экспарт — усяго каля 4 мільярдаў даляраў, што выклікае непакой у Нью-Дэлі.

На думку аналітыкаў, для Пуціна гэты візыт будзе важным, каб падкрэсьліць, што ён не апынуўся ў ізаляцыі праз заходнія санкцыі. Некаторыя з аналітыкаў зьвяртаюць увагу на тое, што сустрэча адбудзецца ў той час, калі ў Вашынгтоне пачнецца саміт NATO, прысьвечаны праблемам бясьпекі ва Ўкраіне і ў Інда-Ціхаакіянскім рэгіёне.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG