Пра гэта ў праграме «ПіК Свабоды» спрачаюцца Андрэй Ягораў, прадстаўнік фракцыі «Беларусы» ў Каардынацыйнай радзе, і Анатоль Лябедзька, дарадца Ціханоўскай.
Глядзець размову на відэа цалкам
Тут фрагмэнты гутаркі
Ягораў:
- Важна захоўваць дэмакратычныя прынцыпы. Калі мы аўтаматычна працягваем нейкія паўнамоцтвы без канкурэнтнасьці, гэта падрывае статус самой Сьвятланы Ціханоўскай.
- Падаецца, што сёньняшні статус Ціханоўскай такі, што любыя варыянты выбараў прывядуць да таго, што менавіта яна гэтыя выбары выйграе, бо яна самы папулярны, вядомы і ўплывовы палітык унутры дэмакратычных сілаў.
- Выбары ў Каардынацыйную раду паказалі, што галасаваць зь Беларусі было дастаткова бясьпечна і надзейна — амаль чвэрць выбарнікаў прагаласавалі зь Беларусі. Пры гэтым мы мусім зразумець, што гаворка ідзе пра выбары лідэра дэмакратычнай часткі беларускага грамадзтва, а не пра прэзыдэнцкія выбары. Ня трэба параўноўваць тыя лічбы, якія былі пры галасаваньні ў 2020 годзе, і сёньняшнія магчымыя лічбы.
- Паралелі паміж беларускай і ўкраінскай сытуацыямі занадта нацягнутыя. Гульня, дзе мы імітуем дзейнасьць дзяржаўных органаў, перакрочвае пэўную мяжу рацыянальнасьці. Мы ня маем паўнавартаснага альтэрнатыўнага парлямэнту, ураду, прэзыдэнта. Мы, як дэмакратычныя сілы, абапіраемся на тую колькасьць грамадзянаў, якія нас падтрымліваюць — наш уплыў у Беларусі даволі абмежаваны.
- Нам трэба сканцэнтраваць уввагу на патэнцыяле беларускай дыяспары і яе самаарганізацыі. Калі мы зможам арганізаваць сотні тысячаў людзей у дастаткова моцны рух, гэтая энэргія і патэнцыял потым могуць быць перанакіраваныя на Беларусь. Пакуль што мы ня маем дастаткова рэсурсаў, каб нешта рэальна зрабіць унутры Беларусі.
- Людзі галасавалі за Ціханоўскую не назаўсёды, а ў пэўнай сытуацыі. Нам трэба адштурхоўвацца ад рэаліяў 2024 году, а не 2020 году. І я ня ўпэўнены, што адносіны Захаду да Сьвятланы Ціханоўскай і да беларускіх дэмакратычных сілаў агулам ня зьменяцца блізкім часам, і асабліва пасьля 2025 году.
Лябедзька:
- Я ня маю паўнамоцтваў выступаць па гэтым пытаньні ад імя Сьвятланы Ціханоўскай ці яе офісу. Я буду гаварыць як дырэктар цэнтру «Эўрапейскі дыялёг» і як чалавек, які мае багаты досьвед розных выбарчых кампаній.
- Выбары патрабуюць вялікіх намаганьняў, часу і зьмяненьня прыярытэтаў. Я зыходжу з таго, што Беларусь знаходзіцца ў стане вайны. Паўтары тысячы палітвязьняў — гэта ваеннапалонныя. У нас дзясяткі тысяч параненых, траўмаваных людзей, у нас забітыя ня толькі падчас падзеяў 2020 году, але і тыя людзі, якіх забілі ў турмах. Тут бы нам не загуляцца ў дэмакратыю падчас вайны.
- Калі мы сыходзім у гэтую выбарчую кампанію, гэта цалкам укладаецца ў наратывы беларускіх уладаў. У такім выпадку мы таксама не факусуемся на дэлегітымізацыі рэжыму Лукашэнкі падчас спэцапэрацыі па ўтрыманьні ўлады, якую ён будзе ладзіць у 2025 годзе. Мы зоймемся гэтай забаўкай, а Лукашэнка ў гэты час будзе ствараць уражаньне, быццам бы ён вярнуў сабе легітымнасьць.
- Калі ўзгадаць 1990-я, легітымны Вярхоўны Савет 13-га скліканьня, дык памылкай дэмакратычных сілаў было тое, што мы фактычна пагадзіліся, быццам яго паўнамоцтвы заканчваліся ў 2000 годзе. Але калі зыходзіць з Канстытуцыі 1994 году, дык там быў такі артыкул, які фіксаваў, што паўнамоцтвы парлямэнту працягваюцца, пакуль не абраны новы парлямэнт — пакуль ня пройдуць свабодныя, сумленныя выбары. Думаю, што нам трэба вучыцца на памылках мінулага.
- Сьвятлана Ціханоўская цяпер у статусе чалавека, які перамог на выбарах 2020 году і мае падтрымку мільёнаў людзей. Нам замест гэтага прапануюць перавесьці Ціханоўскую ў іншую вагавую катэгорыю – чалавека, у якога ёсьць падтрымка 17 ці там 15 тысячаў. Цяпер гэта нацыянальная лідэрка, якую прымаюць на ўзроўні кіраўніка дзяржавы. Мы згубім агульны голас і цэнтральны ўваход у эўрапейскія калідоры ўлады.
- Я ня бачу ніякіх прававых абгрунтаваньняў, што менавіта праз год канчаюцца паўнамоцтвы Сьвятланы Ціханоўскай. Гэта наратывы рэжыму ў Беларусі.
«ПіК Свабоды»
«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
• Наш сайт
• Apple Podcasts
• Spotify
• Soundcloud
• Podcast Republic
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.
Форум