Ва Ўкраіне суд асудзіў на 4 гады зьняволеньня, адтэрмінаваўшы выкананьне пакараньня на тры гады, ўкраінскага прадпрымальніка, які ў часе расейскай агрэсіі працягваў гандляваць з Расеяй і пастаўляў гранітны камень праз Польшчу і Беларусь расейскім прадпрыемствам і ў акупаваны Данбас.
Як адзначаецца ў выраку, суд таксама забараніў прадпрымальніку цягам 10 гадоў займацца дзейнасьцю, зьвязанай з вытворчасьцю вырабаў з гранітнага каменю.
Згодна з матэрыяламі сьледзтва, гранітны камень і вырабы зь яго пастаўляліся праз пункт пропуску Ягадзін — Дарагуск спачатку на мытную тэрыторыю Польшчы, там іх перагружалі ў чыгуначны ці аўтамабільны транспарт і адпраўлялі праз пункт пропуску Берасьце — Тарэспаль у Менск, а адтуль — у Расею і акупаваныя раёны Данецкай і Луганскай абласьцей.
Сьледчыя назвалі гэтую схему гандлю з Расеяй мэханізмам «перарванага транзыту», які ажыцьцяўляўся, нягледзячы на ўведзеную ўрадам Украіны забарону на гандаль з Расеяй.
Ва Ўкраіне завялі справу аб незаконным гандлі гранітам з Расеяй у верасьні 2023 году. У ёй фігуруюць ня менш за чатыры індывідуальныя прадпрымальнікі і кіраўнікі ўкраінскіх прадпрыемстваў, якія займаліся пастаўкамі граніту, здабытага на Маслаўскім і Букінскім радовішчах у Жытомірскай вобласьці.
Фігуранты справы супрацоўнічалі з індывідуальнымі прадпрымальнікамі Расеі і дзяржаўным АТ «Росгеология». Паводле сьледзтва, гранітны камень пастаўляўся «для стварэньня мэмарыялаў» расейскіх вайскоўцаў на тэрыторыі акупаваных раёнаў Данецкай і Луганскай абласьцей.
Усіх прадпрымальнікаў абвінавацілі ў дапамаганьні дзяржаве-агрэсарцы паводле артыкулу 111-2 Крымінальнага кодэксу, які прадугледжвае пазбаўленьне волі на тэрмін ад 10 да 12 гадоў з пазбаўленьнем права займаць пэўныя пасады або з забаронай займацца пэўнай дзейнасьцю на тэрмін ад 10 да 15 гадоў з або без канфіскацыі маёмасьці.
Гэта першы вырак у той справе. Умоўнае пакараньне стала магчымае праз прызнаньне абвінавачаным сваёй віны і падпісаньне дамовы са сьледзтвам. Разгляд спраў іншых фігурантаў яшчэ адбываецца ў судах.
Форум