Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«ПіК Свабоды». Ці дапушчальна абменьваць прызнаньне легітымнасьці Лукашэнкі на палітвязьняў? Двубой Брухана і Ягорава


Арцём Брухан, Аляксандар Лукашэнка, Андрэй Ягораў, каляж
Арцём Брухан, Аляксандар Лукашэнка, Андрэй Ягораў, каляж

Якой можа быць дапушчальная цана вызваленьня палітвязьняў? Ці апынуліся дэмакратычныя сілы ў тупіку? Ці варта ім перагледзець падыходы 2020–2021 гадоў?

Па гэтых пытаньнях Юрыя Дракахруста ў праграме «ПіК Свабоды» спрачаюцца намесьнік прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў пытаньнях транзыту ўлады Арцём Брухан і адзін з кіраўнікоў блёку Пракоп’ева-Ягорава ў Каардынацыйнай радзе Андрэй Ягораў.

«Я б прызнаў легітымнасьць у пэўным сэнсе таго, што адбываецца ў Беларусі. Я б абмяняў прысутнасьць, напрыклад, эўрапейскіх амбасадараў у Беларусі, калі гэта дазваляе вызваляць палітвязьняў у масавым парадку і рухаць сытуацыю ў Беларусі да больш спрыяльнай для дзейнасьці грамадзянскай супольнасьці»

Фрагмэнт выступу Андрэя Ягорава на канфэрэнцыі «Новая Беларусь», 2024

Ягораў

  • Заявы, падобныя да той, што я зрабіў на канфэрэнцыі, гучалі і раней ад сваякоў палітзьняволеных і ад былых палітзьняволеных. Гаварылася, што кантакты зь беларускім рэжымам — гэта тое, што можа дазволіць вызваліць палітвязьняў. І што ня трэба абмяжоўваць такія кантакты. Магчыма, з маіх вуснаў гэтая прапанова прагучала ўпершыню з трыбуны канфэрэнцыі «Новая Беларусь».
  • Адна з трагедыяў беларускай рэвалюцыі 2020 году, як і рэвалюцыяў наагул, палягае ў тым, што яны пачынаюцца спантанна. Выбарчая кампанія 2020 году ня мела на мэце тыя падзеі, якія разгарнуліся пасьля выбараў.
  • Гаворка не ідзе пра тое, што мы прызнаем легітымнасьць таго, што адбылося 9 жніўня, і тыя дадзеныя, якія тады агучыла ЦВК. Сёньня рэжым шукае сваёй суб’ектнасьці, і мы можам прызнаць рэальнасьць такой, якая яна ёсьць.
  • Пакуль мы настойваем на ранейшых патрабаваньнях (новыя выбары, прыцягненьне Лукашэнкі да адказнасьці), мы ўсё далей ад іх выкананьня. Мы можам яшчэ 4 гады рабіць тое ж, што рабілі папярэднія 4 гады. Але наўрад ці гэта дасьць плён. Гэта азначае наступаць на граблі чарговы раз.
  • У цяперашняй сытуацыі ў нас няма інструмэнтаў хуткай зьмены сытуацыі. Арцём прапануе паглядзець, што будзе ў 2025 годзе. А чаго чакаць? У дэмсілаў тады ня будзе больш інструмэнтаў, чым іх было падчас выбараў 2024 году. Трэба дзейнічаць зараз. І дзейнічаць у старой парадыгме нельга.

  • Дыктатуры руйнуюцца не ў разгар рэакцыі і ўзмацненьня рэпрэсіяў, а ў пэрыяды адлігі і лібэралізацыі. І ў гэтым сэнсе прапанова Артура Клінава «вярнуцца ў 2019 год», трапіць у пэрыяд адлігі, у нечым слушная. І тады ў нас зьяўляюцца значна большыя шанцы на перамены, чым цяпер.
  • Лукашэнка, у адрозьненьне ад дэмакратычных сілаў, ускочыў у цягнік абмену вязьнямі. Як і Хрыста Грозеў і Марыя Пеўчых здолелі паўдзельнічаць у гэтым працэсе.

Брухан

  • Як мінімум да выбараў 2025 году ЭЗ ня будзе пасылаць у Менск сваіх амбасадараў. Чаму Ягораў не вылучаў сваю цяперашнюю прапанову, калі быў старшынём Каардынацыйнай рады?
  • Нядаўна былі ўведзеныя вельмі жорсткія санкцыі ЭЗ. Пасьля гэтага Лукашэнка вызваліў 18 палітвязьняў. Гэта абвяргае закіды, што стратэгія дэмсілаў не працуе. Магчыма, менавіта зараз яна і пачала даваць плён.
  • Частка палітыкаў, якія больш зьвязаныя з NGO, спадзяюцца на тое, што можна будзе вярнуцца ў 2019 год. Я, як і многія іншыя палітыкі, лічу, што палітычная альтэрнатыва рэжыму Лукашэнкі вельмі важная. Калі пасьля 2025 году ў Захаду ўзьнікне жаданьне вяртаць сваіх амбасадараў у Менск, тады ў дэмсілаў будзе нагода абмяркоўваць гэтую зьмену заходняй палітыкі. Пакуль яе няма.
  • Апошні міжнародны абмен вязьнямі быў угодай паміж ЗША і Расеяй. Беларусі ён ніякім бокам ня тычыўся. Чаму ЗША павінны былі наконт гэтага камунікаваць зь беларускімі дэмакратычнымі сіламі? Польшча ў гэтым абмене выконвала прыкладна такую ж ролю, як і Беларусь. З польскай турмы вызвалілі аднаго чалавека, вызваленьня якога Расея дамагалася. Але Варшава ня здолела дамагчыся, каб у абмен выйшаў зь беларускай турмы Анджэй Пачобут. Іншымі словамі, Польшча ў гэтым абмене здолела дамагчыся ня больш, чым дэмакратычныя сілы Беларусі.
  • Тое, што Ціханоўскую прымаюць на Захадзе на высокім урадавым узроўні, — так, гэта заваёва рэвалюцыі 2020 году. І заваёва рэвалюцыі — непрызнаньне рэжыму Лукашэнкі з боку краінаў Захаду. Заходнія краіны могуць паніжаць узровень кантактаў з дэмакратычнымі сіламі, нават не прызнаючы рэжым Лукашэнкі.
  • Я ня згодны з мэтафарычнай тэзай — «трэба вярнуцца ў 2019 год», трэба дамагацца новай адлігі. Андрэй, як палітоляг, разумее, што адбываецца з рэжымам Лукашэнкі — ён робіцца ўсё больш рэпрэсіўным, набываючы рысы таталітарнага. Яму не патрэбная ніякая адліга. Я не выключаю, што яму зараз не патрэбнае нават вяртаньне заходніх амбасадараў.
  • Няма падставаў спадзявацца на лібэралізацыю, узровень рэпрэсіяў толькі падвышаецца. Пра гэта сьведчаць дадзеныя, якія нядаўна абнародаваў Генадзь Коршунаў.

«ПіК Свабоды»

«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Наш сайт
Apple Podcasts
Spotify
Soundcloud
Podcast Republic

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG