Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Турэччыне заблякавалі Instagram без тлумачэньня прычын


Стамбул, Турэччына. Ілюстрацыйнае фота
Стамбул, Турэччына. Ілюстрацыйнае фота

Перад гэтым адзін з турэцкіх чыноўнікаў раскрытыкаваў Instagram за рашэньне блякаваць спачуваньні ў сувязі з гібельлю ў Тэгеране (Іран) Ісмаіла Ханія, палітычнага лідэра палестынскай экстрэмісцкай групоўкі ХАМАС.

Улады Турэччыны заблякавалі доступ да сацыяльнай сеткі Instagram.

Як паведаміла агенцтва Reuters, рашэньне ўхваліла Бюро інфармацыйных тэхналёгіяў і камунікацыяў, не называючы публічна прычын і працягласьці блякаваньня.

Перад гэтым адзін з турэцкіх службоўцаў раскрытыкаваў Instagram за рашэньне блякаваць паведамленьні з спачуваньнямі ў сувязі з гібельлю ў Тэгеране (Іран) Ісмаіла Ханія, палітычнага лідэра палестынскай экстрэмісцкай групоўкі ХАМАС, прызнанай у ЗША і ЭЗ тэрарыстычнаю арганізацыяй.

«Гэта вельмі дакладная і яўная спроба цэнзуры. Мы будзем працягваць абараняць свабоду слова супраць гэтых плятформаў, якія ня раз паказвалі, што служаць глябальнаму эксплюататарскаму парадку і несправядлівасьці. Мы будзем падтрымліваць нашых палестынскіх братоў і сясьцёр пры кожнай магчымасьці і на кожнай плятформе», – напісаў на сваёй старонцы на плятформе Х Фахрэцьцін Алтун, дырэктар камунікацыяў адміністрацыі прэзыдэнта Турэччыны.

У кампаніі Instagram і Meta Platforms Inc. (META.O) сытуацыю пакуль не камэнтуюць.

31 ліпеня Корпус вартавых Іранскай рэвалюцыі паведаміў, што Ісмаіла Ханія забілі ў ягонай рэзыдэнцыі ў Тэгеране ў часе рэйду Ізраілю.

ХАМАС пацьвердзіў навіну паведамленьнем у сваім тэлеграм-канале 31 ліпеня.

Прэзыдэнт Палестыны Махмуд Абас неадкладна асудзіў забойства, інфармуе палестынскае дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва WAFA.

Кіраўнік палітбюро ХАМАС Ісмаіл Ханія быў у Тэгеране для ўдзелу ў цырымоніі інаўгурацыі новага прэзыдэнта Ірану Масуда Пэзэшкіяна 30 ліпеня. Раней 30 ліпеня Ізраіль заявіў, што «зьліквідаваў» Фуада Шукра, камандзіра баевікоў «Хэзбала».

Як мяркуюць у Ізраілі, Шукр стаіць за ракетным ударам у выходныя, ад якога загінулі 12 ізраільскіх маладых людзей. Камандзіра забілі пасьля ўдару па кватэры ў Бэйруце.

Сілы абароны Ізраілю (ЦАГАЛ) напісалі ў паведамленьні ў сацыяльнай сетцы X, што Шукр «накіроўваў» атакі «Хэзбалы».

У ноч на 16 лістапада 2023 году Ізраіль ударыў па рэзыдэнцыі Ханія, матываваўшы гэта тым, што яна выкарыстоўвалася для сустрэчаў лідэраў ХАМАС і абмеркаваньня плянаў тэрарыстычных актаў супраць Ізраілю і яго грамадзян. Ханія тады ў будынку не было.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG