Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі падзякаваў усім, хто змагаўся супраць афіцыйнага ўдзелу зборных Расеі і Беларусі ў Алімпійскіх гульнях у Парыжы, але ён назваў «паўсанкцыямі» дазвол беларускім і расейскім спартоўцам выступаць пад нэўтральным сьцягам.
«Гэта паўсанкцыі, бо расейскія і беларускія спартоўцы выступаюць пад нэўтральным сьцягам. Вядома, іх значна менш, але нікога не падманеш», — сказаў Уладзімір Зяленскі ў інтэрвію францускай L’Équipe.
Украінскі прэзыдэнт перакананы, што ўдзел у Алімпіядзе спартоўцаў краіны, якая забіла 488 украінскіх спартоўцаў і трэнэраў у часе сваёй агрэсіі, недапушчальны.
«У Парыжы пабудаваныя прыгожыя будынкі. У гэтых спартовых комплексах таксама выступаюць спартоўцы пад нэўтральным сьцягам. Калі яны перамагаюць, іх узнагароджваць мэдалямі і ім пляскаюць у далоні. Дык давайце дадамо плямы крыві да гэтага нэўтральнага сьцягу. Так яны змогуць спаборнічаць, гэтага яны заслугоўваюць», — дадаў ён.
Паводле Ўладзіміра Зяленскага, калі сьвет хоча змагацца з тыраніяй і аўтарытарызмам, то пазбаўляць права на ўдзел варта было і Паўночную Карэю, «якая пагражае ўсяму сьвету ядзернай зброяй, прадае Расеі ракеты і мільёны артылерыйскіх снарадаў, якая выкарыстоўвае іх, каб забіваць украінцаў».
Беларусь на гэтых гульнях прадстаўляюць 17 спартоўцаў.
- Роварны спорт: Ганна Церах.
- Скачкі на батуце: Іван Літвіновіч, Віялета Бардзілоўская.
- Цяжкая атлетыка: Сюзанна Валадзько, Яўген Ціханцоў.
- Дужаньне: Абубакар Хаслаханаў, Магамедхабіб Кадзімагамедаў.
- Стральба: Дар’я Чупрыс, Аляксандра Пятрова.
- Веславаньне: Яўген Залаты, Тацяна Клімовіч.
- Каноэ: Уладзіслаў Кравец, Юлія Трушкіна.
- Плаваньне: Ільля Шымановіч, Анастасія Шкурдай, Аліна Змушка.
- Тэквандо: Георгі Гурцыеў.
Беларускія спартоўцы выступаюць у нэўтральным статусе. Абмежавальныя захады ўведзеныя ў адказ на вайну, якую з 24 лютага 2022 году працягвае Расея ва Ўкраіне з выкарыстаньнем тэрыторыі Беларусі.
Форум