Лінкі ўнівэрсальнага доступу

BelPol: працэс над Крыгерам сфальсыфікавалі, а ягоны прыезд у Беларусь справакавалі сілавікі


Нарада ў Аляксандра Лукашэнкі наконт памілаваньня Рыка Крыгера, 30 ліпеня 2024 году
Нарада ў Аляксандра Лукашэнкі наконт памілаваньня Рыка Крыгера, 30 ліпеня 2024 году

Рыка Крыгер сапраўды хацеў паехаць ва Ўкраіну, але ў часе пошуку замежных вайсковых падразьдзелаў, якія ваююць у складзе ўкраінскага войска, трапіў на інтэрнэт-мэсэнджары, створаныя сілавымі органамі Беларусі для выяўленьня добраахвотнікаў.

У супольнасьці былых беларускіх сілавікоў BelPol заявілі, што грамадзяніна Нямеччыны Рыка Крыгера (Rico Krieger) асудзілі ў Беларусі паводле сфальсыфікаваных доказаў, сабраных сілавікамі Беларусі, якія справакавалі ягоны прыезд на беларускую тэрыторыю і выдалі сябе за прадстаўнікоў Службы бясьпекі Ўкраіны і палку імя Кастуся Каліноўскага.

Як адзначаецца ў расьсьледаваньні, праведзеным BelPol разам з Супольнасьцю чыгуначнікаў Беларусі, Рыка Крыгер сапраўды хацеў паехаць ва Ўкраіну, але ў часе пошуку замежных вайсковых падразьдзелаў, якія ваююць у складзе ўкраінскага войска, трапіў на інтэрнэт-мэсэнджары, створаныя сілавымі органамі Беларусі для выяўленьня добраахвотнікаў.

У матэрыяле адзначаецца, што з Рыка Крыгерам «пачалі весьці апэратыўную гульню», у часе якой яго завабілі на тэрыторыю Беларусі, а потым, адсочваючы яго празь перамяшчэньне мабільнага тэлефона, «вялі» па ўсіх маршрутах, каб сабраць «доказы» ягонай датычнасьці да «тэракту».

«Каб „апэрацыя не сарвалася“, Крыгеру забаранілі каму-небудзь расказваць пра кантакты з „прадстаўніком СБУ“ і пляны прыезду ў Беларусь», — адзначаецца ў матэрыяле. У Беларусь ён прыляцеў транзытам з Азэрбайджану безь беларускай візы, бо для грамадзян Нямеччыны дзейнічае бязьвізавы рэжым у выпадку прыбыцьця праз аэрапорт.

Паводле BelPol, правядзеньне гэтай «апэрацыі» санкцыянаваў Аляксандар Лукашэнка. Пры гэтым усе выдаткі на прыезд у Менск і знаходжаньне ў Беларусі аплачваў сам Крыгер, хоць яму абяцалі іх потым кампэнсаваць.

У матэрыяле адзначаецца, што дрон, зь якім нямецкі грамадзянін прыехаў у Беларусь і на які зьвярталі ўвагу ў часе працэсу, непрыдатны для шпіёнскай дзейнасьці. «Яго цана складае каля 100 эўра, вага — 160 грамаў, зараду батарэі хапае ўсяго на 9–10 хвілін палёту, заяўленая адлегласьць палёту — 40 мэтраў. Яго немагчыма выкарыстоўваць нават ва ўмовах лёгкага ветру», — адзначылі ў BelPol.

Згодна з расьсьледаваньнем, сілавікі самі давалі Крыгеру заданьні фатаграфаваць аб’екты ў Асіповічах і на станцыі «Азярышча», каб выкарыстаць гэта ў якасьці «матэрыяльных доказаў» ягонай «агентурнай дзейнасьці ў інтарэсах СБУ».

Паводле BelPol, выбух на станцыі таксама зладзілі беларускія сілавікі ў цалкам кантраляванай абстаноўцы зь мінімальнымі наступствамі і ў пэрыяд, калі на чыгунцы не было руху.

«Для „кантролю за сытуацыяй“ у ноч з 5 на 6 кастрычніка 2023 году некаторыя супрацоўнікі кіроўнага зьвяна Беларускай чыгункі знаходзіліся на працоўных месцах, на шэрагу чыгуначных аб’ектаў знаходзіліся афіцэры КДБ», — сьцьвярджаюць у BelPol.

Апроч таго, паводле арганізацыі, прыкладна празь месяц пасьля «суду», калі не змаглі дабіцца ад нямецкага боку выкананьня выстаўленых умоў для перадачы Крыгера ўладам ФРГ, «рэжым арганізаваў „выцек“ некаторай інфармацыі пра судовы працэс, у выніку якога зьвесткі пра сьмяротны прысуд іншаземцу сталі здабыткам спачатку беларускай, а затым і сусьветнай грамадзкасьці. Пры гэтым перасьледавалі мэту стварыць грамадзкі ціск на кіраўніцтва ФРГ, каб яно было больш „згаворлівым“».

30 ліпеня Аляксандар Лукашэнка памілаваў Рыка Крыгера. Перад гэтым ён правёў з гэтай нагоды нараду, на якой прысутнічалі старшыня КДБ Іван Тэртэль, адвакат нямецкага грамадзяніна Ўладзімер Горбач, прапагандыстка Людміла Гладкая, якая нядаўна апублікавала падрабязнасьці працэсу над грамадзянінам Нямеччыны.

Прэсавая сакратарка Лукашэнкі Натальля Эйсмант учора адказала на пытаньне аб тым, ці выдасьць Беларусь Крыгера Нямеччыне, ці ён будзе адбываць пажыцьцёвае зьняволеньне.
Пра гэта паведамляе РИА Новости.
«Бэрлін пакуль не зьвяртаўся да Менску. Я зараз магу сказаць адно: пакуль кіраўніцтва Нямеччыны лёс іх грамадзяніна, мяркуючы па ўсім, зусім не хвалюе », – заявіла Эйсмант.

У МЗС Нямеччыны 31 ліпеня пракамэнтавалі памілаваньне Крыгера, паведамляе DW. Прэс-сакратар ведамства Сэбаст'ян Фішэр заявіў, што нямецкі бок «імкнецца да таго, каб ён (Рыка Крыгер — рэд.) вярнуўся як мага хутчэй». Пры гэтым у ведамстве ня сталі адказваць на пытаньне, ці выстаўляў беларускі бок умовы для памілаваньня Крыгера.

«Я не хачу камэнтаваць, што заахвоціла спадара Лукашэнку памілаваць нямецкага грамадзяніна. Магу толькі сказаць, што гэтая навіна прынесла нам палёгку», — сказаў Фішэр. На пытаньне, ці зьвязанае памілаваньне з магчымым абменам беларускіх ці расейскіх палітвязьняў, прадстаўнік МЗС Нямеччыны, як і раней, адказваць адмовіўся.

Сьмяротны прысуд Рыка Крыгеру вынесьлі 24 чэрвеня, вядома пра гэта стала амаль празь месяц. Суд прызнаў яго вінаватым паводле 6 цяжкіх артыкулаў КК РБ, у тым ліку ў акце тэрарызму.

У этэры прапагандысцкага дзяржаўнага тэлеканалу «Беларусь 1» Крыгер расказаў пра сваё жаданьне «спатрэбіцца» Ўкраіне, пра тое, як пачаў адпраўляць заяўкі ва ўкраінскія добраахвотніцкія фармаваньні, а потым на загад «куратара» вылецеў у Менск, там даставіў заплечнік на станцыю Азярышча, дзе пазьней адбыўся выбух, у выніку якога ніхто не пацярпеў. Запіс «інтэрвію» з Крыгерам у этэры дзяржаўнага тэлеканалу мог быць зроблены пад прымусам.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG