Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўская паліцыя пачала расьсьледаваньне нападу на краму беларускіх сувэніраў у Вільні


Зьміцер і Вольга Фурманавы
Зьміцер і Вольга Фурманавы

Матэрыяльную шкоду ацанілі ў 1000 эўра.

Прадстаўнік Галоўнага камісарыяту паліцыі Віленскага павету Томас Бражанас адзначыў, што па факце нападу на краму пачата папярэдняе расьсьледаваньне, піша Delfi.

Паводле словаў паліцыі, калі ў час расьсьледаваньня зьявяцца новыя падрабязнасьці, яно можа быць перакваліфікаванае ў «распальваньне нянавісьці ці іншае расьсьледаваньне».

На будынку беларускай крамы Kropka ў Вільні ўначы 28 ліпеня невядомыя напісалі «Вяртайцеся дадому, беларускія сьвіньні». Надпіс зроблены на літоўскай мове. Апроч гэтага, у краме разьбілі шыбу.

Краму беларускай сымболікі і сувэніраў Kropka ў цэнтры Вільні па адрасе Savičiaus g. 6 адкрылі сёлета ў канцы траўня былы палітвязень Зьміцер Фурманаў і ягоная жонка Вольга. Пара працуе ў тым ліку з майстрамі, якія вымушана пакінулі Беларусь.

Сам Фурманаў схіляецца да думкі, што напад на краму — «правакацыя лукашыстаў».

Каманда беларускай творчай прасторы і крамы «Кропка» ў Вільні абвясьціла збор грошай на рамонт крамы пасьля нападу.

30 ліпеня Сьвятлана Ціханоўская, амбасадарка па асаблівых даручэньнях літоўскага МЗС Аста Андрыяўскіяне і дэпутат літоўскага Сэйму Томас Тамілінас наведалі краму Kropka, каб выказаць словы салідарнасьці яе ўладальнікам.

Ціханоўская назвала напад на краму правакацыяй, «скіраванай на тое, каб сапсаваць адносіны паміж беларусамі і літоўцамі». «Мы зь літоўцамі павінны разам спыніць правакатараў», — падкрэсьліла палітык.

  • Зьмітра Фурманава затрымалі 29 траўня 2020 году ў Горадні падчас пікету па зборы подпісаў за вылучэньне Сьвятланы Ціханоўскай кандыдаткай у прэзыдэнты Беларусі. У той самы дзень быў затрыманы Сяргей Ціханоўскі. 20 траўня 2021 году Фурманава асудзілі на 2 гады зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх). 21 кастрычніка 2021 году палітвязень выйшаў на волю і неўзабаве зьехаў зь Беларусі.
  • Паводле зьвестак Дэпартамэнту міграцыі пры МУС Літвы, на 1 ліпеня ў гэтай краіне пражывала 62 535 грамадзян Беларусі, і гэта другая паводле колькасьці нацыянальная група замежнікаў у Літве пасьля ўкраінцаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG