Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрымалі мужчыну, які апублікаваў відэаролік з чаргой у ДАІ ў Горадні


ДАІ
ДАІ

У Горадні сілавікі затрымалі мужчыну, які зьняў і апублікаваў у сацсетках відэаролік чаргі, якая ўтварылася каля мясцовай Дзяржаўтаінспэкцыі.

Пра гэта паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы, піша інфармацыйнае агенцтва «Позірк».

Відэа, якое выклаў мужчына, апублікавалі таксама розныя інтэрнэт-рэсурсы.

Пасьля гэтага начальнік ДАІ МУС Віктар Ротчанкаў паведаміў, што міністар унутраных справаў Іван Кубракоў даў указаньне ГУБАЗіК «устанавіць асобаў, якія штучна абвастраюць абстаноўку і ажыцьцяўляюць інфармацыйныя ўкіды, якія не адпавядаюць рэчаіснасьці» (цытата паводле рэлізу МУС).

Пры гэтым ведамства ня стала адмаўляць факт ажыятажу, паведаміўшы, што сытуацыя, «якая склалася на днях у рэгістрацыйным падразьдзяленьні ДАІ УУС Горадзеншчыны», знаходзіцца на асабістым кантролі міністра. Там адзначылі, што прычынай ажыятажу «стала патрабаваньне краінаў ЭЗ адносна перасячэньня мяжы: у аўтамабілі абавязкова павінен знаходзіцца яго ўладальнік».

Набліжаны да сілавікоў канал паведаміў, што мужчыну, які апублікаваў відэа, затрымлівалі байцы атраду спэцыяльнага прызначэньня «Тайфун», створанага на пачатку траўня 2023 году (раней такія атрады зьявіліся ў Берасьці, Гомлі і Менску) для вядзеньня баявых дзеяньняў, барацьбы з дывэрсійна-выведнымі групамі, незаконнымі ўзброенымі фармаваньнямі, а таксама для ўзмацненьня аховы дзяржаўнай мяжы і забесьпячэньня бясьпекі грамадзянаў.

На апублікаваным сілавікамі відэа затрыманы кажа, што ў 2020 і 2021 годзе прайшоў рэгістрацыю ў чат-боце «Пляну „Перамога“». Сілавікі таксама паведамілі, што знайшлі ў мужчыны «бчб-падпіскі». Што інкрымінуюць затрыманаму — не паведамляецца, аднак гаворка ідзе пра публікацыю відэа ў тэлеграм-каналах, прызнаных уладамі «экстрэмісцкімі».

З 16 ліпеня асобам на легкавых аўтамабілях зь беларускімі нумарамі забараняецца ўяжджаць у ЭЗ праз пункты пропуску на мяжы Латвіі зь Беларусьсю і Расеяй. Гэтая норма раней дзейнічала ў дачыненьні да транспарту, зарэгістраванага ў Расеі.

17 ліпеня пра намер забараніць уезд аўтамабіляў зь беларускімі нумарамі заявілі ў Эстоніі. Літва перастала ўпускаць легкавыя аўтамабілі зь беларускімі нумарамі з 18 ліпеня.

З 9 ліпеня ў Польшчу не ўпускаюць беларускія аўтамабілі, калі ў салёне няма іх уладальніка.

Абмежаваньні тлумачаць прынятымі 29 чэрвеня новымі санкцыямі ЭЗ адносна Беларусі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG