Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Паўднёвай Карэі сочаць за перамовамі кіраўніка МЗС Беларусі з уладамі КНДР


Сустрэча беларускай дэлегацыі ў Пхэньянскім аэрапорце 23 ліпеня 2024 году. Фота ЦТАК, дзяржаўнага агенцтва КНДР
Сустрэча беларускай дэлегацыі ў Пхэньянскім аэрапорце 23 ліпеня 2024 году. Фота ЦТАК, дзяржаўнага агенцтва КНДР

Перад афіцыйнымі перамовамі Максім Рыжанкоў наведаў манумэнт Ідэй Чучхэ і агледзеў панараму Пхэньяну з 170-мэтровай вышыні.

Міністарка замежных спраў Карэйскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікі Чхо Сон Хуэй арганізавала банкет для міністра замежных спраў Беларусі Максіма Рыжанкова, які 23 ліпеня прыбыў з афіцыйным візытам у Пхэньян.

Як паведаміла паўднёвакарэйскае інфармацыйнае агенцтва Yonhap, у сваім выступе на гэтым банкеце Чхо Сон Хуэй «паабяцала пашырыць дачыненьні».

У сваю чаргу Максім Рыжанкоў падкрэсьліў, што Аляксандар Лукашэнка і Кім Чэн Ын заявілі аб «глыбокай зацікаўленасьці ў паглыбленьні дачыненьняў паміж дзьвюма краінамі на аснове ўзаемнага даверу, павагі і разуменьня».

У матэрыяле паўднёвакарэйскага агенцтва адзначаецца, што, «улічваючы паглыбленьне сувязяў краін з Расеяй, экспэрты кажуць, што паездка Рыжанкова, імаверна, будзе сканцэнтраваная на пабудове трохбаковага супрацоўніцтва, каб лепш супрацьстаяць дзеяньням Захаду».

«Беларусь, якой 30 гадоў кіруе аўтарытарны прэзыдэнт, падтрымлівае ўварваньне Расеі ва Ўкраіну і лічыцца адным з моцных хаўрусьнікаў Расеі. Яна таксама ўваходзіць у лік краін, у якія Паўночная Карэя адпраўляла сваіх рабочых у мінулым у парушэньне рэзалюцый Рады Бясьпекі ААН», — піша выданьне.

«Існуе вялікая імавернасьць такога трохбаковага супрацоўніцтва з удзелам Расеі», — сказаў навуковы супрацоўнік Карэйскага інстытуту нацыянальнага аб’яднаньня Хэн Сын Су. Ён дадаў, што ў Расеі ёсьць меркаваньні, што супрацоўніцтва можа распаўсюджвацца як на эканамічны, так і на вайсковы сэктары.

Выданьне нагадала, што ў часе сустрэчы з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным летась у верасьні Аляксандар Лукашэнка прапанаваў, каб Беларусь далучылася да супрацы Расеі і КНДР.

«Пуцін жадае стварыць структуру, дзе дружалюбныя Расеі краіны ў Эўразіі змогуць супрацоўнічаць без умяшаньня Захаду», — мяркуе Хэн Сын Су.

У той жа час дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва Паўночнай Карэі kcna.kp (ЦТАК) пакуль абмежавалася толькі адным паведамленьнем — аб прыбыцьці Рыжанкова ў Пхэньян. Як паведамлялася, беларускага міністра ў аэрапорце сустракаў намесьнік міністра замежных спраў КНДР Кім Чон Гю, а на мачтах «Пхэньянскага міжнароднага аэрапорту луналі дзяржаўныя сьцягі КНДР і Рэспублікі Беларусь».

Telegram-канал «Глас МИДа», які зьвязваюць з замежнапалітычным ведамствам Беларусі, паведаміў пра «вельмі і вельмі цікавы візыт беларускай дэлегацыі ў КНДР», які будзе мець канкрэтныя вынікі.

Перад афіцыйнымі перамовамі Максім Рыжанкоў наведаў манумэнт Ідэй Чучхэ і агледзеў панараму Пхэньяна з 170-мэтровай вышыні.

Чучхэ — паўночнакарэйская дзяржаўная ідэалёгія, якую распрацаваў Кім Ір Сэн (кіраўнік КНДР у 1948–1994 гадах) у супрацьвагу «імпартнаму марксізму».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG