Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў, што падпісаны з КНДР дагавор аб усёабдымным стратэгічным партнэрстве прадугледжвае ўзаемную дапамогу ў выпадку агрэсіі супраць аднаго з удзельнікаў.
«Падпісаны сёньня дагавор аб усёабдымным стратэгічным партнэрстве прадугледжвае, у тым ліку, аказаньне ўзаемнай дапамогі ў выпадку агрэсіі супраць аднаго з удзельнікаў гэтай дамовы», — працытавала расейскае агенцтва «Интерфакс» Уладзіміра Пуціна.
У сувязі з гэтым кіраўнік Расеі згадаў заявы ЗША і краін NATO аб пастаўках высокадакладных сыстэм узбраеньняў вялікага радыюсу дзеяньня, самалёта F-16 і іншага аналягічнага ўзбраеньня і тэхнікі «для нанясеньня ўдараў па расейскай тэрыторыі».
«Гэта ня толькі заява, гэта ўжо адбываецца, і ўсё гэта грубае парушэньне ўзятых на сябе заходнімі краінамі абмежаваньняў у рамках рознага кшталту міжнародных абавязаньняў», — заявіў Пуцін.
Падпісаньне дамовы аб усёабдымным стратэгічным партнэрстве паміж Расеяй і КНДР адбылося ў межах візыту Пуціна ў Пхэньян (КНДР). Гэты дакумэнт заменіць папярэднія дамовы, якія Расея і Паўночная Карэя падпісвалі ў 1961, 2000 і 2001 гадах.
Форум