Дата дня
20 ліпеня 1994 году Аляксандар Лукашэнка прынёс прысягу ў якасьці першага прэзыдэнта незалежнай Беларусі. Інаўгурацыя праходзіла пад бел-чырвона-белым сьцягам і на трыбуне з Пагоняй.
Таксама ў гэты дзень
1863 — у Вільню прыяжджае адзін з кіраўнікоў Нацыянальнага ўраду Оскар Авэйдэ, якому Кастусь Каліноўскі заяўляе, што «Літва і Беларусь — зусім асобная і самастойная дзяржава». Гістарычны момант нараджэньня Беларусі як суб’екта палітыкі, а Каліноўскага як першага беларускага палітычнага лідэра.
1920 — часткі Чырвонай Арміі, якія наступалі на Польшчу, занялі Вільню.
1930 — у справе «Саюзу вызваленьня Беларусі» арыштаваны паэт Уладзімер Дубоўка.
1936 — была падпісаная гэтак званая канвэнцыя Мантрэ аб статусе праліваў Басфор і Дарданэлы. Канвэнцыя захоўвае за гандлёвымі суднамі ўсіх краінаў свабоду праходу праз пралівы як у мірны, так і ў ваенны час, але ўстанаўляе розны рэжым праходу ваенных караблёў у дачыненьні да чарнаморскіх і нечарнаморскіх дзяржаваў.
1941 — было створанае Менскае гета, другое паводле велічыні на тэрыторыі СССР (пасля львоўскага). Усяго за гады нацысцкай акупацыі ў ім загінула больш за 105 000 габрэяў.
1944 — палкоўнік вэрмахту Кляўс Шэнк фон Штаўфэнбэрг зрабіў няўдалую спробу замаху на Гітлера.
2016 — у Кіеве загінуў журналіст Павал Шарамет. Аўтамабіль, у якім ён ехаў на працу, выбухнуў на скрыжаваньні цэнтральных вуліц украінскай сталіцы.
У гэты дзень нарадзіліся
1880 — Гальяш Леўчык, паэт, публіцыст, перакладчык, музыка.
1924 — Уладзімер Анічэнка, беларускі мовазнаўца.
1931 — Гай Пікарда, ангельска-францускі адвакат і музыказнаўца, дасьледнік беларускай культуры.
1971 — Зьміцер Вайцюшкевіч, кампазытар, сьпявак, музыка.
1981 — Зьміцер Дашкевіч, палітык, палітвязень.
У памяці
1897 — Оскар Авэйдэ, адзін з кіраўнікоў Нацыянальнага ўраду. Памёр на пасяленьні ў Вяцкай губэрні высланы туды за ўдзел у паўстаньні 1863-1864 гадоў.
1926 — Фэлікс Дзяржынскі, кіраўнік ВЧК і ГПУ — карных органаў камуністычнага рэжыму. У гонар Дзяржынскага ў Беларусі дагэтуль застаюцца перайменаванымі два адметныя паселішчы — Койданава пад Менскам і вёска Радзілавічы ў Лельчыцкім раёне. У 2024 годзе імя Дзяржынскага было нададзенае ліцэю БДУ.
1977 — Іван Любачка, беларускі гісторык. Аўтар многіх публікацый, у тым ліку «Беларусь пад савецкай уладай, 1917-1957». Ашчаджаныя за жыцьцё сродкі Любачка запісаў на заснаваньне стыпендыяльнага фонду для падтрымання дасьледаваньняў у галіне беларусазнаўства.
1992 — Валянцін Ждановіч, журналіст і фотамастак.