У дакумэнце, як сказана ў прэс-рэлізе, выкладзена першая афіцыйная пазыцыя наконт агрэсіўнай вайны Расеі супраць Украіны.
Рэзалюцыю падтрымалі 495 дэпутатаў, супраць прагаласавалі 137, яшчэ 47 устрымаліся. Дакумэнт пацьвярджае падтрымку незалежнасьці, сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны, заклікае пашырыць санкцыі супраць Расеі і Беларусі і канфіскаваць замарожаныя расейскія дзяржаўныя актывы.
«Зноў заяўляючы аб сваёй цьвёрдай перакананасьці ў тым, што Расея павінна выплаціць фінансавую кампэнсацыю за разбурэньні, прычыненыя ёю Ўкраіне, эўрадэпутаты вітаюць нядаўнія намаганьні ЭЗ па накіраваньні даходаў ад замарожаных расейскіх актываў на падтрымку ўкраінскіх ваенных намаганьняў», — гаворыцца ў прэс-рэлізе.
Эўрапарлямэнт таксама асудзіў нядаўні візыт Віктара Орбана ў Расею. У рэзалюцыі сказана, што ён не прадстаўляе ЭЗ, а яго візыт — «абуральнае парушэньне дамоваў і агульнай зьнешняй палітыкі ЭЗ». Вугоршчына, як зазначаецца, «павінна панесьці пакараньне за гэтыя дзеяньні».
Орбан раней наведаў Украіну, Расею, Пэкін і ЗША. У лісьце кіраўніку Эўрапейскай Рады Шарлю Мішэлю вугорскі прэмʼер расказаў пра вынікі сваёй так званай «міратворчай місіі». Мішэль адказаў яму, што прымае да ўвагі ягоную думку і прапановы, нагадаўшы, што пазыцыя ЭЗ у дачыненьні да Ўкраіны ўзгодненая і пацьверджаная падчас саміту, які адбыўся ў чэрвені. Ён таксама зьвярнуў увагу на тое, што Вугоршчына, якая старшынюе ў Радзе ЭЗ, ня мае мандату выступаць ад імя абʼяднаньня на міжнароднай арэне.
Старшыня Эўрапейскай Рады зазначыў, што ніводная дыскусія пра Ўкраіну ня можа праходзіць без Украіны: «ЭЗ пасьлядоўна імкнецца стварыць шырокую міжнародную падтрымку ўсёабдымнага, справядлівага і працяглага міру на аснове Статуту ААН і міжнароднага права ў адпаведнасьці з ключавымі прынцыпамі і мэтамі ўкраінскай Формулы міру. ЭЗ не шкадуе намаганьняў, каб зьвязацца з усімі партнэрамі ў гэтым пляне, у тым ліку з Кітаем».
Форум