Галасаваньне завяршылася а 19:30. Мельнікава і Гліньнік былі адзінымі, хто вылучыў свае кандыдатуры на гэтыя пасады.
10 ліпеня падчас паседжаньня Каардынацыйнай рады кандыдаты на пасады выступілі з прамовамі і адказалі на пытаньні прадстаўнікоў выбарчых сьпісаў.
Галасаваньне па кандыдатурах Мельнікавай і Гліньнік праходзіла на працягу 24 гадзін у спэцыяльным тэлеграм-канале Каардынацыйнай рады.
Напярэдадні паседжаньня КР «Блёк Пракопʼева — Ягорава» заявіў пра адмову вылучаць сваіх кандыдатаў на пасады сьпікера і віцэ-сьпікера, адзначыўшы, што «дзеяньні фракцыі Паўла Латушкі вядуць да ліквідацыі незалежнасьці Каардынацыйнай рады і яе падпарадкаваньня Офісу Сьвятланы Ціханоўскай і Абʼяднанаму пераходнаму кабінэту пад яе кіраўніцтвам». Блёк заклікаў усіх удзельнікаў КР «сканцэнтравацца на прыняцьці рашэньняў, якія будуць адпавядаць сапраўдным патрэбам беларусаў, а не вузкапартыйным інтарэсам або вонкаваму ўплыву ўрадаў іншых краін».
Пра Анжаліку Мельнікаву і Станіславу Гліньнік
Прадстаўніца сьпісу «Каманда Латушкі і рух «За свабоду» Анжаліка Мельнікава — з чэрвеня 2022 году каардынатарка праектаў «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня» на чале з Паўлам Латушкам. Выступаючы на паседжаньні Каардынацыйнай рады 10 ліпеня, яна назвала асноўнымі кірункамі сваёй дзейнасьці ў выпадку выбраньня «працу ў інтарэсах беларусаў і вырашэньне канкрэтных праблем людзей», пашырэньне паўнамоцтваў КР і яе ўзаемадзеяньня з АПК, узьняцьце ўзроўню і прэстыжу КР, структурызацыю і якаснае асьвятленьне яе працы.
Мельнікава скончыла Менскі дзяржаўны лінгвістычны ўнівэрсытэт і Беларускі дзяржаўны эканамічны ўнівэрсытэт. Да 2018 году была намесьніцай гендырэктара «Кока-Кола Беўрыджыз Беларусь», пасьля пайшла ў дэкрэтны водпуск. У 2020-м яе двойчы затрымлівалі на пратэстах, у выніку сям’я выехала зь Беларусі.
Станіслава Гліньнік прадстаўляе сьпіс «Эўрапейскі выбар». З канца 2023 году — асабістая памочніца Сьвятланы Ціханоўскай.
Станіслава Гліньнік — унучка былога старшыні Вярхоўнага Савету Станіслава Шушкевіча. Яна вучылася ў Ліцэі БДУ, Варшаўскім унівэрсытэце, цяпер працягвае навучаньне ў Варшаўскім унівэрсытэце прыродазнаўчых навук. Працавала ў няўрадавых арганізацыях, была супрацоўніцай Сакратарыяту Каардынацыйнай рады.
- На выбарах у КР трэцяга складу, якія прайшлі 25–27 траўня, прагаласавалі 6723 чалавекі. Сьпіс «Каманда Латушкі і рух «За свабоду» паказаў найлепшы вынік сярод 11 кааліцыяў — 2358 галасоў (28 мандатаў). «Эўрапейскі выбар» мае 8 мандатаў. Усяго ў склад КР было выбрана 80 чалавек.
- Сьпікерам КС другога скліканьня быў палітоляг Андрэй Ягораў.
Форум