Прадстаўніца сьпісу «Каманда Латушкі і Рух «За Свабоду» Анжаліка Мельнікава стала адзіным сябрам Каардынацыйнай рады (КР), які вылучыў сваю кандыдатуру на пасаду сьпікера гэтай структуры. Адзіным кандыдатам на пасаду віцэ-сьпікера стала Станіслава Гліньнік, якая прадстаўляе сьпіс «Эўрапейскі выбар».
Пр тое, што на кожную з пасадаў прэтэндуе па адной кандыдатуры, паведаміў падчас першага працоўнага паседжаньня Каардынацыйнай рады 10 ліпеня яго вядоўца Юры Губарэвіч.
У парадку дня паседжаньня было адзінае пытаньне — абраньне сьпікера і віцэ-сьпікера КР. Падчас паседжаньняў кандыдаты на пасады выступілі з прамовамі і адказалі на пытаньні прадстаўнікоў выбарчых сьпісаў, пасьля выступілі прадстаўнікі выбарчых сьпісаў, і зноў кандыдаты — з заключным словам (трансьляцыя паседжаньня даступная па спасылцы).
Анжаліка Мельнікава з чэрвеня 2022 году зьяўляецца каардынатаркай праектаў Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня, які ўзначальвае намесьнік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінэта Павал Латушка. Выступаючы перад сябрамі КР, яна назвала асноўнымі напрамкамі сваёй дзейнасьці ў выпадку абраньня «працу ў інтарэсах беларусаў і вырашэньне канкрэтных праблем людзей», пашырэньне паўнамоцтваў КР і яе ўзаемадзеяньня з АПК, узьняцьце ўзроўню і прэстыжу КР, структурызацыю і якаснае асьвятленьне яе працы, паведамляе «Позірк».
Станіслава Гліньнік, унучка былога старшыні Вярхоўнага Савета Станіслава Шушкевіча, зьяўляецца асабістай памочніцай кіраўніка АПК Сьвятланы Ціханоўскай.
Напярэдадні абмеркаваньня «Блёк Пракопʼева-Ягорава» заявіў пра адмову вылучаць сваіх кандыдатаў на пасады сьпікера і віцэ-сьпікера, адзначыўшы, што «дзеяньні фракцыі Паўла Латушкі вядуць да ліквідацыі незалежнасьці Каардынацыйнай рады і яе падпарадкаваньня Офісу Сьвятланы Ціханоўскай і Абʼяднанаму пераходнаму кабінэту пад яе кіраўніцтвам». Блёк заклікаў усіх удзельнікаў КР «сканцэнтравацца на прыняцьці рашэньняў, якія будуць адпавядаць сапраўдным патрэбам беларусаў, а не вузкапартыйным інтарэсам або зьнешняму ўплыву ўрадаў іншых краін».
Галасаваньне па кандыдатурах Мельнікавай і Гліньнік будзе праходзіць на працягу 24 гадзін у спэцыяльным тэлеграм-канале Каардынацыйнай рады. Такім чынам, яго вынікі будуць вядомыя ўвечары 11 ліпеня.
- Анжаліка Мельнікава скончыла Менскі дзяржаўны лінгвістычны ўнівэрсытэт і Беларускі дзяржаўны эканамічны ўнівэрсытэт. Да 2018 году была намесьніцай гендырэктара «Кока-Кола Беўрыджыз Беларусь», пасьля сышла ў дэкрэтны адпачынак. У 2020 яе двойчы затрымлівалі на пратэстах, у выніку сям’я зьехала зь Беларусі, піша «Наша Ніва».
- Станіслава Гліньнік вучылася ў Ліцэі БДУ, Варшаўскім унівэрсытэце, цяпер працягвае навучаньне ў Варшаўскім унівэрсытэце прыродазнаўчых навук. Працавала ў няўрадавых арганізацыях, была супрацоўніцай Сакратарыяту Каардынацыйнай рады. З канца 2023 году стала асабістай памочніцай Сьвятланы Ціханоўскай.
- На выбарах у КР трэцяга складу, якія прайшлі 25-27 траўня, прагаласавалі 6723 чалавекі. Сьпіс «Каманда Латушкі і Рух «За Свабоду» паказаў найлепшы вынік сярод 11 кааліцыяў — 2358 галасоў (28 мандатаў). «Эўрапейскі выбар» мае 8 мандатаў. Усяго ў склад КР было абрана 80 чалавек.
- Сьпікерам КС другога скліканьня быў палітоляг Андрэй Ягораў.
Форум