«Голас Амэрыкі» сабраў заявы амэрыканскіх чыноўнікаў пра гэта.
Стварэньне «моста да сяброўства» Ўкраіны ў NATO — істотны вынік саміту, — адзначае старшы дырэктар у пытаньнях Эўропы Рады нацыянальнай бясьпекі ЗША Майкл Карпэнтэр у інтэрвію «Голасу Амэрыкі».
Паводле яго чаканьняў, «украінцы будуць задаволеныя вынікамі саміту».
Па словах старшага дырэктара ў пытаньнях Эўропы Рады нацыянальнай бясьпекі ЗША, на практыцы «мост да сяброўства» Ўкраіны ў NATO азначае, што NATO стварае цэлае новае камандаваньне ў Вісбадэне ў Нямеччыне для падтрымкі Ўкраіны ў навучаньні, каардынацыі, абсталяваньні, лягістыцы, разьвіцьці войскаў.
Таксама Карпэнтэр сказаў, што ёсьць доўгатэрміновыя фінансавыя абавязаньні партнэраў па NATO.
«Тут ёсьць і палітычны кампанэнт, які ўключае ў сябе разьмяшчэньне высокапастаўленага цывільнага прадстаўніка ў Кіеве для кіраваньня інстытуцыйным абаронным працэсам, пакуль Украіна ня стане сябрам NATO», — растлумачыў чыноўнік Белага дома.
«Мы заўсёды выступалі за тое, што будучыня Ўкраіны — у NATO. Пытаньне ў тым, як прасыгналізаваць пра наша моцнае жаданьне, каб Украіна як мага хутчэй прасоўвалася да гэтай канчатковай мэты — сяброўства ў Альянсе. І тое, што мы паспрабавалі зрабіць на гэтым саміце, і нам гэта ўдаецца — мы даём гэты „мост да сяброўства“ ва Ўкраіне», — сказаў Майкл Карпэнтэр.
Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен сказаў аб «надзвычай магутным пакеце» для Ўкраіны, які пабудуе моцны мост" для сяброўства Ўкраіны ў NATO.
Дзяржсакратар падкрэсьліў, што нядаўна падпісаныя пагадненьні аб бясьпецы з Украінай ЗША і іншымі партнэрамі азначаюць, што гэтыя краіны абавязаліся на доўгатэрміновую пэрспэктыву дапамагчы Ўкраіне пабудаваць абаронную здольнасьць, што дасьць магчымасьць ёй стрымліваць Расею.
«Гэта пасылае наймацнейшы мэсэдж прэзыдэнту Расеі Ўладзіміру Пуціну, што ён не пратрымаецца даўжэй за Ўкраіну, ён не пратрымаецца даўжэй за партнэраў Украіны», — сказаў Блінкен.
У заяве, разьмешчанай на сайце Белага дома 9 ліпеня, адзначана, што заходнія краіны сумесна даюць Украіне наступныя сыстэмы супрацьпаветранай абароны:
- дадатковыя батарэі Patriot ад ЗША, Нямеччыны і Румыніі;
- кампанэнты комплексу Patriot ад Нідэрляндаў і іншымі партнэраў, для забесьпячэньня працы дадатковай батарэі Patriot;
- дадатковую сыстэму SAMP-T ад Італіі.
«Украіна спыніць Пуціна з нашай падтрымкай» — Байдэн
Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн заявіў 9 ліпеня ў першы дзень саміту NATO ў Вашынгтоне, што ў той час як Расея імкнецца «сьцерці Ўкраіну зь зямлі», ён перакананы, што Расея не пераможа.
«Украіна можа і спыніць Пуціна, асабліва з нашай поўнай калектыўнай падтрымкай. У іх ёсьць наша поўная падтрымка», — сказаў Байдэн у першы дзень саміту NATO ў ЗША 9 ліпеня.
Байдэн таксама дадаў, што сёньня NATO «мацнейшы, чым калі-небудзь у сваёй гісторыі».
«Калі пачалася гэтая дурная вайна, Украіна была свабоднай краінай. Сёньня гэта па-ранейшаму свабодная краіна. І вайна скончыцца тым, што Ўкраіна застанецца свабоднай і незалежнай краінай. Расея не пераможа. Украіна пераможа», — падкрэсьліў прэзыдэнт ЗША.
Форум