Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саміт NATO рашуча падтрымаў «незваротны шлях» Украіны да сяброўства, акрэсьліў пляны па ўмацаваньні альянсу


Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн, прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон і генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг падчас саміту NATO, прысьвечаным 75-й гадавіне альянсу. Вашынгтон, 9 ліпеня 2024
Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн, прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон і генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг падчас саміту NATO, прысьвечаным 75-й гадавіне альянсу. Вашынгтон, 9 ліпеня 2024

Лідэры краін NATO, якія ўдзельнічаюць у юбілейным саміце альянсу, падтрымалі «незваротны шлях» Украіны да сяброўства, заявіўшы, што Кіеў мае права выбіраць свае ўласныя захады бясьпекі і што яго «будучыня ў NATO».

Гэтая пазыцыя, выкладзеная ў сумеснай дэклярацыі па выніках першага дня дыскусій на саміце 10 ліпеня, стала відавочным знакам пастаяннай падтрымкі NATO намаганьняў Украіны ў абароне ад уварваньня расейскіх сіл.

«Мы яшчэ раз пацьвярджаем, што будзем у стане накіраваць Украіне запрашэньне далучыцца да альянсу, калі саюзьнікі пагодзяцца і ўмовы будуць выкананыя», — гаворыцца ў заяве.

Выступаючы на прэс-канфэрэнцыі па заканчэньні дзённых сустрэч, генэральны сакратар Енс Столтэнбэрг абмеркаваў шэраг крокаў, якія былі ўзгодненыя для дапамогі Ўкраіне больш чым праз два гады пасьля поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ў 2022 годзе.

Столтэнбэрг акрэсьліў пачатак новага праекту, у рамках якога альянс упершыню будзе каардынаваць ваенную падтрымку і навучаньне з камандным цэнтрам у ФРГ.

Ён таксама высока ацаніў паляпшэньне фінансаваньня абароны з боку чальцоў альянсу: 23 з 32 чальцоў альянсу выканалі задачу выдаткаваць 2% валавога ўнутранага прадукту сёлета, а таксама ўхвалілі абяцаньне павысіць вытворчасьць у галіне абароны.

Столтэнбэрг абараніў перадачу зброі Ўкраіне, заявіўшы, што гэта права Ўкраіны — у адпаведнасьці зь міжнародным правам абараняць сябе і наносіць удары па вайсковых абʼектах на тэрыторыі Расеі.

Столтэнбэрг сказаў, што мэта палягае ня ў тым, каб падоўжыць вайну, а ў яе спыненьні, і што «калі мы ня хочам пакланіцца Пуціну, нам трэба праявіць прыхільнасьць і рашучасьць».


На саміце, які завершыцца 11 ліпеня, плянуецца абмеркаваць прапанову аб выдзяленьні Ўкраіне вайсковай дапамогі ў памеры 40 мільярдаў эўра (43 мільярды даляраў) налета, пасьля таго як краіны-сябры не змаглі ўзгадніць шматгадовы пакет вайсковай дапамогі для Ўкраіны, які Столтэнбэрг прапанаваў.

Столтэнбэрг таксама сказаў, што былі прынятыя іншыя рашэньні з мэтай зрабіць «NATO мацнейшым, а саюзьнікаў больш абароненымі», у тым ліку аб стварэньні новай базы супрацьракетнай зброі ў Польшчы.

Столтэнбэрг таксама рэзка крытыкаваў Кітай, падтрымка якога Расеі ў яе вайне супраць Украіны, паводле яго, павялічвае пагрозу эўрапейскай бясьпецы.

Раней Столтэнбэрг заявіў, што калі Расея пераможа ў сваім поўнамаштабным уварваньні ва Ўкраіну, гэта падбадзёрыць Іран, Кітай і Паўночную Карэю і сфармуе глябальнае асяродзьдзе бясьпекі на наступныя дзесяцігодзьдзі.

У сумеснай дэклярацыі саміту Кітай быў вылучаны як «вырашальны фактар» вайны Расеі супраць Украіны.

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн у сваім прывітальным слове да лідараў NATO перад іх дыскусіямі высока ацаніў новае абяцаньне чальцоў NATO нарасьціць сваю абаронную вытворчасьць, адначасова падкрэсьліўшы, што альянс без ваганьняў будзе абараняць сваю тэрыторыю.

Байдэн адзначыў посьпехі Расеі ў вытворчасьці боепрыпасаў і зброі для выкарыстаньня ў вайне супраць Украіны.


«Мы ня можам дапусьціць, каб альянс адстаў», — сказаў Байдэн, дадаўшы, што ваенным намаганьням Расеі спрыяла дапамога Кітая, Паўночнай Карэі і Ірану.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG