Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі ў разгар вайны з Украінай істотна паднялі падаткі на даходы фізычных асобаў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Дзяржаўная Дума Расеі 9 ліпеня прыняла ў трэцім, канчатковым чытаньні папраўкі ў Падатковы кодэкс, якія ўводзяць прагрэсіўную шкалу падатку для фізычных асобаў са стаўкамі ад 13 да 22 працэнтаў.

Як піша расейская служба Радыё Свабода, стаўка падаходнага падатку ў 13% у Расеі цяпер захаваецца для гадавога даходу да 2,4 мільёна расейскіх рублёў (каля 27300 даляраў). 15% падатку будуць плаціць на даход да 5 мільёнаў рублёў у год (каля 56800 даляраў), 18% — на даход да 20 мільёнаў (227000 даляраў), 20% — на даход да 50 мільёнаў (569000 даляраў). Даходы, вышэйшыя за гэтую суму, будуць абкладацца паводле стаўкі 22%.

Падвышаная падатковая стаўка не закране выплаты расейцам за ўдзел у вайне ва Ўкраіне, так званыя паўночныя надбаўкі і даходы ад каштоўных папер, працэнты па ўкладах, дывідэнды і лічбавыя актывы.

Зьмены набудуць моц з 1 студзеня 2025 году.

У Расеі больш за 20 гадоў дзейнічала плоская шкала падаходнага падатку для грамадзян — 13%. Яе ўвядзеньне прэзыдэнт Уладзімір Пуцін доўгі час называў адным з ключавых дасягненьняў свайго ўраду.

Увядзеньне прагрэсіўнай шкалы было анансавана адразу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2024 году, на фоне вайны ва Ўкраіне і рэзкага росту выдаткаў на войска, ВПК і абарону.

Мінфін Расеі разьлічвае, што прыняцьце новага закону дасьць магчымасьць сабраць у бюджэт у 2025 годзе дадатковыя 533 мільярды рублёў.

Паводле ацэнак незалежных эканамістаў, гэтыя грошы ў тым ліку патрэбны Расеі на вядзеньне баявых дзеяньняў, выплаты салдатам і кампэнсацыі за іх раньнені і сьмерць, на вытворчасьць новай зброі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG