Адмысловая дакладчыца Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па Беларусі Анаіс Марэн у этэры Эўрарадыё абвергла словы кіраўніка МЗС Беларусі Максіма Рыжанкова пра тое, што ААН ня мае прэтэнзіяў да афіцыйнага Менску ў пытаньні правоў чалавека і што мандату адмысловага дакладчыка па краіне не існуе.
Марэн заявіла:
«Мандат па Беларусі існуе ўжо 12 гадоў, хоць у Менску ён і не прызнаецца. У ААН ён прымаецца пад увагу і лічыцца аўтарытэтным. Мы публікуем штогод па два даклады аб сытуацыі з правамі чалавека, куды ўключаецца велізарны пералік усіх парушэньняў Беларусі. Спадар Гутэрыш (генэральны сакратар ААН. — РС) чытае гэтыя даклады і лічыць, што ў ААН могуць быць прэтэнзіі да тых парушэньняў, якія фіксуюцца ў Беларусі».
Беларускія ўлады не пускаюць Анаіс Марэн у краіну для ацэнкі сытуацыі.
«Мой аналіз грунтуецца на сьведчаньнях пацярпелых ад беларускіх уладаў — гэта адвакаты, журналісты, культурныя дзеячы. Акрамя гэтага, з намі працуюць многія праваабаронцы, якія таксама штогод публікуюць свае даклады. І на гэтай аснове ў нас ёсьць аб’ектыўнае ўяўленьне пра сытуацыю ў Беларусі», — сказала адмысловая дакладчыца ААН па Беларусі.
- У Астане на палях саміту Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС) прайшла сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і генэральнага сакратара ААН Антонію Гутэрыша.
- «Генэральны сакратар выказаў занепакоенасьць сытуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі. Ён выказаў пажаданьне, каб учорашняя амністыя стала крокам да поўнай павагі правоў чалавека і асноўных свабод у Беларусі», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні, апублікаваным на сайце ААН.
Форум