«Падчас сустрэч з генсакам ААН было абмеркавана шырокае кола пытаньняў. Я ўжо нават бачыў, нехта там напісаў, нібыта нас у нечым папракаў — пра правы чалавека. Насамрэч практычна ўся сустрэча была прысьвечана дзейнасьці ААН у Рэспубліцы Беларусь, пачатку новага цыклу ўзаемадзеяньня», — сказаў у эфіры тэлеканалу АНТ кіраўнік МЗС Беларусі Максім Рыжанкоў.
Паводле яго, Гутэрыш падрабязна спыніўся на тым, што Беларусь — «вельмі надзейны партнэр у рэалізацыі ўсіх мэт і задач, якія ставіць перад сабой ААН, высока ацаніў тое, як у Беларусі рэалізоўваюцца Мэты ўстойлівага разьвіцьця» (МУР).
У рэалізацыі МУР у кіраўніцтва арганізацыі «прэтэнзій да Беларусі няма ніякіх», заявіў міністар.
«Ніякага спэцыяльнага кейсу па Беларусі ў ААН няма, які б сёньня даваў права Гутэрышу гаварыць нешта, [выстаўляць] прэтэнзіі», — сказаў ён.
Пра тое, што Гутэрыш выказаў занепакоенасьць сытуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі на сустрэчы з Лукашэнкам 4 ліпеня ў Астане (Казахстан), паведаміла ААН па выніках сустрэчы.
Генсакратар, у прыватнасьці, выказаў пажаданьне, каб амністыя, у выніку якой было вызвалена некалькі палітвязьняў, стала «крокам да поўнай павагі правоў чалавека і асноўных свабод у Беларусі».
2 ліпеня Аляксандар Лукашэнка анансаваў вызваленьне цяжкахворых апанэнтаў улады. У той жа дзень ён падпісаў закон аб амністыі з нагоды 80-годзьдзя вызваленьня Беларусі, які, аднак, паводле зьместу, не распаўсюджваецца на асобаў з «экстрэмісцкіх сьпісаў».
Праваабаронцы, паводле зьвестак на 5 ліпеня, пацьвердзілі вызваленьне 16 палітвязьняў. Адзінае вядомае імя — анкахворага палітыка Рыгора Кастусёва.
У новай справаздачы спэцыяльнай дакладчыцы ААН аб правах чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн, апублікаванай у чэрвені, гаворыцца, што сытуацыя ў галіне правоў чалавека ў Беларусі працягвае пагаршацца, палітычныя рэпрэсіі накіраваныя супраць грамадзян ня толькі ўнутры краіны, але і за яе межамі.
У лютым Камітэт правоў чалавека ААН (КПЧ) запатрабаваў ад беларускіх уладаў прыняць «тэрміновыя меры абароны» ў дачыненьні да палітвязьняў Сяргея Ціханоўскага, Максіма Знака і Віктара Бабарыкі, якія «ўтрымліваюцца бяз сувязі з вонкавым сьветам». Камітэт таксама запатрабаваў «забясьпечыць фізычнае і псыхічнае здароўе» Ціханоўскага, даць яму доступ да кваліфікаванай мэдыцынскай дапамогі, адвакатаў і сямʼі, пакуль справа знаходзіцца на разглядзе КПЧ.
Форум