Індыя, якую афіцыйны Менск лічыць адной з «дружалюбных краінаў», адмовілася ад беларускіх калійных угнаеньняў, памяняўшы іх на расейскую прадукцыю.
Гэта стала вядома са зьвестак індыйскай статыстыкі замежнага гандлю за 2023 год, паведамляе «Люстэрка».
Беларускіх калійных угнаеньняў Індыя летась не купляла, як вынікае з статыстыкі замежнага гандлю краіны. Для параўнаньня: годам раней Індыя імпартавала зь Беларусі 383,6 тысячы тон калійных угнаеньняў (на 61,35% менш, чым у 2021-м) на суму 168,5 млн. даляраў.
Агулам летась Індыя імпартавала 3,287 млн тон калійных угнаеньняў на агульную суму больш за 1,3 млрд даляраў. Лідэрам паставак у Індыю стала Канада, якая зарабіла на такім гандлі амаль 479 млн даляраў. На другім месцы апынулася Расея, адкуль індыйскія кампаніі імпартавалі калійных угнаеньняў на 346,62 млн даляраў — пры тым, што ў 2022 годзе Індыя ўвогуле не набывала такую прадукцыю ў Расеі.
З угнаеньняў Індыя за ўвесь 2023 год набыла ў Беларусі толькі 72 тоны зьмяшанай прадукцыі на менш чым 51 тысячу даляраў.
У сьнежні 2023 году амбасадар Беларусі ў Індыі Андрэй Ржэўскі паведамляў, што Беларусь спрабуе разблякаваць пастаўкі туды калійных угнаеньняў.
12–13 сакавіка сёлета міністар замежных справаў Беларусі Сяргей Алейнік наведаў Індыю зь візытам.