Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Анэксаваць Беларусь — чальца ШАС — Пуціну будзе больш складана»,— тлумачэньне кітаіста


Аляксандар Лукашэнка і Сі Цзіньпін, Астана, 4 ліпеня 2024
Аляксандар Лукашэнка і Сі Цзіньпін, Астана, 4 ліпеня 2024

Якія магчымасьці адкрывае Беларусі сяброўства ў ШАС? Навошта ШАС патрэбная Беларусь? Якую пазыцыю насамрэч заняў Кітай у вострым памежным канфлікце паміж Беларусьсю і Польшчай?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста адказвае кітаіст, магістрант кірунку «Кітайскія дасьледаваньні» Ляйпцыгскага ўнівэрсытэту Аляксей Чыгадаеў.

— На саміце ШАС у Астане Беларусь стала 10-м чальцом гэтай арганізацыі. Якія магчымасьці гэта для яе адкрывае?

Аляксей Чыгадаеў
Аляксей Чыгадаеў

— Гэта вельмі складанае пытаньне, бо мы павінны кожны раз трымаць у памяці, што такое ШАС. Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва задумвалася як блёк, які будзе садзейнічаць барацьбе з тэрарызмам, сэпаратызмам і наркатрафікам. Вельмі шмат гадоў не было нават зразумелай працэдуры ўступленьня ў гэтую арганізацыю, не было зразумелай інстытуцыйнай структуры гэтай арганізацыі, былі ўнутры кожнай з краінаў службы бясьпекі, міністэрствы абароны, іншыя сілавыя ведамствы, і яны ўзаемадзейнічалі адзін з адным. Галоўнай мэтай ШАС было — давайце адвядзем войскі ад межаў, таму што мы адзін з адным ня будзем ваяваць бліжэйшым часам, і давайце змагацца з наркатрафікам і тэрарызмам. Зразумелыя мэты, і не было неабходнасьці ў пашырэньні арганізацыі, бо — ну, а для чаго? У нас ёсьць лякальная праблема, мы яе вырашаем.

З 2012 году пачынаюцца зьмены, і Ўладзімір Пуцін гаворыць пра тое, што патрэбная працэдура ўступленьня новых чальцоў. І Беларусь з пачатку 10-х гадоў выказвала цікавасьць да ўступленьня ў гэтую арганізацыю, бо спадзявалася, што будзе далейшая трансфармацыя ШАС у палітычны ці эканамічны саюз. Але, як мы бачым, гэтага не адбываецца, пляцоўка застаецца дыскусійным клюбам, і імгненных выгодаў ад уступленьня ў ШАС няма. Адзіная і галоўная выгада — гэта магчымасьць атрымаць доступ да целаў лідэраў краін Цэнтральнай Азіі, Кітаю і Расеі, магчымасьць прарваць зьнешнепалітычную і міжнародную ізаляцыю. Гэта значыць, гэта лішняя нагода зьявіцца раз на год у СМІ, у навінавых загалоўках пра тое, што прэзыдэнт Беларусі прыехаў на міжнародную сустрэчу, там паразмаўляў зь лідэрамі іншых дзяржаваў. Вось жа, тут, мне здаецца, галоўны вынік — гэта піяр і прарыў міжнароднай ізаляцыі.

— Вы ўжо сказалі пра інстытуты, пра інстытуцыйныя магчымасьці. У рамках ШАС ёсьць пагадненьне аб міжбанкаўскім супрацоўніцтве. Сяброўства Беларусі ў ШАС адкрые для яе доступ да нейкіх крэдытных рэсурсаў, якіх яна ня мела, знаходзячыся па-за арганізацыяй?

— Варта нагадаць, што ёсьць яшчэ і БРІКС. Трэба проста запомніць усё, што цяпер расейская дзяржпрапаганда кажа пра ШАС. Празь месяц, падчас саміту БРІКС у Казані, прыкладна тое ж самае будуць казаць, толькі заменяць літары ШАС на літары БРІКС. Але гэта будзе крыху больш рэалістычна, таму што ў БРІКС ёсьць банкі, ёсьць дадатковыя пагадненьні, ёсьць фонды. І вось адтуль сапраўды можна папрасіць. У ШАС пакуль няма такой зразумелай, дакладнай структуры. У Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва няма інстытутаў супрацоўніцтва. Кітай хацеў бы гэта зрабіць. Але пакуль не атрымоўваецца.

І калі Беларусь паспрабуе нешта атрымаць ад ШАС, усё зьвядзецца да двухбаковых пагадненьняў. Вось жа, заняць у ШАС грошай як у арганізацыі, пэўна, можна паспрабаваць, але гэта будзе спушчана на ўзровень уладаў краінаў-сябраў. Гэта значыць, грошы дасьць ня ШАС, а кансорцыюм з, скажам, Казахстану, Таджыкістану і Кітаю. Але і з гэтым там неяк вельмі кепска, там нават красьці няма чаго. Вядома, можна зрабіць рэвэранс у бок Кітаю і стаць часткай нейкага кітайскага праекту. Але гэта будзе частка фінансаваньня ад Кітаю ў рамках праекту ШАС, грошы ўсё роўна прыйдуць з Кітаю. Усё ж такі красьці лепш у БРІКС, напэўна.

— Уладзімір Пуцін на саміце ў Астане заявіў, што ШАС робіцца «адным з цэнтраў сілы ў шматбаковым сьвеце». Ваш калега Цемур Умараў у камэнтары для Карнэгі напісаў, што ШАС — гэта «івэнт-мэнэджар». Груба кажучы, агенцтва па арганізацыі сумесных п’янак на вышэйшым узроўні. Ці гэта ўсё ж, як сказаў Пуцін, у нейкім сэнсе цэнтар сілы?

— Тут я згодны з Умаравым. Можна крыху далікатней сказаць, што гэта дыскусійны клюб. Дыскусійны клюб джэнтэльмэнаў, якія абмяркоўваюць надзённыя праблемы, а потым выпускаюць мэмарандум ці дэклярацыю. Але мэмарандум і дэклярацыя — гэта не юрыдычна абавязковыя дакумэнты. Добры мэмарандум, можна пад ім падпісацца, ніякіх наступстваў гэты подпіс і сам мэмарандум не нясуць. Калі мы гаворым пра тое, што гэта арганізацыя па барацьбе з тэрарызмам і з наркатрафікам, у нас няма ніякіх дадзеных, каб меркаваць аб яе эфэктыўнасьці. Тэракты як былі ў Расеі, так і ёсьць. Іх стала менш у Кітаі, дапусьцім, але здаецца, што гэта заслуга Кітаю, а не ШАС. Таму здаецца, што гэта сапраўды дыскусійны клюб, таму што ён складаецца зь вельмі розных чальцоў, зь вельмі рознымі парадкамі дня, зь вельмі рознымі палітычнымі сыстэмамі, якія, акрамя таго, не гатовыя рызыкаваць сваім сувэрэнітэтам. Вось яго яны вельмі шануюць і любяць. Але калі ты не гатовы аддаваць частку свайго сувэрэнітэту, то ты і ня можаш эфэктыўна супрацоўнічаць.

— Аляксей, зразумела, што ШАС — гэта ня NATO, не АДКБ, не ЭАЭС. Гэта ўвогуле не саюз. А калі параўнаць, скажам, зь «Вялікай сямёркай», СНД, рухам недалучэньня?

— «Сямёрка», напэўна, вельмі падобная да ШАС. Але ў «Сямёрцы» ёсьць зразумелыя агульныя мэты. І па выніках сустрэчаў G7 мы бачым нейкія зьмены ў заканадаўстве і палітыцы краінаў-чальцоў. Чым хацела быць ШАС? ШАС хацела быць арганізацыяй, якая не ваюе са зьнешнім сьветам, а вырашае праблемы на межах. У 1996 годзе, калі ШАС стваралася, на межах было неспакойна, былі праблемы і наркатрафіку, і сэпаратызму, і тэрарызму. Але вось прайшло 20 гадоў, і трэба неяк перарабляць ШАС. Але незразумела, як і ў што. Калі імкнуцца да фармату АДКБ, тады трэба ствараць агульнае вайсковае камандаваньне. Ці цікава гэта ўдзельнікам? Вялікае пытаньне. Калі ісьці па шляху стварэньня эканамічнага саюзу, то ўсе баяцца Кітаю. І пашырэньня ягонага эканамічнага ўплыву іншыя краіны-чальцы насамрэч ня вельмі жадаюць. Кітай хацеў бы пераўтварыць ШАС у эканамічны саюз, але гэтаму супраціўляюцца і Расея, і іншыя ўдзельнікі ШАС. Усе разумеюць, што тады гэта будзе арганізацыя «Кітай і яго сябры». Гэта ня будзе арганізацыяй роўных. Тое самае тычыцца і плянаў трансфармаваць ШАС у больш шчыльны палітычны саюз. І ён атрымаўся б у фармаце «Кітай і яго сябры». Таму ШАС застаецца дыскусійным клюбам.

— Ужо некалькі гадоў у кандыдатах у члены ШАС ходзіць добры дзясятак краінаў — сярод іх Саудаўская Арабія, Абʼяднаныя Арабскія Эміраты і шэраг іншых. Вось жа, чарга вялікая. Але чамусьці новым, дзясятым сябрам арганізацыі стала краіна, чыя тэрыторыя ўвогуле цалкам знаходзіцца ў Эўропе і якую ня вельмі хвалююць праблемы ісламскага тэрарызму і сэпаратызму. Чаму?

— Прычына менавіта ў тым, што ёсьць жаданьне пашырыць арганізацыю, але так, каб не разбурыць яе далікатную архітэктуру. Калі няма выразнага мэтапакладаньня ў рамках арганізацыі, то чаму б і не Беларусь? І на наступным саміце ШАС будзе заяўлена, што краіны-чальцы гатовыя будаваць новы гарманічны сьвет.

— А ў якой ступені ў гэтую гармонію ўпісваецца Аляксандар Лукашэнка? Выказваліся меркаваньні, што для Беларусі ШАС — гэта спосаб паглыбіць узаемадзеяньне з Кітаем і ўраўнаважыць рост залежнасьці ад Расеі. Хоць ёсьць і думкі, паводле якіх Беларусь — гэта «траянскі конь» Расеі ў ШАС. Якія меркаваньні бліжэйшыя да праўды?

— Галоўная мэта любога аўтакрата — гэта ўтрыманьне ўлады і пакіданьне максымальнай улады сваім нашчадкам і прызначэнцам. Таму мы павінны разглядаць Беларусь у ШАС з пункту гледжаньня гэтай палітычнай мэты Лукашэнкі. І з гэтага пункту гледжаньня ён усё робіць правільна. Колькі гадоў паўтараюцца словы, што Лукашэнка — васал Расеі і што Расея вось-вось праглыне Беларусь. І гэта паўтараюць з году ў год. І ўсе чамусьці думаюць, што Лукашэнка — ідыёт. А Лукашэнка цудоўна сябе адчувае прэзыдэнтам сувэрэннай краіны. І каб захаваць гэтае становішча, трэба ствараць шум, і лепш быць паўнапраўным чальцом ШАС. Уявім сабе, што заўтра Ўладзімір Пуцін вырашыць анэксаваць Беларусь. І як гэта будзе выглядаць у вачах чальцоў ШАС? У ліпені 2024 году Беларусь прынялі ў гэтую арганізацыю як незалежную краіну. А на наступным саміце была Беларусь, а цяпер няма, цяпер гэта частка Расеі. Як нэрвова пачне тузацца вока ў Казахстану. Як схопіцца за сэрца Манголія. І ўсе з дакорам будуць глядзець на Пуціна. Так што Лукашэнка робіць тое, што трэба, каб надалей заставацца незалежным. Наколькі гэта магчыма. Мы разумеем, што 100% незалежнасьці ў яго, вядома ж, няма. Але ён імкнецца максымальна доўга заставацца ва ўладзе, максымальна доўга заставацца вось такой стрэмкай, якая бегае і крычыць і якую проста выцягнуць не атрымаецца. І проста далучыць да Кітаю ці Расеі не атрымаецца. Будзе зашмат шуму.

— А як вам вэрсія «траянскага каня»? Лукашэнка — адзін з самых антызаходніх лідэраў ШАС, у гэтым ён падобны толькі да іранцаў. Індусы, ці кіргізы, казахі, нават кітайцы ня надта настроеныя на геапалітычнае супрацьстаяньне з Захадам, яны не разглядаюць адносіны зь ім як гульню з нулявой сумай. Мао Цзэдун некалі казаў: «Вецер з усходу перасільвае вецер з захаду». Лукашэнку гэта блізка. А іншым чальцам ШАС — аўтэнтычнаму ўсходу — ня вельмі, так выглядае.

— Мы зноў вяртаемся да таго, што ў ШАС няма выразнай мэты існаваньня і функцыянаваньня. Яе пазыцыя нагадвае пазыцыю Дональда Трампа на дэбатах пра стаўленьне да абортаў — за, супраць і трэба падумаць. Адначасова. ШАС супраць Захаду, супраць Амэрыкі? І так, і не. На думку ШАС, Амэрыцы варта было б зьменшыць свае апэтыты, але пры гэтым зь ёю трэба і супрацоўнічаць, бо тэрарызм — гэта агульная праблема.

— Паміж Беларусьсю і Польшчай працягваецца востры палітычны канфлікт. Варшава абвінавачвае Менск у штучнай інсьпірацыі мігранцкага крызісу. Напрыканцы траўня адзін з мігрантаў сьмяротна параніў польскага памежніка. Польшча пагражае спыніць чыгуначны таварны транзыт паміж дзьвюма краінамі, у тым ліку і грузаў з Кітаю. Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда нядаўна вёў перамовы наконт гэтага зь лідэрам Кітаю Сі Цзіньпінам. Кітай заклікаў Менск і Варшаву да вырашэньня супярэчнасьцяў шляхам перамоваў. Якую лінію Кітаю насамрэч хавае гэтая невыразная фармулёўка? На каго Кітай гатовы аказаць ціск, каб захаваць транзыт — на Беларусь, на Польшчу, на ЭЗ, на Маскву?

— Кітай сапраўды выступіў з заявай пра адносіны дзьвюх іншых краін, што для яго нетыпова. Што ён гэтай заявай сказаў? Ад нас ідуць тавары ў ЭЗ, вы — Беларусь і Польшча — зарабляеце на гэтым транзыце і забясьпечваеце рынак нашымі таварамі. Ачуняйце і дамоўцеся.

У палітычныя аспэкты Пэкін не паглыбляецца — хочацца Лукашэнку пасылаць мігрантаў празь мяжу, гэта яго справа, можа, хобі ў чалавека такое.

Па сутнасьці гэтыя паводзіны Лукашэнкі падобныя да яго намаганьняў па ўступленьні ў ШАС. Дачка расейскай паліталягіні Кацярыны Шульман неяк цікава адказала на пытаньне, у чым сэнс жыцьця. У тым, каб прысутнічаць.

У гэтым сэнс і палітычнага жыцьця Аляксандра Лукашэнкі. Калі цябе няма ў зьнешнепалітычным парадку дня іншых дзяржаваў, значыць, цябе няма. Значыць, ствараецца поле цішыні, у якім і Пуцін, і Сі могуць працягнуць рукі і нешта ў Беларусі забраць.

Эканамічная цікавасьць Кітаю да Беларусі зьніжаецца з кожным годам, таму што ўсе тыя вялізныя інвэстыцыі, якія Кітай убухваў у Беларусь, закрыліся адразу пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі з Украінай. Кітай разьлічваў, што Беларусь стане вялізным хабам на шляху тавараў у Эўропу, і гэта было б цудоўна для эканомік Беларусі і Кітаю.

Але вось не зраслося. Таму цяпер і Сэрбія, і Вугоршчына так ажывіліся, і там будуецца чыгунка — альтэрнатыўны шлях кітайскага транзыту.

Я чытаў камэнтары пра тое, што кітайскае папярэджаньне, якое прагучала пасьля перамоваў Дуды і Сі — гэта вокрык Менску з Пэкіну, што кітайская дыпляматыя ў шаленстве ад дзеяньняў Лукашэнкі. Я так ня думаю.

Для Кітаю Лукашэнка — легітымны прэзыдэнт. І Анджэй Дуда — легітымны лідэр Польшчы. Ёсьць эканамічная праблема. І вы, калі ласка, не закрывайце транзыт.

Пазыцыя Кітаю — давайце падзяляць эканамічнае і палітычнае. Пра гэта Кітай гаворыць адносна і Расеі, і Ўкраіны, і Ізраілю, і Палестыны, і Ірану, і любой іншай дзяржавы. Гэтаксама Кітай паводзіць сябе і ў беларуска-польскім крызісе. Сі мог бы патэлефанаваць Лукашэнку і запатрабаваць ад яго зьмяніць паводзіны. Ён гэтага не зрабіў.

Наколькі я ведаю, колькасьць мігрантаў на мяжы ўсё ж такі зьнізілася пасьля таго, як Дуда зьлётаў у Пэкін. Мы ня ведаем, ці было гэта вынікам візыту і ціску Кітаю. Але парушэньняў мяжы стала менш.

Для Лукашэнкі важна, што ён прыцягнуў увагу да сваёй пэрсоны, у прыватнасьці, увагу Сі Цзіньпіна. Валюта, якую Лукашэнка такім чынам зарабляе, — гэта ўвага.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG