Затрыманаму 31 кастрычніка дэманстранту Зурабу Мэнтэшашвілі пагражае да 1 году пазбаўленьня волі за «паўторнае перакрыцьцё дарогі» на праспэкце Руставэлі ў Тбілісі.
24 кастрычніка яго ўжо асудзілі па гэтай прычыне на 5 дзён арышту.
З 27 да 31 кастрычніка затрымалі 29 удзельнікаў пратэстаў на праспэкце Руставэлі. Паводле МУС, яны «не падпарадкаваліся неаднаразовым патрабаваньням прадстаўнікоў патрульнай паліцыі» і, «нягледзячы на малую колькасьць, зноў перакрылі праспэкт Руставэлі, штучна ўскладніўшы рух транспарту».
31 кастрычніка міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International выказала «глыбокую занепакоенасьць» у сувязі з «сур’ёзным узмацненьнем рэпрэсіяў» у Грузіі.
Amnesty адзначае, што заканадаўчыя зьмены скіраваныя на задушэньне мірных пратэстаў і супярэчаць міжнародным стандартам у галіне правоў чалавека.
«Мірныя акцыі пратэсту — у тым ліку зь перакрыцьцём дарог, нашэньнем масак ці ўсталяваньнем часовых збудаваньняў — ня мусяць карацца ператрусамі ў дамах ці пазбаўленьнем волі», — заявіла арганізацыя.
2 лістапада — 340-ы дзень бесьперапынных пратэстаў, якія пачаліся 28 лістапада 2024 году — пасьля заявы грузінскага прэм’ера Іраклія Кабахідзэ аб прыпыненьні эўраінтэграцыі краіны.
Форум