Сьцісла:
- Пасьляваенныя Гішпанія, Партугалія і Югаславія, перш чым ажыцьцявіць пераход ад дыктатуры да дэмакратыі, прайшлі шлях, у чымсьці падобны на беларускі: перажылі больш як тры дзесяцігодзьдзі пад панаваньнем жорсткіх аўтарытарных рэжымаў.
- У грамадзтвах унутры дыктатарскіх рэжымаў, нягледзячы на жорсткі ідэалягічны кантроль, пад уплывам эўрапейскага атачэньня адбываліся істотныя зьмены, насьпявала гатовасьць да перамен і адчувалася чаканьне гэтых перамен.
- У другой палове ХХ стагодзьдзя архаічныя дыктатарскія рэжымы Эўропы выпрабавалі розныя спосабы самазахаваньня. Але фінал ва ўсіх іх быў прыблізна аднолькавы.
- 30-годзьдзе сваіх рэжымаў і Салазар, і Франка, і Ціта адзначалі, цешачыся ўсёй паўнатой улады і мроячы пра вялікія пэрспэктывы. Але да 40-годзьдзя ніводзін з гэтых рэжымаў не дажыў.
Лукашэнка ня першы і не апошні дыктатар, які пераступае гэту высокую рысу: 30 гадоў утрыманьня аднаасобнай улады. Ягоная палітычная біяграфія пакуль ня скончаная: праўдзівыя мэмуары не напісаныя, рэальныя дакумэнты не рассакрэчаныя. Але ёсьць гісторыі іншых эўрапейскіх дыктатараў другой паловы ХХ стагодзьдзя, якія таксама больш за тры дзесяцігодзьдзі жалезнай хваткай трымалі свае краіны ў падпарадкаваньні. Чым былі заклапочаны, да чаго рыхтаваліся самі і рыхтавалі свае краіны яны пасьля 30 гадоў пры ўладзе, адчуваючы непазьбежнае набліжэньне хуткага сыходу?
Вядома, у сёньняшнім сьвеце дагэтуль існуе шмат іншых дыктатарскіх рэжымаў, ня менш жорсткіх і значна больш даўгавечных. Дастаткова ўспомніць хоць бы 82-гадовага Тэадора Мбасога, які кіруе Экватарыяльнай Гвінэяй з 1979 году; Поля Бія (91-гадовы дыктатар утрымлівае ўладу ў Камэруне з 1982-га); Ёвэры Мусэвэні (узрост — 80 гадоў, пры ўладзе ва Угандзе з 1986-га). Аднак параўнаньне іх з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі з шэрагу прычын ня надта карэктнае. Амаль усе падобныя дыктатуры захаваліся пераважна ў тых далёкіх мясьцінах Афрыкі і Азіі, у якіх іншых формаў дзяржаўнага ўладкаваньня пасьля зрынаньня каляніяльнай сыстэмы і ня ведалі. Іншыя цывілізацыя, гісторыя, культурная і рэлігійная традыцыі, мэнтальнасьць. Да таго ж вялікая адлегласьць ад Эўропы.
У гэтым сэнсе значна больш зразумелыя, цікавыя і блізкія беларусам гісторыі эўрапейскіх дыктатараў канца мінулага стагодзьдзя Салазара, Франка і Ціта. Кожны зь іх больш як тры дзесяцігодзьдзі ўтрымліваў аднаасобную уладу, нягледзячы на тое, што побач, за памежнымі слупамі, знаходзілася дэмакратычная Эўропа, якая да таго ж шпарка разьвівалася і аб’ядноўвалася. І не магла не ўплываць на суседнія дыктатуры, якія выглядалі пэўным атавізмам, перажыткам мінуўшчыны, анамаліяй. Пасьляваенныя Гішпанія, Партугалія і Югаславія, перш чым ажыцьцявіць пераход ад дыктатуры да дэмакратыі, прайшлі ў чымсьці падобны на беларускі шлях, толькі значна раней, у 60-80-я гады. І партугальцы, і гішпанцы, і югаславы ў той час з зайздрасьцю глядзелі на краіны Захаду. Многія вымушаны былі ўцякаць ад палітычнага перасьледу на радзіме. У грамадзтвах унутры дыктатарскіх рэжымаў, нягледзячы на жорсткі ідэалягічны кантроль, адбываліся істотныя зьмены, насьпявала гатовасьць да перамен і адчувалася чаканьне гэтых перамен. З другога боку, і самі дыктатары прадчувалі непазьбежнасьць свайго хуткага фіналу. Пра што задумваўся кожны зь іх, адзначаючы 30-годзьдзе знаходжаньня пры ўладзе? Да чаго рыхтаваўся?
Нехта загадзя прызначыў пераемніка, які павінен быў забясьпечыць непарушнасьць дыктатуры і палітычную спадчыну яе стваральніка. Іншы адтэрміноўваў важнае рашэньне «на заўтра», «на потым» — і дацягнуў справу да таго, што стаў недзеяздольным і рашэньне прымалі за яго. Нехта загадзя паклапаціўся пра тое, каб перадаць уладу калектыўнаму органу — бо ніхто, на яго думку, не адпавядаў ягонаму маштабу і ня быў варты ягонага даверу.... У другой палове ХХ стагодзьдзя архаічныя дыктатарскія рэжымы Эўропы выпрабавалі розныя спосабы самазахаваньня. Але фінал ва ўсіх іх быў прыблізна аднолькавы.
30-годзьдзе сваіх рэжымаў і Салазар, і Франка, і Ціта адзначалі, цешачыся ўсёй паўнатой аднаасобнай улады і мроячы пра вялікія пэрспэктывы. Але да 40-годзьдзя ніводзін з гэтых рэжымаў не дажыў.
Антонію Салазар: безь пераемніка
30-годзьдзе пры ўладзе Антонію Салазар адзначаў у 1962-м. На той момант яму было 73 гады. Палітычныя рэпрэсіі ў краіне не спыняліся, хоць яны ўжо і не былі такімі масавымі, як на піку ў 30-40-я гады. Па-ранейшаму жорстка дзейнічала таемная паліцыя ПІДЭ, якая чыніла расправы з асабістымі ворагамі дыктатара. Тысячы палітычных праціўнікаў рэжыму ссылалі на выспы Каба-Вэрдэ, у канцлягер Тарафал, дзе тыя сотнямі гінулі ад катаваньняў і жоўтай ліхаманкі. Адно з самых рэзанансных забойстваў таго часу — зьнішчэньне агентамі ПІДЭ з асабістай санкцыі Салазара апазыцыйнага лідэра, генэрала Умбэрту Дэлгаду, 13 лютага 1965 году.
Найбольшы клопат дыктатара ў гэты час — любой цаной захаваць «імпэрскую веліч» Партугаліі, яе заморскія калёніі (найперш Анголу і Мазамбік). Біёграф дыктатара Марка Фэрары пазьней напіша:
«Ён быў перакананы, што ў яго ёсьць місія, прызначаная Госпадам, і лічыў сябе нашчадкам вялікіх заваёўнікаў. Менавіта таму ён ніяк ня мог адмовіцца ад заакіянскіх правінцый і лічыў сябе неад’емным цэнтрам кансэрватыўнай палітычнай сыстэмы, якая абрынулася б безь яго».
Каб трымаць калёніі ў падпарадкаваньні, патрабавалася пастаянна трымаць там пад ружжом каля 200 тысяч салдатаў. Гэта пры 8-мільённым насельніцтве краіны. Моладзь у 60-я гады масава ўцякала з Партугаліі — ад дыктатуры, галечы і абавязковага прызыву на вайну.
Пераемніка Салазар не прызначыў: відавочна, не пасьпеў. 3 жніўня 1968 года яго зваліў з ног нечаканы інсульт: пажылы дыктатар упаў з шэзьлёнга. Яму зрабілі апэрацыю, але празь некалькі дзён — яшчэ адзін інсульт. Салазар стаў недзеяздольным інвалідам. Будучыню рэжыму вызначала вузкае кола набліжаных. У выніку вострай закуліснай барацьбы выбар спынілі на кампраміснай фігуры Марсэлу Каэтану. З аднаго боку, ён лічыўся «лібэралам», з другога — абяцаў пераемнасьць і працяг вайны за захаваньне калёній.
У стомленай ад шматгадовай дыктатуры краіне імгненна пачалася лібэралізацыя: аслабла цэнзура, пайшлі на спад рэпрэсіі, пацягнуліся на радзіму палітэмігранты...
Адметна, што сам Салазар у гэты час яшчэ жыў — паўпаралізаваны і ізаляваны ад рэальных навінаў. Набліжаныя рабілі выгляд, што ён усё яшчэ кіраўнік дзяржавы: імітавалі працоўныя паседжаньні, насілі на подпіс дакумэнты і нават выдавалі для яго асабіста афіцыйную газэту ў адным асобніку. У такім стане ён пражыў яшчэ амаль два гады: памёр 27 ліпеня 1970 году ва ўзросьце 81 году.
Некаторыя лічаць, што, магчыма, такі ж лёс напаткаў бы Сталіна, калі б той выжыў пасьля інсульту ў сакавіку 1953-га...
Марсэлу Каэтану стаў пераходнай фігурай: паступова яго сталі ўспрымаць як паменшаную копію Салазара, але без харызмы апошняга. Справа скончылася ў 1974 годзе «рэвалюцыяй гвазьдзікоў» і наступным далучэньнем Партугаліі да сям’і эўрапейскіх дэмакратый.
Каўдыльлё Франка: стаўка на пераемніка-караля не спрацавала
Каўдыльлё Гішпаніі Франсіска Франка адзначаў 30-годзьдзе прыходу да ўлады ў 1969 годзе. Яму на той час было 77 гадоў. Дыктатар яўна прадчуваў набліжэньне блізкага фізычнага адыходу. І вырашыў, што найлепшым выйсьцем дзеля таго, каб захаваць уласнае імя ў нацыянальнай гісторыі са станоўчым знакам, стане аднаўленьне манархіі. Менавіта ў 1969 годзе Франка прызначыў спадкаемцам гішпанскага трона (а трон на той час быў вакантным) 31-гадовага Хуана Карласа. Прычым узысьці на пасад малады кароль павінен быў не адразу, а толькі пасьля сьмерці каўдыльлё.
Палітычныя рэпрэсіі ў канцы 60-х гадоў у Гішпаніі яўна слабеюць. Дыктатар назірае, як суседнія дэмакратычныя краіны Эўропы шпарка разьвіваюцца, адчувае, зь якой сымпатыяй назірае за гэтымі працэсамі ўласнае грамадзтва, і робіць адпаведныя высновы. Менавіта ў канцы 60-х Франка дае згоду на асьцярожныя палітычныя рэформы: быў прыняты новы закон аб прэсе, які крыху аслабіў абцугі цэнзуры. Зьявіліся некалькі канстытуцыйных законаў, якія пашырылі грамадзянскія правы. У краіне дазволілі непалітычныя страйкі.... У апошнія гады каўдыльлё пакутаваў ад хваробы Паркінсона. Ягоная агонія была доўгай і балючай. У апошні месяц жыцьця ён перанёс 2 інфаркты, ампутацыю дзьвюх трацін страўніка, апэрацыю з нагоды вострага пэрытаніту. Памёр 20 лістапада 1975-га ва ўзросьце 82 гадоў.
Архівы, якія зьмяшчалі зьвесткі аб палітычных зьняволеных, было загадана зьнішчыць, але іх захавалі цывільныя службоўцы на свой страх і рызыку.
Удзячнага пасьлядоўніка з маладога караля не атрымалася. Адразу пасьля пакутлівай сьмерці Франка ў краіне пачаліся імклівыя дэмакратычныя рэформы. Пасьлядоўнага франкіста Карляса Навара адхілілі з пасады прэм’ера, прызначыўшы рэфарматара Суарэса. Былі легалізаваныя палітычныя партыі, распушчаная ранейшая кіроўная партыя, Гішпанская фаланга. Новая канстытуцыя, прынятая ў 1978 годзе, гарантавала дэмакратычныя правы і свабоды. Франкісты ў 1981 годзе паспрабавалі зрабіць дзяржаўны пераварот, але малады кароль здолеў супрацьстаяць яму. Гішпанія стала дэмакратычнай краінай, хоць пазбаўленьне ад спадчыны дыктатуры было яшчэ вельмі доўгім: вынас цела Франка з пачэснага месца ў нацыянальным нэкропалі і перазахаваньне на муніцыпальных могілках адбылося толькі ў 2019 годзе.
Таварыш Ціта: надзея на «калектыўную дыктатуру»
Першы і апошні прэзыдэнт сацыялістычнай Югаславіі кіраваў краінай пажыцьцёва, на працягу 35 гадоў. Таварыш Ёсіп Броз Ціта лічыўся самым буржуазным з тагачасных камуністычных правадыроў і «лібэральным дыктатарам». Праз 30 гадоў пасьля ягонага прыходу да ўлады — у 1975 годзе — Югаславія выглядала адной з найбольш пасьпяховых сацыялістычных краін. У югаслаўскай эканоміцы існаваў даволі разьвіты прыватны сэктар. Грамадзяне краіны параўнальна свабодна маглі падарожнічаць па сьвеце. Ціта ў апошнія дзесяцігодзьдзі ўлады імкнуўся падтрымліваць добрыя адносіны і з Масквой, і з Захадам, і з краінамі «трэцяга сьвету», стаўшы лідэрам «Руху недалучэньня».
І ўсё ж гэта быў тыповы дыктатар канца ХХ стагодзьдзя — славалюбівы і жорсткі, калі даходзіла да помсты палітычным канкурэнтам. У ягонай палітычнай біяграфіі быў крытычны эпізод — жорсткае супрацьстаяньне са Сталіным, волі якога ён у канцы 40-х гадоў адважыўся запярэчыць: не пагадзіўся на жорсткі дыктат Масквы. Гарнізонаў Чырвонай арміі ў Югаславіі не было: Сталін вырашыў адхіліць незгаворлівага былога саюзьніка, зьвярнуўшыся наўпрост да югаслаўскіх камуністаў з заклікам «зрынуць верхавода фашысцкай клікі». Ціта ў такой сытуацыі дзейнічаў зусім па-сталінску: спачатку заклікаў «свабодна і неперадузята» абмеркаваць сталінскі заклік у партарганізацыях.
А потым, калі высьветлілася, што Сталіна падтрымалі 55 000 з 519 000 членаў партыі, усе гэтыя 55 000 былі рэпрэсаваны: трапілі ў канцэнтрацыйныя лягеры на астравах Гргур і Голі Аток, дзе іх гадамі і нават дзесяцігодзьдзямі ўтрымлівалі без суду. Некаторыя спрабавалі ўцякаць з гэтых лягераў, намагаліся перайсьці межы Вугоршчыны, Баўгарыі ці Румыніі. Але для большасьці такія спробы скончыліся сьмерцю.
Паміраў Ёсіп Броз Ціта цяжка: ратуючы ад закупоркі венаў, яму ампутавалі нагу. Апошнія 100 дзён ён заставаўся ў стане комы. Сканаў у Любляне 4 траўня 1980 году ва ўзросьце 87 гадоў.
Пераемніка пасьля сябе Ціта не пакінуў. Відавочна, ён ня лічыў, што на зьмену можа прыйсьці сувымерная яму асоба. Альбо назаўсёды хацеў застацца ў гісторыі першым і адзіным прэзыдэнтам сацыялістычнай Югаславіі? Так ці інакш, згодна з запаветам Ціта, пасьля ягонай сьмерці пасада аднаасобнага кіраўніка дзяржавы была скасаваная, а на чале краіны стаў Прэзыдыюм, у якім па чарзе на працягу году павінны былі старшыняваць прадстаўнікі ўсіх рэспублік і аўтаномных краёў. Нічым добрым такое калектыўнае кіраўніцтва шматэтнічнай і шматканфэсійнай краінай, як нам цяпер вядома, ня скончылася: у 90-я Югаславія, ахопленая грамадзянскай вайной, доўга і цяжка распадалася. З наступствам гэтага распаду новыя незалежныя дзяржавы на Балканскім паўвостраве вымушаныя мець справу дагэтуль. Праўда, ніводная зь іх не захацела вярнуцца да дыктатарскага рэжыму: усе імкнуцца ў аб’яднаную Эўропу. Некаторым зь іх (Славеніі, Харватыі) гэта ўжо ўдалося, іншыя на чарзе.
«Восень патрыярха»
Дзесяць гадоў таму, у траўні 2014-га, вядомая ў Расеі тэлевядоўца-сэлебрыці Ксенія Сабчак, беручы ў Лукашэнкі інтэрвію, адважылася падарыць яму кнігу Габрыэля Гарсія Маркеса «Восень патрыярха», а ўсьлед за гэтым задаць пытаньне пра тое, ці ўяўляў ён калі-небудзь сваё пахаваньне. Лукашэнка, відаць, на той момант славуты раман Маркеса не чытаў.
Інакш наўрад ці прыняў бы з удзячнасьцю гэты больш чым празрысты і зьняважлівы для сябе намёк — бязьлітасную праўду пра сябе самога, сваё мінулае, сучаснасьць і будучыню, абагуленую гісторыю пра катастрафічныя наступствы канцэнтрацыі ўлады ў руках аднаго чалавека, які «кіруе так, нібы ўпэўнены, што не памрэ ніколі». Вось толькі адна цытата з гэтага рамана:
«А ён жа ведаў з самага пачатку, што яго падманваюць найперш тыя, хто яму дагаджае; ведаў, што за лісьлівасьць бяруць чыстаганам; ведаў, што натоўпы людзей, якія з утрапеньнем услаўляюць яго і жадаюць вечнага жыцьця, зганяюць пад прымусам; усё гэта ён ведаў і прывучыў сябе жыць з гэтай хлусьнёй, з гэтай прыніжальнай данінай славы, бо на працягу сваіх незьлічоных гадоў ня раз пераконваўся, што хлусьня зручнейшая за сумневы, карысьнейшая за каханьне, больш даўгавечная за праўду...»
Пазьней, магчыма, Лукашэнка гэты раман пачытаў. Альбо нехта збоку патлумачыў яму сутнасьць твора. Прынамсі, Ксенію Сабчак ён больш у сябе не прымаў. А ейны падарунак ніколі ня быў заўважаны сярод іншых падарункаў, якія рэгулярна выстаўляюцца на публічны паказ у фае прэзыдэнцкага палаца ці ў адмысловым музэі — поруч з прыгожынскай «кувалдай Вагнэра» альбо чучалам ільва ад зымбабвійскага дыктатара Мнангагвы. Зрэшты, і ў пералік «экстрэмісцкай літаратуры» ў Беларусі «Восень патрыярха» пакуль не залічаная. Магчыма, праз чыйсьці недагляд.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
Форум