Дата дня
22 чэрвеня 2003 году памёр Васіль Быкаў, народны пісьменьнік Беларусі. Труну ўсталявалі ў Доме літаратара, і калі ўдава пісьменьніка Ірына Міхайлаўна адмовілася прыбраць бел-чырвона-белы сьцяг, прадстаўнікі ўладаў пакінулі цырымонію. Быкава хаваў народ: тысячы беларусаў прайшлі пешшу ад плошчы Перамогі да Ўсходніх могілак пад нацыянальнымі сьцягамі.
У Менску да гэтага часу няма ні плошчы, ні вуліцы, ні помніка Быкаву.
Таксама ў гэты дзень
1919 — у Горадні выйшла газэта «Родны край», была неўзабаве забаронена на 6-м нумары.Рэдактарам газэты быў Тамаш Грыб.
1941 — нацыстоўская Нямеччына напала на Савецкі Саюз.
1943 — ва ўмовах нямецкай акупацыі заснавана моладзевая арганізацыя — Саюз Беларускай Моладзі. СБМ дзейнічаў у Беларусі да ліпеня 1944 году.
1943 — выбух у Менскім тэатры, арганізаваны савецкімі партызанамі.
1950 — у Маладэчне адбыўся суд над удзельнікамі мядзельска-смаргонскага вучнёўскага антысавецкага падпольля. Большасьць удзельнікаў асуджана на 25 гадоў савецкіх канцлягераў, а кіраўнік групы Расьціслаў Лапіцкі — на расстрэл. Валер Мазынскі зьняў дакумэнтальны фільм пра Расьціслава Лапіцкага.
У гэты дзень нарадзіліся
1883 — Аляксандар Цьвікевіч, палітычны дзяяч, гісторык, філёзаф, публіцыст. Расстраляны НКВД.
1896 — Браніслаў Туронак, грамадзкі дзяяч і публіцыст.
1926 — Тадэвуш Канвіцкі, польскі пісьменьнік і кінэматаграфіст.
1960 — Сяргей Кушняроў, амэрыканскі мультыплікатар беларускага паходжаньня.
У памяці
1945 — Міхал Ромэр, юрыст, ідэоляг краёўцаў, апякун беларускага руху.