Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Армэнія падпісала кантракт аб набыцьці ў Францыі артылерыйскіх сыстэм CAESAR


Артылерыйскія сыстэмы CAESAR цяпер актыўна выкарыстоўвае Ўкраіна ў супрацьстаяньні агрэсіі Расеі. Ілюстрацыйнае фота
Артылерыйскія сыстэмы CAESAR цяпер актыўна выкарыстоўвае Ўкраіна ў супрацьстаяньні агрэсіі Расеі. Ілюстрацыйнае фота

Францыя і Армэнія актывізуюць вайскова-тэхнічную супрацу.

Міністар абароны Францыі Сэбасьцьян Лекарню паведаміў аб умацаваньні абаронных дачыненьнях з Армэніяй.

«Новая важная я важная вяха — падпісаньне кантракту на набыцьцё ўстановак CAESAR», — напісаў міністар абароны Францыі на сваёй старонцы на плятформе Х.

Армянскае дзяржаўнае агенцтва ARMENPRESS паведаміла, што міністар абароны Армэніі Сурэн Папік'ян і ягоны францускі калег абмеркавалі «важнасьць вайскова-тэхнічнай супрацы і дасягнулі новых дамоўленасьцяў».

Сустрэча адбылася ў рамках Eurosatory, найбольшай міжнароднай выстаўкі індустрыі наземнай і паветрана-сухапутнай абароны. Выстаўка праводзіцца кожныя два гады ў Парыжы (Францыя).

Армэнія зьяўляецца ўдзельніцай Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ), але зь сярэдзіны 2023 году пачала згортваць сваю прысутнасьць.

У лютым 2024 году прэм’ер-міністар Нікол Пашыньян прызнаў, што Армэнія, па сутнасьці, замарозіла свой удзел у арганізацыі, бо тая «ня выканала сваіх абавязаньняў у галіне бясьпекі» перад Армэніяй, асабліва ў 2021 і 2022 гадах. У сакавіку 2024 году Нікол Пашыньян заявіў, што расейскія памежнікі пакінуць міжнародны аэрапорт Ерэвана да 1 жніўня 2024 году.

12 чэрвеня прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян на сустрэчы з дэпутатамі парлямэнту заявіў, што краіна выйдзе з АДКБ. Пры гэтым канкрэтных тэрмінаў выхаду ён не назваў. «Мы самі вырашым, калі выйдзем», — дадаў ён.

Пазьней міністар замежных спраў Армэніі Арарат Мірзаян заявіў у парлямэнце, што словы Пашыньяна няправільна інтэрпрэтавалі.

«Прэм’ер-міністар Армэніі заявіў, што мы вырашым, калі выйдзем, але назад ня вернемся. Калі нехта сьцьвярджае, што прэм’ер-міністар Армэніі заявіў, што Армэнія выходзіць з АДКБ, то памыляецца», — сказаў Мірзаян.

На той жа сустрэчы Нікол Пашыньян заявіў, што ніякія афіцыйныя асобы Армэніі ня будуць наведваць Беларусь, пакуль Аляксандар Лукашэнка знаходзіцца ва ўладзе.

«Адзін з чальцоў АДКБ заяўляе, што ўдзельнічаў у падрыхтоўцы 44-дзённай вайны (у Карабаху), заахвочваў, верыў і жадаў перамогі Азэрбайджана. І пасьля гэтага я павінен абмяркоўваць з кіраўніком Беларусі нейкія пытаньні ў фармаце АДКБ?» — сказаў Пашыньян у парлямэнце.

У выніку бакі адклікалі сваіх дыпляматаў для кансультацый.

Экспэрты мяркуюць, што прычынай гэтага мог стаць продаж Азэрбайджану беларускай зброі, якую азэрбайджанскі бок выкарыстоўваў у вайне ў Карабаху ў 2020 годзе.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG