Як паведамляе агенцтва Reuters, прэмʼер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян заявіў, што ніякія афіцыйныя асобы Армэніі ня будуць наведваць Беларусь, пакуль Аляксандар Лукашэнка знаходзіцца ва ўладзе.
Як інфармуе ў чацьвер расейскае дзяржаўнае агенцтва РІА, Пашыньян зрабіў такую заяву ў сераду, калі сказаў, што Ерэван пакіне АДКБ, блёк бясьпекі, які ўзначальвае Расея, пасьля таго, як абвінаваціў яго ўдзельнікаў, у тым ліку Беларусь, у плянаваньні вайны супраць яго краіны з Азэрбайджанам.
«Адзін з кіраўнікоў краін АДКБ заяўляе, што ўдзельнічаў у падрыхтоўцы вайны, заахвочваў, верыў і жадаў перамогі Азэрбайджана. І пасьля гэтага я паеду з кіраўніком Беларусі ў фармаце АДКБ нешта абмяркоўваць?» — заявіў Пашыньян, якога цытуе армянскае агенцтва news.am. Пры гэтым ён дапусьціў кантакты ў межах СНД і ЭАЭС.
«Канстатую, што з гэтага часу больш ніколі не паеду ў Беларусь. Пакуль у Беларусі прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка. І ўвогуле заяўляю, што з гэтага моманту ніводзін афіцыйны прадстаўнік Армэніі не паедзе ў Беларусь. Наагул», — паабяцаў Пашыньян.
Пашыньян заявіў, што падумае пра зьмену сваёй пазыцыі адносна выхаду з АДКБ, калі Беларусь прынясе прабачэньні Армэніі або выйдзе з гэтай арганізацыі.
Амбасадара Армэніі ў Беларусі выклікалі ў Ерэван для кансультацыяў, паведаміла 13 чэрвеня афіцыйная прадстаўніца МЗС Армэніі Ані Бадальян. Цяпер гэтую пасаду займае Разьмік Хумар'ян. Пра тое, калі ён вернецца ў Менск, нічога не паведамляецца.
У МЗС Беларусі пазьней адзначылі, што пагаршаць адносіны зь Ерэванам ня маюць намеру, «як бы армянскае кіраўніцтва да гэтага ні падштурхоўвалі зьнешнія гульцы». Беларускі пасол у Ерэване пры гэтым у бліжэйшы час адправіцца ў Менск.
Як паведаміла 16 траўня азэрбайджанскае дзяржаўнае агенцтва AZƏRTAC, у сваёй прамове падчас візыту ў Азэрбайджан Аляксандар Лукашэнка назваў вайну за Нагорны Карабах «вызваленчай» для Азэрбайджану.
«Я яшчэ падумаў, згадаў нашу размову перад вайной, перад вашай вызваленчай вайной, калі мы па-філязофску разважалі за абедам удвух. Тады мы прыйшлі да высновы, што ў вайне перамагчы можна. Гэта важна. Вельмі важна ўтрымаць гэтую перамогу. Але, па-трэцяе, мы сышліся ў думцы, вы тады закранулі гэтае пытаньне, што пасьля вайны пачнецца самы цяжкі час, калі трэба будзе адраджаць тыя землі, якія вы вызвалілі, пачынаць адраджэньне», — працытавала Лукашэнку азэрбайджанскае агенцтва.
Пашыньян у сераду заявіў, што ягоная краіна выйдзе з Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ). Такую заяву ён зрабіў на сустрэчы з дэпутатамі парлямэнту, паведамляюць армянскія СМІ. Пры гэтым ён не назваў канкрэтных тэрмінаў выхаду, сказаўшы: «Мы самі вырашым, калі выйдзем».
Пазьней міністар замежных спраў Армэніі Арарат Мірзаян заявіў у парлямэнце, што словы Пашыньяна няправільна інтэрпрэтавалі. «Прэм’ер-міністар Армэніі заявіў, што мы вырашым, калі выйдзем, але назад ня вернемся. Калі нехта сьцьвярджае, што прэмʼер-міністар Армэніі заявіў, што Армэнія выходзіць з АДКБ, то памыляецца», — сказаў Мірзаян.
У лютым Пашыньян абвясьціў пра «замарожваньне» ўдзелу Армэніі ў АДКБ. На пачатку траўня ўлады Армэніі абвясьцілі, што ня будуць удзельнічаць у фінансаваньні АДКБ.
22 траўня, выступаючы ў парлямэнце, Пашыньян сказаў, што як мінімум дзьве краіны АДКБ «удзельнічалі ў падрыхтоўцы вайны» супраць Армэніі.
«Гэтыя краіны стварылі імітацыю таго, што дапамагаюць нам, але я хачу сказаць, што тая вайна была не пра Нагорны Карабах. Яна была пра тое, каб Армэнія нічога ня значыла», — цытаваў палітыка партал news.am.
Пашыньян не ўдакладніў, якія краіны мае на ўвазе, але мімаходзь згадаў у сваёй прамове Аляксандра Лукашэнку. Ён адзначыў, што «мэтаю 44-дзённай вайны было спыненьне існаваньня Армэніі».
«Гэта ня мела выніку і ня будзе», — дадаў ён.
- Увосень 2023 году Азэрбайджан правёў у Нагорным Карабаху «антытэрарыстычныя захады лякальнага характару», у выніку якіх рэгіён цалкам перайшоў пад кантроль Баку і яго вымушана пакінулі больш за 100 тысяч этнічных армян — практычна ўсё армянскае насельніцтва рэгіёну. Кіраўніцтва непрызнанай Нагорна-Карабаскай Рэспублікі абʼявіла аб спыненьні існаваньня самаабвешчанай дзяржавы з 1 студзеня 2024 году.
- Армэнія, якая падтрымлівае Нагорны Карабах, скрытыкавала АДКБ за брак падтрымкі ў вайне з Азэрбайджанам і фактычна згарнула ўдзел у дзейнасьці арганізацыі.
- 14 траўня Пашыньян заявіў, што ягоная краіна «фармальна ёсьць сябрам АДКБ», але яе ўдзел у дзейнасьці блёку замарожаны, а магчымасьць выхаду Армэніі з АДКБ — «тэма для далейшага абмеркаваньня».
- Афіцыйны Менск актыўна наладжвае адносіны з Азэрбайджанам. 17 траўня ў рамках візыту ў гэтую дзяржаву Лукашэнка наведаў Нагорны Карабах. 16 траўня падчас перамоваў у Баку ён прапанаваў Аліеву спрыяньне ў пасьляваенным аднаўленьні тэрыторыяў Нагорнага Карабаху.
- АДКБ — вайскова-палітычны блёк, мэтамі якога заяўленыя «ўмацаваньне міру, міжнароднай і рэгіянальнай бясьпекі і стабільнасьці, абарона на калектыўнай аснове незалежнасьці, тэрытарыяльнай цэласнасьці і сувэрэнітэту дзяржаў-чальцоў». У яго ўваходзяць Армэнія, Беларусь, Казахстан, Кіргізстан, Расея і Таджыкістан.