Такую заяву ён зрабіў на сустрэчы з дэпутатамі парлямэнту, паведамляюць армянскія СМІ. Пры гэтым ён не назваў канкрэтных тэрмінаў выхаду, сказаўшы: «Мы самі вырашым, калі выйдзем».
Пазьней міністар замежных спраў Армэніі Арарат Мірзаян заявіў у парлямэнце, што словы Пашыньяна няправільна інтэрпрэтавалі. «Прэм’ер-міністар Армэніі заявіў, што мы вырашым, калі выйдзем, але назад ня вернемся. Калі нехта сьцьвярджае, што прэмʼер-міністар Армэніі заявіў, што Армэнія выходзіць з АДКБ, то памыляецца», — сказаў Мірзаян.
У лютым Пашыньян абвясьціў пра «замарозку» ўдзелу Армэніі ў АДКБ. На пачатку траўня ўлады Армэніі абвясьцілі, што ня будуць удзельнічаць у фінансаваньні АДКБ.
22 траўня, выступаючы ў парлямэнце, Пашыньян сказаў, што як мінімум дзьве краіны АДКБ «удзельнічалі ў падрыхтоўцы вайны» супраць Армэніі.
«Гэтыя краіны стварылі імітацыю таго, што дапамагаюць нам, але я хачу сказаць, што тая вайна была не пра Нагорны Карабах. Яна была пра тое, каб Армэнія нічога ня значыла», — цытаваў палітыка партал news.am.
Пашыньян не ўдакладніў, якія краіны мае на ўвазе, але мімаходзь згадаў у сваёй прамове Аляксандра Лукашэнку. Ён адзначыў, што «мэтаю 44-дзённай вайны было спыненьне існаваньня Армэніі».
«Гэта ня мела выніку і ня будзе», — дадаў ён.
- Увосень 2023 году Азэрбайджан правёў у Нагорным Карабаху «антытэрарыстычныя захады лякальнага характару», у выніку якіх рэгіён цалкам перайшоў пад кантроль Баку і яго вымушана пакінулі больш за 100 тысяч этнічных армян — практычна ўсё армянскае насельніцтва рэгіёну. Кіраўніцтва непрызнанай Нагорна-Карабаскай Рэспублікі абʼявіла аб спыненьні існаваньня самаабвешчанай дзяржавы з 1 студзеня 2024 году.
- Армэнія, якая падтрымлівае Нагорны Карабах, раскрытыкавала АДКБ за брак падтрымкі ў вайне з Азэрбайджанам і фактычна згарнула ўдзел у дзейнасьці арганізацыі.
- 14 траўня Пашыньян заявіў, што ягоная краіна «фармальна ёсьць сябрам АДКБ», але яе ўдзел у дзейнасьці блёку замарожаны, а магчымасьць выхаду Армэніі з АДКБ — «тэма для далейшага абмеркаваньня».
- Афіцыйны Менск актыўна наладжвае адносіны з Азэрбайджанам. 17 траўня ў рамках візыту ў гэтую дзяржаву Лукашэнка наведаў Нагорны Карабах. 16 траўня падчас перамоваў у Баку ён прапанаваў Аліеву спрыяньне ў пасьляваенным аднаўленьні тэрыторыяў Нагорнага Карабаху.
- АДКБ — вайскова-палітычны блёк, мэтамі якога заяўленыя «ўмацаваньне міру, міжнароднай і рэгіянальнай бясьпекі і стабільнасьці, абарона на калектыўнай аснове незалежнасьці, тэрытарыяльнай цэласнасьці і сувэрэнітэту дзяржаў-чальцоў». У яго ўваходзяць Армэнія, Беларусь, Казахстан, Кіргізстан, Расея і Таджыкістан.