Вольга Класкоўская, былая палітзьняволеная:
«Увесь час за кратамі я марыла пра ванну. Я ляжала ў ваньне, як у дзьверы пачалі ламіцца супрацоўнікі ГУБАЗІКу. Яны патрабавалі, каб я ні ў якім разе не адсьвечвала ў незалежных мэдыя. Адразу папярэдзілі мяне, што за гэта будзе крымінальная адказнасьць».
Леанід Судаленка, былы палітвязень:
«У першыя дні я стаў на ўлік у міліцыі. Мяне папярэдзілі, што кожны тыдзень я павінен зьяўляцца ў міліцыі для „правядзеньня прафіляктычных гутарак“. Міліцыянты прыходзілі да мяне дахаты па некалькі разоў на дзень».
Вольга Гарбунова, былая палітзьняволеная, прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэту:
«Ты не трапляеш на свабоду, калі выходзіш зь СІЗА ці калёніі. Ты трапляеш у новую турму, у якую ператварылася ўся краіна. Мы цудоўна ведаем, што палітвязьні не становяцца свабоднымі».
Сьвятлана Алексіевіч, нобэлеўская ляўрэатка:
«Лукашэнка адзін ня можа гэтага зрабіць. Для гэтага патрэбныя тысячы маленькіх катаў. Але дух гэтага ўсяго, пачатак гэтага ўсяго — гэта Лукашэнка. Лукашэнка, Пуцін падымаюць усё цёмнае наверх зьнізу».
Падкаст «Архіпэляг БЕЛАГ». Дзе глядзець і слухаць
Гэта падкаст Ганны Соўсь пра тое, як Беларусь паступова ператвараюць у турму.
У сямі частках візуалізаванага падкаста «Архіпэляг БЕЛАГ» мы пройдзем праз усе кругі пекла карнай сыстэмы рэжыму Лукашэнкі — затрыманьне, «суткі», сьледзтва, хатнія арышты, «хімію», этапы, калёніі, турмы і жыцьцё пад наглядам па вызваленьні. У гэтым нам дапамогуць былыя палітзьняволеныя, былыя сілавікі, праваабаронцы, а таксама нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч.
Мы раскажам, як пабудаваны «Архіпэляг БЕЛАГ» знутры, на чым ён трымаецца, якія людзі там працуюць, на чый загад палітвязьняў катуюць і даводзяць да сьмерці. У падкасьце вы пачуеце парады былых палітвязьняў, былых сілавікоў і праваабаронцаў, як прайсьці «Архіпэляг БЕЛАГ» з найменшымі стратамі для псыхічнага і фізычнага здароўя.
Візуалізацыю падкасту разам з намі рабілі былыя палітзьняволеныя — Марыя Каленік, Лявон Халатран, Віктар Пархімчык, Анастасія Булыбенка, Натальля Карнеева і яшчэ некалькі чалавек, якія пажадалі захаваць ананімнасьць.
Новыя выпускі падкасту выходзяць кожны аўторак ад 2 красавіка на YouTube-канале Свабоды і асноўных падкаст-плятформах.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш YouTube-канал Радыё Свабода, каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.