Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Politico: Беларусь пастаўляла Азэрбайджану зброю ў пэрыяд напружанасьці з Армэніяй у Карабаху


Аляксандар Лукашэнка і Нікол Пашыньян на сустрэчы ў Ерэване (Армэнія) у верасьні 2019 году. Ілюстрацыйнае фота
Аляксандар Лукашэнка і Нікол Пашыньян на сустрэчы ў Ерэване (Армэнія) у верасьні 2019 году. Ілюстрацыйнае фота

Амэрыканскае выданьне Politico прааналізавала пакет дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць продаж беларускай зброі Азэрбайджану.

Беларусь пастаўляла сучасную вайсковую тэхніку ў Азэрбайджан з 2018-га па 2022 год, дзякуючы ёй азэрбайджанскі бок атрымаў перавагу ў вайне з Армэніяй.

«Цяпер Армэнія знаходзіцца на парозе гістарычнага павароту ў бок Захаду, усё больш зьвяртаючыся да Эўропы і NATO па абарону пасьля дзесяцігодзьдзяў, калі былая савецкая рэспубліка спадзявалася на Маскву», — паведаміла амэрыканскае выданьне Politico.

Да такой высновы журналісты выданьня прыйшлі пасьля вывучэньня пакету дакумэнтаў — лістоў, дыпляматычных нот і кантрактаў.

«Беларусь актыўна дапамагала Ўзброеным сілам Азэрбайджану ў пэрыяд з 2018-га па 2022 год, калі напружанасьць у дачыненьнях з Армэніяй дасягнула піку. Прапанаваныя паслугі ўключалі мадэрнізацыю старога артылерыйскага абсталяваньня і перадача новага ўзбраеньня для радыёэлектроннай барацьбы і сыстэм бесьпілётнікаў», — паведаміла выданьне.

У пераліку атрыманых рэдакцыяй дакумэнтаў — лісты спэцыяльнага экспартэра «Белтэхэкспарт» сваім прадпрыемствам аб заказах для Азэрбайджану прыцэлаў для артылерыйскай тэхнікі, а таксама ліставаньне паміж дзьвюма дзяржавамі аб набыцьці мабільных баявых станцый для барацьбы зь бесьпілётнікамі «Гроза-С».

Паводле выданьня, Армэнія расцаніла гэта як «горкую здраду» — Азэрбайджан актыўна выкарыстоўваў артылерыю і бесьпілётнікі ў баявых дзеяньнях з Армэніяй у 2020 годзе.

«І Беларусь, і Армэнія ўваходзяць у Арганізацыю дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ), постсавецкага ваеннага альянсу на чале з Масквой, створанага ў 2002 годзе. Тэарэтычна чальцы абавязаны абараняць адзін аднаго ў выпадку нападу», — паведаміла выданьне. (Азэрбайджан у 1993 годзе далучыўся да АДКБ, аднак у 1999 годзе адмовіўся ад яго пралангацыі. — РС).

Што папярэднічала

12 чэрвеня прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян на сустрэчы з дэпутатамі парлямэнту заявіў, што краіна выйдзе з АДКБ. Пры гэтым канкрэтных тэрмінаў выхаду ён не назваў. «Мы самі вырашым, калі выйдзем», — дадаў ён.

Пазьней міністар замежных спраў Армэніі Арарат Мірзаян заявіў у парлямэнце, што словы Пашыньяна няправільна інтэрпрэтавалі. «Прэм’ер-міністар Армэніі заявіў, што мы вырашым, калі выйдзем, але назад ня вернемся. Калі нехта сьцьвярджае, што прэм’ер-міністар Армэніі заявіў, што Армэнія выходзіць з АДКБ, то памыляецца», — сказаў Мірзаян.

На той жа сустрэчы Нікол Пашыньян заявіў, што ніякія афіцыйныя асобы Армэніі ня будуць наведваць Беларусь, пакуль Аляксандар Лукашэнка знаходзіцца ва ўладзе.

«Адзін з кіраўнікоў краін АДКБ заяўляе, што ўдзельнічаў у падрыхтоўцы вайны, заахвочваў, верыў і жадаў перамогі Азэрбайджану. І пасьля гэтага я паеду з кіраўніком Беларусі ў фармаце АДКБ нешта абмяркоўваць?» — працытавала Пашыньяна армянскае агенцтва news.am. Пры гэтым ён дапусьціў кантакты ў межах СНД і ЭАЭС.

«Канстатую, што з гэтага часу больш ніколі не паеду ў Беларусь. Пакуль у Беларусі прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка. І ўвогуле заяўляю, што з гэтага моманту ніводзін афіцыйны прадстаўнік Армэніі не паедзе ў Беларусь. Наагул», — паабяцаў прэм’ер Армэніі.

Гэтыя выказваньні Нікола Пашыньяна выклікалі дыпляматычны крызіс між Беларусьсю і Армэніяй — абодва бакі адклікалі сваіх дыпляматаў для кансультацый.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG