Пра гэта сёньня заявіў у Сэйме польскі віцэ-прэм’ер — міністар абароны Уладыслаў Касіняк-Камыш, паведамляе інфармацыйнае агенцтва «Позірк».
Кіраўнік вайсковага ведамства прадставіў у парлямэнце праект паправак да законаў, якія рэгулююць дзеяньні арміі, паліцыі і памежнай службы ў выпадку пагрозы дзяржаўнай бясьпецы.
Паводле слоў Касіняка-Камыша, нелегалы нападаюць на мяжу і спрабуюць атакаваць польскіх салдат і афіцэраў, яны «падрыхтаваныя і навучаныя гэтаму».
«Гэта найвышэйшы ўзровень гібрыднай вайны, накіраванай супраць Польшчы, найвышэйшы ўзровень гэтай вайны, накіраванай сёньня супраць бясьпекі польскай дзяржавы», — сказаў ён.
Міністар замежных спраў Польшчы Радослаў Сікорскі заявіў 22 чэрвеня, што Варшава разглядае магчымасьць закрыцьця ўсіх памежных пераходаў у сувязі зь дзеяньнямі Беларусі.
13 чэрвеня на польска-беларускай мяжы была ўтворана буфэрная зона. Паводле інфармацыі МУС Польшчы, дзякуючы ёй колькасьць спробаў парушэньня мяжы скарацілася прыкладна на траціну.
Пра напады нелегальных мігрантаў, якія спрабавалі трапіць у ЭЗ зь беларускай тэрыторыі, на польскіх вайскоўцаў і памежнікаў публічна паведамлялася ў канцы траўня і пачатку чэрвеня. На пасяджэньні Рады нацыянальнай бясьпекі 10 чэрвеня ў Беластоку прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда заявіў, што за апошні час на ўсходняй мяжы ўчынена 50 нападаў на салдат.
6 чэрвеня стала вядома пра сьмерць вайскоўца 1-й танкавай брыгады Матэвуша Сітэка, параненага 28 мая на мяжы зь Беларусьсю. Паводле інфармацыі памежнай аховы Польшчы, Сітэк стаў ахвярай нападу мігранта, які ў складзе вялікай групы спрабаваў незаконна перасекчы мяжу з боку Беларусі.
27 кастрычніка 2023 году, камэнтуючы плыні нелегальнай міграцыі зь Беларусі ў краіны ЭЗ, Аляксандар Лукашэнка заявіў: «Мы не адстойнік, мы нікога тут лавіць ня будзем. Тым больш вы іх паклікалі. Няхай ідуць».
Паводле ягоных слоў, раней Беларусь дапамагала ЭЗ абараняць ягоныя зьнешнія межы, бакі рэалізоўвалі сумесныя праекты па міграцыі. Менск перастаў садзейнічаць барацьбе зь нелегальнай міграцыяй, калі «Эўразьвяз увёў санкцыі і пачаў эканамічную вайну супраць Беларусі».
Міграцыйны крызіс на межах Беларусі і краін ЭЗ працягваецца зь вясны 2021 году.
Форум